Год таму гісторык, тэатральны крытык, журналіст Дзяніс Марціновіч сярод тэндэнцый тэатра ў 2023 годзе называў «абнуленне — адмову ад спадчыны 10-х гадоў; перапісванне гісторыі — выкрэсліванне непажаданых творцаў; уплыў Расіі — гастролі калектываў, запрашэнне драматургаў, акцёраў і г. д.; увагу да ваеннай тэматыкі і русіфікацыю». «Усё гэта было і ў 2024-м. І, на вялікі жаль, калі нічога не зменіцца, будзе ўласціва і 2025 году», — лічыць тэатральны крытык.
Але ж ёсць і пэўныя новыя тэндэнцыі, сказаў Дзяніс Марціновіч на выніковым круглым стале, які зладзіла Беларуская рада культуры з экспертамі ў розных сферах мастацтва.
Паводле Дзяніса Марціновіча можна назваць 5 асноўных тэндэнцый. Пазітыўных сярод іх, на жаль, няма. Але пазітыўныя моманты ёсць.
Дзяніс Марціновіч. Фота Настассі Панкратавай
1. 2024 годзе «актыўных рэпрэсій у тэатрах стала больш»
У якасці прыкладу Дзяніс Марціновіч прыводзіць нядаўняе звальненне адразу шасці чалавек з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі: «Гэта шэсць акцёраў, і з-за іх звальнення з рэпертуару тэатра знікла сем спектакляў. Гэта былі адны з найлепшых акцёраў і адны з найлепшых спектакляў. Уявіце, што ёсць каманда, якая гуляе адносна нядрэнна, і з яе забіраюць найлепшых гульцоў. Трэнера таксама мяняюць і кажуць: гуляйце далей. З аднаго боку, людзі, якія застаюцца ў такой камандзе, не стануць гуляць горш, але без сваіх партнёраў і з іншым трэнерам вынікі могуць быць іншыя», — зазначыў Дзяніс Марціновіч.
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Фота з Вікіпедыі
Толькі ў пяці з 28 беларускіх тэатраў не змянялася кіраўніцтва — дырэктар, мастацкі кіраўнік, галоўны рэжысёр — з 2020 года: «Натуральна, гэта не сведчыць, што ва ўсіх тэатрах змены ў кіраўніцтве былі звязаныя з палітыкай. Хтосьці пайшоў на пенсію, хтосьці на той свет, але шмат звальненняў было менавіта па палітычных прычынах. Такая частата кадравых змен не была ўласцівая беларускаму тэатру. Гэта нетыпова».
2. Велізарны кадравы дэфіцыт
Некалькі тэатраў — Беларускі тэатр лялек, Музычны тэатр, Гомельскі тэатр — працавалі доўгі час альбо і зараз працуюць без кіраўнікоў.
3. Масавы сыход акцёраў у сістэму адукацыі
Гэта «адбываецца як у Беларусі, так і за мяжой». «У Беларусі шмат людзей не могуць працаваць па спецыяльнасці з-за нейкіх палітычных прычын, за мяжой таксама існуе вялікі крызіс эміграцыйнага тэатра, адсутнасць вялікай колькасці спектакляў, немагчымасць зарабіць на жыццё працай акцёрам. Ёсць асцярожны пазітыў, што яны здолеюць выхаваць вучняў, якія потым прыйдуць у тэатр у якасці акцёраў, рэжысёраў, мастакоў і г. д.», — сказаў Дзяніс Марціновіч.
4. Рост папулярнасці ў Беларусі аматарскіх калектываў
Ёсць тэатры, дзе «большасць акцёраў не мае вышэйшай тэатральнай адукацыі, раней гэта было б нонсэнсам, але цяпер — чаму б і не». «І гэтыя напаўаматарскія калектывы закрываюць нейкі вакуум. І цікавяць гледачоў, некаторыя мае знаёмыя ў Мінску кажуць, што ходзяць на іх, бо папросту больш няма чаго глядзець», — распавёў крытык.
5. Залежнасць эміграцыйнага тэатра ад грантаў і грантадаўцаў і звязанае з гэтым павелічэнне колькасці спектакляў, пастаўленых па падзеях 2020 года
На думку Дзяніса Марціновіча, «гэтыя пастаноўкі маюць больш шанцаў на падтрымку грантадаўцаў». «І тут такая дваістая сітуацыя. З аднаго боку, 2020 год — гэта падзеі, якія нам дагэтуль баляць. Істотна казаць на гэту тэму і істотна ўвасабляць яе на падмостках. Але праблема ў тым, што адбываецца звужэнне тэматыкі.
Мы бачым вечны 2020 год у тэатры, — кажа Дзяніс Марціновіч. — Але давайце называць рэчы сваімі імёнамі: людзі жывуць не толькі 2020-м годам, у іх ёсць шмат тэм, якія цікавяць іх, таксама іх хвалююць і якія таксама ім баляць. І на вялікі жаль, гэтыя тэмы не могуць па шэрагу прычын быць адлюстраванымі ў тэатры».
Што праўда, тэзу пра «вечны 2020 год» як умову грантадаўцаў у беларускім незалежным тэатры аспрэчвае кіраўнік БРК Сяргей Будкін. Паводле Будкіна, ніхто з грантадаўцаў «так ужо і не зацікаўлены падтрымліваць праекты толькі пра 2020 год, хутчэй, тэма 2020-га не адпускае творцаў, але яна не звязаная з грантавымі пытаннямі».
Ці ёсць пазітыў?
«Скажу шчыра, пазітыўных тэндэнцый няма ніякіх. Ёсць асобныя пазітыўныя моманты. Напрыклад, у ліпені гэтага года ўлады ліквідавалі беларускую філію Міжнароднага саюза дзеячаў тэатраў лялек — UNIMA(Union Internationale de la Marionnette). Гэта афіляваная структура ЮНЭСКА, на афіцыйным сайце гэтай арганізацыі Беларусь знікла, як нібыта яе і няма на мапе. Тэатральны крытык Настасся Панкратава правяла перамовы з кіраўніком еўрапейскага прадстаўніцтва UNIMA, дзякуючы якім беларускую філію афіцыйна будуць лічыць спячай, што дазволіць у будучыні проста аднавіць сяброўства ў гэтай арганізацыі. Мне здаецца, гэта вельмі перспектыўны накірунак, яго варта развіваць і надалей. Бо адмаўленне ад беларусаў, ігнараванне нас — гэта нядобра», — сказаў Дзяніс Марціновіч.
Выйшлі «Нарысы пра найноўшы беларускі тэатр: 2010-2020», «не ўсё ў выданні, падаецца, ідэальна атрымалася, але гэта без перабольшвання — падзея».
«У 2023 годзе ў Варшаве ўзнікла тэатральная суполка, якую заснавалі акцёры Андрэй і Дар’я Новікі з калегамі. Сёлета BY teatr быў зарэгістраваны афіцыйна як фундацыя. Гэта вельмі важна, бо шмат беларускіх труп, ініцыятыў і г. д. існуюць не ў юрыдычным рэчышчы. А вось BY teatr зараз — гэта тэатральнае бюро, якое можа афіцыйна ствараць прадукт разам з польскім бокам, — кажа Дзяніс Марціновіч. — Другі раз прайшоў фестываль INEX FEST у Варшаве. Гэта магчымасць убачыць спектаклі, створаныя ў эміграцыі. Спадзяюся, што будзе і трэці.
Напрыканцы мінулага года я выказаў пажаданне беларускаму тэатру захавацца да лепшых часоў. Мне падаецца, гэта пажаданне актуальна і сёлета».
Рыгор Сапежынскі, budzma. org