Існуе цэлая кагорта праектаў, арганізацый і проста ініцыятыў, скіраваных на паляпшэнне культурніцкай і нацыянальнай сітуацыі ў краіне. Нагода радавацца, калі б не адно “але”: назваць нешта сапраўды паспяховым можна далёка не ўсё. Вядома, пасля такога выразу вельмі шмат свядомых беларусаў зараз бы ўжо спрачаліся са мной і нават у нечым мелі б рацыю. Толькі з адной агаворкай: ішла б размова пра поспехі ў гета, а не ў краіне. Як павялічыць маштаб? Якія праблемы я выглядзеў за 7 гадоў працы ў розных беларускіх аб’яднаннях і праектах? Што можна зрабіць, каб змяніць сітуацыю?
Калі глядзець на праблему ў маштабе, можна ўбачыць некалькі тыповых праблем аб’яднанняў і праектаў, якія я і прапаную разгледзець.
Дэградацыя любой каманды ў міні-дыктатуру без магчымасці прыйсці да кансэнсусу
Бадай, самая распаўсюджаная і папулярная праблема ў Беларусі. Сапраўды, у якіх бы я ні быў арганізацыях, усё ідзе па адным і тым жа сцэнары. Спачатку ствараецца каманда, усе захопленыя ідэяй, гатовыя перакульваць свет і паказаць усім клас. Але замест таго каб дакладна пабудаваць агульную стратэгію, план, мэты, падзяліць між сабой абавязкі, каманды часта пачынаюць брацца за ўсе ідэі, што прыйдуць у галаву. Але галоўная праблема палягае ў тым, што ў кожнага можа быць свой погляд на канчатковую мэту і план яе рэалізацыі. І вось тут пачынаюцца першыя канфлікты — фактычна мікравайна. Урэшце той сяброўскай і кампраміснай атмасферы больш няма, асноўным рашэннем праблем абіраюць самы тыповы і сумны. А гэта абраць нейкага аднаго лідара, які і будзе вызначаць кірунак. Спачатку ўсе пагаджаюцца, бо ў думках кожны бачыць сябе на гэтым перапоўненым уладай месцы, але месца толькі адно. Вядома, каб атрымаць пасаду, пэўныя лідары пачнуць збіраць дробныя кааліцыі, абяцаючы розныя прывілеі… Карацей, звычайная барацьба за ўладу, якая перабівае ўсе астатнія заняткі, а вынік у асноўным адзін: мала хто захоча потым з вышыні галоўнага цярпець спрэчкі і адчуваць магчымасць страты свайго нумара адзін. Адбываецца зачыстка, ідэі і мары выкідаюцца ў сметніцу, а асноўнай роляй праекта робіцца зусім іншае — падтрымка пасады, важдзя і яго двара. Праекту канец.
Да чаго прыводзіць?
Праект перастае несці сваю першасную задачу — быць паспяховым, бо на першае месца выносіцца пытанне аб уладзе і яе падтрыманні, а тут ісці на кампраміс дзеля поспеху, вядома, не хочацца.
Як не дапусціць?
Адразу вызначыце галоўную мэту, задачы і план вашага праекта. Дамоўцеся наконт кансэнсусу, плюралізму і ні ў якім разе не пераводзьце асабістае на працу. Падзяліце абавязкі, слухайце адно аднаго і рабіце ўсё дзеля кааперацыі. Амбіцыі атрымаць уладу ў такіх рэчах выглядаюць недарэчна, а паспяховы праект прынясе карысць і пашану не толькі ўсёй камандзе, але і іншым людзям. Усе ў выйгрышы!
Налепім вышыванку, мову — і ўсё: нас на руках будуць насіць
Гэта хутчэй хворы трэнд, у які чамусьці ўсе вераць, але ён не толькі не працуе па-за межамі гета, дык яшчэ і стаў небяспечнай зброяй для рускай прапаганды, што лёгка маніпулюе прадстаўнікамі нацыянальнага беларускага руху.
Гэты трэнд спрацаваў аднойчы, але любая тэндэнцыя мае ўсяго два кірункі — альбо яна развіваецца далей, альбо пачынае дэградаваць і скочвацца ў сюр. Залаты час ужо даўно мінуў, але прага да халявы ўсё роўна чамусьці падштурхоўвае лянівых спрабаваць на ім нешта зрабіць. Можа, яно і мае пэўны попыт, але, зноў жа, унутры гета. А для астатніх людзей Беларусі працуюць іншыя, сучасныя, тэндэнцыі, якія хоць і патрабуюць большай адпрацоўкі, прынясуць і большы вынік. У адваротным выпадку вы хутчэй за ўсё будзеце вельмі нішавым і не надта цікавым масам прадуктам з малымі шанцамі на пашырэнне. Ну ці яшчэ горш — вы праваліцеся.
Насамрэч пра гэты пункт я пісаў раней, таму, калі цікава, можаце пачытаць падрабязней.
Да чаго прыводзіць?
Вырвівока-крамы з даволі часта безгустоўным таварам, зробленым за пару хвілін у фоташопе. Калі справа тычыцца нечага грамадскага — ахоп максімум пару соцень (тысяч) чалавек, лёгкі налёт фанатызму і бесперспектыўная будучыня.
Як не дапусціць?
Ды спалучыце тую ж мову ці вышыванку з нечым трэндавым і зрабіце гэта ўнікальна і якасна! Папрацуйце крышку больш, якасна, і людзі пацягнуцца!
Крэатыў і эстэтыка студэнцкіх праекцікаў з прывітаннем ад ХХ ст.
Гэта галоўная праблема ў пытаннях ахопу сучаснай часткі краіны, якая насамрэч ужо даволі вялікая.
Чамусьці калі справа тычыцца нашай нацыянальнай тэмы, у асноўным пачынаюць займацца нейкай даволі трэшовай падачай. Чамусьці адразу эстэтыка мінулага стагоддзя з добрым такім пахам саўдэпу. Трэшовыя стэрыльныя малюначкі, ідэйкі, афармленні, падача з савецкімі матывамі, якія ну ніяк не спалучаюцца з сучасным светам і ХХІ стагоддзем! Ну хто будзе чытаць падлеткавую беларускую літаратуру з хіпі-вяскоўцамі, калі з кіно і паліцаў яскрава і пафасна пазіраюць творы Marvel, DC? Ці будзе хто кайфаваць ад агучкі баевіка, дзе ў дубляжы ні рэзкага слова, ні патрэбнай інтанацыі? Халера, пірацкія касеты 90-х было цікавей глядзець! Няўжо вы думаеце, што можна зрабіць папулярным тое, што большасць будзе ўспрымаць самотным, нецікавым, састарэлым і аморфным?
Да чаго прыводзіць?
Ваша амаль адзіная аўдыторыя — людзі, якія засталіся ў мінулым стагоддзі і якія пусцяць слёзку настальжы.
Як не дапусціць?
Больш крэатыву! Пагартайце замежныя праекты, уключыце ютуб хаця б! Ці яшчэ лепш — пачытайце пра Apple!
Насамрэч накапаць праблем можна яшчэ стос, але вышэйнапісанае — сапраўдны топ чэмпіёнаў сярод тыповых памылак, якія я назіраю ўжо не адзін год. Увогуле, заклікаю эксперыментаваць, не ленавацца, намацваць трэнды і быць сапраўды крутымі! І паверце, людзі за вамі пацягнуцца, а вы будзеце перапоўненыя гонарам, пашанай і поспехам! А самае галоўнае — можа, і нацыянальная справа пойдзе лепш, у Беларусь.
Багдан Сакалоў