Фармат падкастаў робіцца ўсё больш папулярным і ў Беларусі, а таму іх колькасць паступова расце. «Будзьма!» падрыхтавала для вас падборку цікавых падкастаў на розныя тэмы.
Падказкі
Вельмі цікавы праект Onliner і кампаніі А1, які можа спадабацца дзеткам і іх бацькам. У межах праекта быў рэалізаваны падкаст пра казкі «Падказкі». Беларускія народныя казкі чытаюць Зінаіда Бандарэнка, Фама Варанецкі, Людміла Цімафеева, Аляксандра Дамарацкая і Марыя Захарэвіч.
Oh, hi, Mars!
Яшчэ адзін праект Onliner. Падкаст «Oh, hi, Mars!» расказвае пра космас, навуку ды розныя цікавосткі. Сярод апошніх запісаў ёсць такія цікавыя тэмы, як «Як на лекцыях пра мозг зарабляць $2000 на месяц», «Калі жыў агульны продак беларуса і бульбы», «Гібель „плосказямельца“, нулявыя касманаўты і каранавірус».
Радыё Свабода
Радыё Свабода адметная шматлікімі праектамі, якія выходзяць далёка за навінавы фармат. Сярод іх і ўласныя падкасты, якія можна знайсці на адной старонцы: інтэрв’ю, «Мова пра мову» Вінцука Вячоркі, «Чытальная заля» з аўдыёкнігамі, «Стары Менск» Сяргея Абламейкі і Сяргея Шупы ды іншыя.
34travel
Ва ўмовах пандэміі замежныя падарожжы адмяніліся, а таму многія ўсё актыўней пачалі цікавіцца маршрутамі, гарадамі, славутасцямі Беларусі. Калі вы хочаце выправіцца ў вандроўку па ваколіцах або далёкіх кутках краіны, гэты падкаст будзе вельмі карысным. У сваім падкасце праект 34travel мае добрую падборку аўдыёгідаў, сярод якіх — Нясвіж, мінскія Камароўка і Няміга, Магілёў ды іншыя.
34mag
У падкасце «Іншыя гісторыі», які 34mag называе аўдыёдакументальным праектам, можна паслухаць незвычайныя гісторыі на разнастайныя тэмы, напрыклад «У мяне рак» (пра анкалогію маладой дзяўчыны, якая ў 20 гадоў страціла сям’ю, працу і здароўе) або «ДНК валанцёрства» (гісторыя ірландскіх валанцёраў, якія 20 гадоў дапамагаюць Чэрвенскаму дзіцячаму дому).
Ты ўжо?
А цяпер нечаканы на фоне папярэдніх падкаст. Летась сайт «kyky» запусціў падкаст «Ты ўжо?», у якім аўтары разглядаюць тэму сэксуальных стасункаў. Так, сярод апошніх выпускаў вы можаце паслухаць наступныя: «Я рады, што ў мяне ВІЧ», «У мяне бачны кішэчнік, але сэкс выдатны! Вучыцеся», «Я пайшоў на пах грошай і стаў сутэнёрам».
FemFM
Назва кажа сама за сябе. FemFM — падкаст, які спецыялізуецца на тэме фемінізму, у прыватнасці распавядае пра такія тэмы, як «Феміністкі забілі рамантыку?», «Сэкс і здароўе: што трэба ведаць, каб паклапаціцца пра сябе», «Бытавы сэксізм».
Мы не дагаварылі!
Падкаст з даволі шырокім і цікавым ахопам тэмаў распавядае пра ментальнае здароўе і тое, як яно ўплывае на жыццё. Часам, каб замацаваць матэрыял, аўтары даюць своеасаблівае хатняе заданне.
Прэс-клуб
Для тых, хто цікавіцца сферай медыя (у шырокім значэнні гэтага слова), будзе карысна падпісацца на падкаст беларускага Прэс-клуба, дзе вы даведаецеся пра музычную журналістыку, кантэнт і як яго прасоўваць, персанальны брэнд ды шмат што іншае.
Radio Plato
Бонусам дададзім у падборку Радыё Plato, якое пазіцыянуе сябе хутчэй як інтэрнэт-радыё і каманда якога ўжо паспела стаць даволі пазнавальнай. За выключэннем таго, што дадзены фармат мала чым адрозніваецца ад падкастаў, у Plato кантэнт больш разнастайны і рэгулярны.
Кірыл Стаселька, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!