Білінгва, альбо Абуральныя тэндэнцыі. Казка ад Яны Вольскай

Што бывае, калі чалавек не абцяжарвае сябе вывучэннем мясцовае мовы? Пра гэта піша Яна Вольская ў новай «Казцы жыцця», гераіня якой плануе пераехаць у «суседнюю, ціхую і чыстую краіну, дзе ўсе людзі шчасьлівыя і ў жалезным кулаку парадак трымае моцны гаспадар». Што атрымалася з тых планаў, даведаецеся, прачытаўшы казку.

Jana-Volskaia-by-Darja-Kaliada.png
Яна Вольская. Фота Дар'і Каляды

У жыцьці Ірыны насьпявалі перамены.

Дваццаць гадоў яна жыла ў гэтым горадзе і ня думала, што сытуацыя наогул можа так павярнуцца. Яны разам з мужам прыехалі сюды яшчэ студэнтамі. У Ірыны тут жыла стрыечная цётка па матчынай лініі. Першым часам яны нават туліліся ў прахадным пакоі ейнае кватэры, а потым перабраліся ў студэнцкі інтэрнат. Адвучыліся. Ірына нарадзіла сына Андрыса. Улетку сям’я езьдзіла на мора, якое было заледзьве ў трыццаці кілямэтрах ад іхняга горада. Гады міналі і, здавалася, так яно б і йшло далей. Андрыс праз некалькі гадоў мусіў паступаць ва ўнівэрсытэт.

І вось у праграмах па ТБ усё часьцей пачалі гучаць папярэджаньні пра трывожныя працэсы ў краіне. Каналы гэтыя, праўда, вялі трансьляцыі з суседняе дзяржавы.

— Але, — разважала Ірына. — Збоку ім і лепш відаць.

Яна давярала тэлебачаньню. Калі з афіцыйных каналаў трансьлююць важную інфармацыю, гэта значыць, што яна правераная, аб’ектыўная і дакладная. Ня будуць жа па ТБ хлусіць. Яшчэ больш яна давярала суседняе краіне, чые каналы вялі трансьляцыі. Ірына ведала, што гэтая краіна магутная. Ня можа ж быць слабой краіна, якая займае палову кантынэнту. Гэтая краіна душэўная. А краіна, у якой жыве Ірына? Хіба яе можна назваць душэўнай?

Калі знаёмцы, пачуўшы такія развагі, пыталіся, чаму б ёй не паехаць у тую прыўкрасную краіну, яна ўздыхала. Не магла ж яна кінуць працу, а больш за тое, вучобу сына. Андрыс нарадзіўся тут. Тут ягоныя сябры, школа. Ірына зноў уздыхала.

Учора па тэлебачаньні дыктар заявіў, што ўсіх, хто не здасьць моўны экзамэн, адправяць у суседнюю краіну. Цяпер гэта былі ня проста трывожныя працэсы, гэта былі абуральныя тэндэнцыі. Толькі падумаць! Адправіць з краіны за тое, што людзі не здалі моўны экзамэн! Ірына дык не абцяжарвала сябе вывучэньнем мяйсцовае мовы. Па-першае, Ірына лічыла, што гэтая мова складаная. Па-другое, ёй наогул не падабалася вучыць мовы. Граматыка, правілы, суфіксы, канчаткі навявалі на яе нуду. Але з’язджаць Ірына рашуча была нязгодная! Нават у душэўную і магутную краіну. Сама неабходнасьць гучала ганебна. Нібыта іх можна проста так узяць і выкінуць з наседжанага мейсца.

Але перамены насьпявалі. Хочаш — ня хочаш, сям’я Ірыны вырашыла не чакаць высылкі, а самастойна пераехаць у іншую краіну. Па сваім уласным жаданьні. Толькі ня ў тую, душэўную і магутную. А ў суседюю зь ёй, ціхую і чыстую краіну, дзе ўсе людзі шчасьлівыя і ў жалезным кулаку парадак трымае моцны гаспадар.

Ірына захаплялася парадкам гэтае невялікае краіны і верыла, што ўсёй ейнай сям’і будзе там вельмі добра. Яна пачала вучыць нацыянальную мову суседняе краіны, а яшчэ дадалася ў тэлеграм-чат па пераезьдзе, і яе сэрца радавалася, калі яна чытала шматлікія камэнтары ад шчасьлівых людзей, якія ўжо пасьпелі пераехаць. Высьветлілася, што мэдыцына ў той краіне самая лепшая, людзі чульлівыя, усё разьвіваецца, а бясьпека і парадак на найвышэйшым узроўні.

Ірына моцна прасякнулася гэтымі размовамі, і каб здабыць яшчэ большую прыхільнасьць, напісала сваё першае паведамленьне ў чаце:

— Вітаю, спадараства! Мы з сям’ёй таксама рыхтуемся да пераезду.

І паставіла смайлік.

У наступны момант Ірына атрымала адказ:

— Только вас, фашистов, тут не хватало. Сидите у себя, в своей фашистской стране!

bilingva.jpgМалюнак Лявона Вольскага

Ірына асалапела. Яна пачала раз’юшана страчыць адказ, але нават не пасьпела яго дапісаць, як яе заблякавалі і выкінулі з чата.

Яна Вольская, Budzma.org