Паразмаўлялі з рэжысёрам і заснавальнікам BY Teatr Андрэем Новікам пра стан сучаснага беларускага тэатра і адрозненні беларускага тэатра ад еўрапейскага.
Андрэй — былы актор Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ў Мінску. Звольніўся з тэатра ў знак салідарнасці з Купалаўцамі і пераехаў у Польшу, дзе заснаваў BY Teatr. BY Teatr — гэта тэатральнае бюро ў Варшаве, што аб’ядноўвае драматургаў, рэжысёраў, актораў, мастакоў і іншых людзей тэатра, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

Андрэй Новік
— Андрэй, ці памятаеце вы той момант, калі зразумелі, што трэба ствараць BY Teatr? Як гэта пачалося?
— Добра памятаю. Мы раней працавалі з адной творчай групай. Аднойчы ў нас здарыўся непрыемны момант, і на нашыя заўвагі і незадаволенасць — атрымалі адказ: «Ведаеце што? Тады вось вазьміце і адкрыйце сабе юрыдычную асобу і паглядзім». Ну, окей. І адкрылі. Проста стала зразумела, што хадзіць, з кімсьці дамаўляцца, прасіць — ужо немагчыма. Трэба было браць адказнасць за стварэнне якаснага творчага прадукту на сябе. Так і паўстаў BY Teatr.
— У якім творчым кірунку працуе BY Teatr? Як можаце яго акрэсліць?
— Сам кірунак складана акрэсліць менавіта як «вось мы выбралі нейкі кірунак і цяпер трымаемся яго». Не. Ёсць нейкія асноўныя прынцыпы, наша бачанне і жаданне дзейнічаць...
Важна тое, што нашы спектаклі рэалізаваны беларускімі творцамі ў эміграцыі. І створаны пра беларусаў. Першасным для BY Teatr ёсць — паказваць свету сучасную беларускую драматургію, якая проста выбітная. Мы захоўваем ідэнтычнасць нашай роднай мовы, нашыя творчыя досведы, але таксама і размаўляем на мове, на якой нас разумеюць у краіне, у якой мы зараз знаходзімся.
— Ці ёсць праект у BY Teatr, які стаў візітоўкай, паваротным момантам за час існавання тэатра?
— Я, можа, трошкі па-філасофску адкажу — на мой погляд, кожны праект з’яўляецца паваротным. Кожны змяніў нейкі кірунак, зрабіў нешта, чаго не рабіў папярэдні. Кожны праект — гэта розны стыль, розная тэматыка, розныя падыходы і розныя выяўленчыя сродкі. Таму абсалютна кожны мае свой п’едэстал. Вось «Галера» — гэта першы праект, які быў зроблены на польскай мове з беларускімі артыстамі ў 2023 годзе.

Спектакль «Галера»
«Бежанцы. 1915» — гэта ўвогуле новая старонка, развіццё ў кірунку да польскага гледача. Хаця, зноў жа, мы там выкарыстоўваем беларускую мову, падляшскі дыялект. І размаўляем у спектаклі пра лёсы беларусаў, праводзім паралелі з сённяшняй сітуацыяй.

Спектакль «Бежанцы. 1915»
У нас быў цудоўны праект — «З@mova» беларускага рэжысёра Максіма Шышко. Ён ішоў па-беларуску, выдатны музычны праект.

Праект «З@mova» беларускага рэжысёра Максіма Шышко
Кожны спектакль — гэта абсалютна новая старонка для BY Teatr, і я ўпэўнены, што так будзе і далей: будуць з’яўляцца новыя творчыя працы, якія будуць нас развіваць і весці наперад.
— Як вы ацэньваеце стан сучаснага беларускага тэатра?
— На маю думку, сапраўдны беларускі тэатр існуе толькі тут, у эміграцыі. Не ў сэнсе менавіта ў Варшаве, а ў сэнсе, на жаль, па-за межамі сваёй Бацькаўшчыны. Тут адбываецца свайго роду фільтрацыя, у тэатры застаюцца толькі тыя людзі, якім насамрэч баліць, хто гатовы працаваць не за грошы, не за кватэры, не за запіс у працоўнай кніжцы. У тэатры ў эміграцыі застаюцца тыя, хто адчувае сваю адказнасць за будучыню творчасці, тыя, хто хоча і можа гаварыць менавіта тое, што думае.
Тут да мяне ніхто не прыходзіць і не кажа, як і што мне ставіць. Я як творца адчуваю, што магу ў поўні рэалізавацца згодна са сваім унутраным бачаннем. Вось што называецца сапраўдным мастацтвам. І для мяне яно, на жаль, цяпер — па-за межамі краіны. Так, сапраўдны беларускі тэатр — ён ёсць. Ён галодны. І ён тут, за мяжой.

Спектакль «Мора Крысціны»
— Якія мэты ставіце перад сабой як беларускі тэатр у эміграцыі?
— Лічу, што для таго, каб быць беларускім тэатрам у эміграцыі, не абавязкова размаўляць толькі па-беларуску. Важна, што ты нясеш і пра што ты гаворыш, якую мэту намагаешся дасягнуць як рэжысёр.
Мая мэта — распавесці пра беларусаў. Расказаць пра нас, пра нашу сучаснасць, пра наша жыццё. Я не бачу сэнсу размаўляць толькі са сваімі суайчыннікамі — з тымі, хто і так усё гэта добра ведае і разумее. Трэба казаць шырокай публіцы, шырокаму свету, людзям, якія могуць быць трошкі здзіўленыя тым, якую інфармацыю пра беларусаў яны атрымаюць пасля спектакля. Мяркую, гэта і ёсць галоўная мэта беларускага тэатра ў эміграцыі.
— Якія тэмы або матывы, на вашу думку, цяпер найбольш востра патрабуюць сцэнічнага ўвасаблення? Пра што ставіць?
— На мой погляд, кожны асобны творца сам для сябе вызначае, што для яго на дадзены момант актуальна, кожны бачыць свае тэмы. Для мяне асабіста — гэта агульначалавечая праблематыка, агульначалавечыя пытанні.
Я не лічу правільным размаўляць толькі пра міграцыю або толькі пра пратэсты. Жыццё — яно пра чалавечыя стасункі, пра чалавечыя адносіны. Каханне, годнасць, самапавага — гэта вечна. Пра гэта хачу ставіць. Аднак, канешне, я не магу як творца, як беларус абысціся без злабадзённай тэматыкі.
— Вы супрацоўнічалі з еўрапейскімі тэатрамі. Чым, на вашу думку, беларускі тэатр сёння адрозніваецца ад еўрапейскага? Ці ёсць увогуле нейкія істотныя адрозненні?
— З майго пункту гледжання адрозненні каласальныя. Першапачаткова — канкурэнтназдольнасць. Калі ты проста працуеш, таму што табе трэба выканаць план — я не бачу ў гэтым мастацтва. Я бачу мастацтва там, дзе: «Я хачу. Мне трэба. Я не магу маўчаць». І пры гэтым я ведаю, я разумею, што вакол мяне яшчэ пяцьсот тэатраў, якія таксама падаюць на гранты, на дафінансаванне — і чыя тэматыка, чыя задумка будзе цікавей, той і зможа яе рэалізаваць.
Па-другое, тут, у еўрапейскіх тэатрах, няма такога паняцця, як «сталая трупа». Яна ёсць, але выглядае іначай. Напрыклад, у Вялікім тэатры ёсць пятнаццаць чалавек, але ў праекце задзейнічана тры-чатыры з гэтай трупы. Астатніх рэжысёр падбірае сам — тых, хто патрэбны пад канкрэтны праект, пад тыпаж, пад бачанне, пад задачу. А не «тых, хто ёсць у наяўнасці».
У Еўропе я як рэжысёр зацікаўлены ездзіць па ўсіх прэм’ерах, па ўсёй Польшчы, каб ведаць: «О, гэты крута грае. У гэтага добры клас. У гэтага выразная пластыка. У гэтага існуе асэнсаванне». І я ведаю, каго магу запрасіць у праект.
Спектакль «Мора Крысціны»
І для акцёраў таксама ёсць магчымасць працаваць у розных тэатрах, удзельнічаць у разнастайных, не падобных адзін да аднаго праектах. І ніякіх «мяртвяцкіх» пачуццяў геніяльнасці не з’яўляецца, тыпу: «Я тут 30 гадоў адпрацоўваў, і лепшага за мяне няма».
Тут такога няма! Усё жыве, людзі ездзяць, працуюць, ціснуць адно аднаму рукі. І ведаюць: каб існаваць у гэтым свеце, — трэба працаваць. Не проста дыплом атрымаць і «працаўладкавацца», бо адтуль ужо «не выганяць», а рухацца, развівацца, ствараць.
Тут, у Еўропе, тэатр — гэта жывы арганізм. І я гэта адчуваю вельмі добра.
— Ці ёсць замежныя рэжысёры або трупы, чый падыход вас натхняе? Чые працы Вам падабаюцца?
— Ёсць шмат калектываў, з якімі мы кантактуем і супрацоўнічаем. Але, шчыра, я не магу сказаць, што ў мяне ёсць нейкая адна «ўзорная» трупа, на якую я гляджу і думаю: «Вось, хачу так». Кожны займае сваё месца, кожны працуе па-свойму. І я ў кожным бачу нешта сваё, патрэбнае, карыснае.
Мне больш падабаецца сама магчымасць абмену — вось гэтае адчуванне, што ты можаш вучыцца, можаш браць, можаш даваць.
— Як вы бачыце будучыню BY Teatr? Распавядзіце пра планы.
— Я думаю, што ў будучым мы будзем такім вельмі добрым мостам паміж польскім, еўрапейскім і беларускім тэатральным сусветам. Працягнем распавядаць, што ў нас ёсць крутыя творчыя людзі: драматургі, кампазітары, пісьменнікі, мастакі, акцёры і рэжысёры. І папулярызаваць нас як моцную тэатральную нацыю.

Спектакль «How are you»
А пра планы — зараз мы працуем над некалькімі праектамі. Увогуле, мне здаецца, 2026-ты год будзе нейкім «вар’яцкім» па колькасці спектакляў. Адна рэжысёрка зараз займаецца стварэннем музычнай казкі для дзяцей і дарослых, і ўжо вядома, што ў спектаклі прагучыць тры мовы.
Таксама плануем выпусціць праект «LIMBO» — па сучасным творы беларускай аўтаркі. У ім будзе ўзнята вельмі важная тэма — канфлікт паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся. Мяркую, гэта будзе цікава не толькі беларускаму гледачу, але і польскаму. Мы наўмысна прыбярэм усе абмежаванні: у імёнах, у часе, у месцы. І гэта сапраўды створыць эфект Лімба.
Падтрымаць стварэнне творчага праекта «LIMBO» можна па спасылцы.
Наста Пабягунская, Budzma.org
Фотаздымкі з асабістастага архіва Андрэя Новіка