Фестываль «Блізкі Усход», які пройдзе ў Любліне з 8 па 14 снежня, гэта сем дзён выступаў, інтэнсіўных размоў і абмену вопытам для артыстаў, якія штодня працуюць у экстрэмальных абставінах.
Сёлетні фестываль будзе амаль цалкам прысвечаны «Вольным Купалаўцам». Ён адзначыць як пяцігадовы юбілей Купалаўцаў як падпольнага тэатра, так і 105-годдзе Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы.«Купалаўцы», якія калісьці былі часткай Беларускага дзяржаўнага тэатра, цяпер сталі найважнейшым незалежным тэатральным калектывам у дыяспары. Іх гісторыя — сведчанне мужнасці і імкнення да мастацкай свабоды. Фестываль стане святкаваннем гэтай трансфармацыі і данінай павагі артыстам, якія абралі незалежнасць, нягледзячы на цяжкасці. Рэпертуар Купалаўцаў эвалюцыянаваў разам з іх становішчам — ад беларускай класікі да сучасных, сацыяльна ангажаваных пастановак. Фестываль прасочыць за гэтай эвалюцыяй і пакажа, як тэатр рэагуе на зменлівыя палітычныя і сацыяльныя рэаліі. Такім чынам, ён стане прызмай, якая адлюстроўвае гісторыю беларскага тэатра ў выгнанні, паказваючы барацьбу за ідэнтычнасць і творчую свабоду.
«З 8 да 14 снежня на працягу тыдня вы зможаце ўбачыць амаль усе нашы спектаклі і канцэрты — у тым ліку дзве прэм’еры. Калі б мы маглі марыць пра ідэальны падарунак да 105-гадовага юбілею, ён выглядаў бы менавіта так.
Спектаклі, што нараджаліся ў выгнанні, тэатральныя лабараторыі, прэзентацыі кніг і музычных альбомаў, выставы, сустрэчы, канферэнцыі...», — напісана ў сацсетках Купалаўцаў.
Поўны спіс падзей можна паглядзець па спасылцы.
Уваход на ўсе выступы і канцэрты бясплатны. Уваходныя квіткі можна атрымаць бескаштоўна ў касе Цэнтра Культуры ў Любліне.
Канцэпцыя фестывалю «Блізкі Усход» была сумесна распрацавана мастакамі, куратарамі і актывістамі, якія працуюць у Незалежнай Беларускай Тэатральнай Супольнасці. Незалежныя Беларускія мастакі, вымушаныя знаходзіцца ў выгнанні — як знешне, так і ўнутрана, — жывуць у пастаянным руху, пастаянна пераасэнсоўваючы сваю ідэнтычнасць і прасторы самавыяўлення. Штодзённыя выступы, сумесныя майстар-класы, лабараторыі і панэльныя дыскусіі маюць на мэце дапамагчы ўдзельнікам паглыбіць свае веды, развіць свае таленты і пачаць новыя сумесныя праекты.