Сярод тых, хто падпісаў ліст да кіраўніцтва кампаній, што займаюцца штучным інтэлектам, — прэзідэнтка Амерыканскага ПЭН-клуба Джэніфер Іган, канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд, французскі аўтар Марк Леві.
Фота: shutterstock.com
З’яўленне такіх тэкставых праграм штучнага інтэлекту, як GPT-4 і Bard, якія без дазволу скануюць інтэрнэт у пошуках кантэнту аўтараў, а затым выкарыстоўваюць яго для стварэння новага кантэнту ў адказ на запыты карыстальнікаў, выклікае ў пісьменнікаў рэўнасць, паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на NPR.
У панядзелак 17 ліпеня амерыканская некамерцыйная арганізацыя па абароне правоў пісьменнікаў The Author’s Guild стварыла ліст і разаслала яго кампаніям, якія займаюцца штучным інтэлектам, сярод якіх OpenAI, Alphabet і Meta.
«У лісце гаворыцца, што несумленна выкарыстоўваць нашы матэрыялы ў вашым ШІ без дазволу або аплаты. Таму, калі ласка, пачніце кампенсаваць нам выкарыстанне [нашых твораў] і размаўляць з намі», — кажа Мэры Рэйзенбергер, генеральная дырэктарка The Author’s Guild.
Па словах Мэры Рэйзенбергер, гільдыя спрабуе дамагчыся ад кампаній урэгулявання без выстаўлення пазоваў, бо судовыя працэсы патрабуюць шмат грошай, а таксама займаюць велізарную колькасць часу.
Але некаторыя літаратурныя дзеячы гатовыя змагацца з тэхналагічнымі кампаніямі ў судзе. Аўтары, у тым ліку Сара Сільверман, Пол Трэмблі і Мона Авад, нядаўна падпісаліся ў якасці пазоўнікаў у калектыўных пазовах, у якіх сцвярджаецца, што Meta і/або OpenAI навучалі свае праграмы штучнага інтэлекту на пірацкіх копіях іх работ.
Джына Макобі, літаратурны агент з Нью-Ёрка, кажа, што літагенты, у тым ліку яна сама, пачынаюць абмяркоўваць з выдаўцамі фармулёўку ў кантрактах з пісьменнікамі, якая забараняе несанкцыянаванае выкарыстанне тэкстаў штучным інтэлектам. Гэта спосаб абараніць свае даходы і сродкі сваіх кліентаў.
Гэта мае асаблівую актуальнасць, калі ўлічыць, што, паводле справаздачы The Authors Guild, даходы пісьменнікаў у Амерыцы з 2009 па 2019 год знізіліся на 42%.
Аднак, як адзначае Макобі, нават калі аўтарскія кантракты наўпрост забараняюць кампаніям, якія выкарыстоўваюць ШІ, збіраць даныя і такім чынам атрымліваць прыбытак з літаратурных твораў, выкананне гэтых патрабаванняў амаль немагчыма праверыць.
Выдаўцы таксама зацікаўленыя ў тым, каб абараніць будучыню сваіх аўтараў, але яны хацелі б абапірацца на нейкае заканадаўства наконт таго, як можна і як нельга выкарыстоўваць генератыўны ШІ.
Цяпер патрэбу ў такіх законах шмат абмяркоўваюць, але нейкіх канкрэтных дакументаў ці пастаноў няма, і невядома, ці з’явяцца яны ў блізкай будучыні.