Міністэрства адукацыі зацвердзіла вучэбную праграму факультатыўных заняткаў «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму» для школьнікаў 8-9 класаў. Дакумент апублікаваны 21 жніўня на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале, піша «Позірк».
Адзначаецца, што вучэбная праграма распрацавана ў адпаведнасці з пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж дзяржавай і Беларускай праваслаўнай царквой, якая «выступае ў якасці найважнейшага сацыяльнага інстытута, чый гістарычны вопыт, духоўны патэнцыял і шматвяковая культурная спадчына аказвае істотны ўплыў на фармаванне духоўных, культурных і нацыянальных традыцый беларускага народа».
Адначасова ў дакуменце падкрэсліваецца, што «пры вызначэнні зместу факультатыўных заняткаў з’яўляецца неабходным улік свецкага характару адукацыі і прытрымліванне адпаведных нарматыўных прававых актаў».
Праграма факультатыва прысвечана хрысціянскім каштоўнасцям, вывучэнню жыцця ўшанаваных БПЦ святых. Тэмамі факультатыўных заняткаў, у прыватнасці, з’яўляюцца «сціпласць, змірэнне, пакорлівасць», «міласэрнасць, спачуванне, дабрыня, сумленнасць, праўдалюбнасць», «сумленне, раскаянне», «служэнне, мужнасць, гонар», «духоўнае краязнаўства», «захаванне і памнажэнне духоўнай спадчыны як праяўленне любові да Радзімы».
У праграме ўвогуле не пералічваюцца святыні іншых, акрамя праваслаўнай, канфесій у Беларусі.
Сярод іншага прасоўваюцца такія наратывы, як «грэх ухілення ад абавязку воінскай службы».
Праваслаўе ў Беларусі лічыцца дамінуючай хрысціянскай канфесіяй. Руская праваслаўная царква лічыць беларускую зямлю сваёй кананічнай тэрыторыяй. Беларускі экзархат РПЦ ацэньвае колькасць вернікаў у чатыры мільёны. Па стане на 1 студзеня 2024 года праваслаўная царква ў Беларусі налічвала 1.737 прыходаў у 15 епархіях, было адчынена 1.878 храмаў, на этапе будаўніцтва знаходзілася 147.
РПЦ адкрыта падтрымлівае Расію ў развязанай ёю вайне супраць Украіны. Найбольш актыўны ў Беларусі — мінскі Свята-Елісавецінскі манастыр, гісторыя якога вывучаецца ў рамках праграмы. Парафія рэгулярна арганізуе і ўдзельнічае ў акцыях, якія падтрымліваюць расійскую агрэсію.
БПЦ заключае дамовы аб супрацоўніцтве з Мінадукацыі з 1994 года. Цяпер рэалізуецца праграма супрацоўніцтва на 2020-2025 гады.
У лістападзе 2022 года міністр адукацыі Андрэй Іванец адзначыў важнасць і педагагічную значнасць супрацоўніцтва БПЦ у маральным выхаванні моладзі: «Намаганні Беларускай праваслаўнай царквы, скіраваныя на духоўна-маральнае выхаванне моладзі, захаванне духоўных асноў беларускай культуры, блізкія і зразумелыя дзяржаўным інстытутам, у тым ліку і Міністэрству адукацыі».
3 красавіка паведамлялася, што міністэрства адукацыі зацвердзіла вучэбную праграму факультатыўных заняткаў «Азбука маральнасці» для школьнікаў 2–3 класаў.