Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Бліжэйшым часам наведаем самы вядомы сярод турыстаў і вандроўнікаў паўночны вазёрны край нашай Бацькаўшчыны — Браслаўшчыну. У Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці ўсё ў парадку як з месцамі, дзе падсілкавацца, пераночыць, адпачыць, так і з колькасцю разнастайных прыродных ды архітэктурных помнікаў. Сёння прапануем наведаць вёскі Дрысвяты і Мілюнцы.
Фота: planetabelarus.by
Дрысвяты
Наступным прыпынкам раім зрабіць вёску Дрысвяты Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці, якая месціцца на беразе аднайменнага возера на мяжы Беларусі і Літвы. Возера Дрысвяты лічыцца трэцім па велічыні ў Беларусі пасля Асвейскага і Нарачы і найбольшым па плошчы возерам на тэрыторыі Літвы. Паводле часткі навукоўцаў, назва Дрысвяты мае фіна-вугорскае паходжанне і перакладаецца як «вада», іншыя сцвярджаюць, што назва паходзіць ад балцкага «шырокі», так яно ці інакш, цяжка сказаць дакладна.
Фота: planetabelarus.by
Што вядома і пацверджана археолагамі — гэта існаванне на выспе пасярод возера, якую месцічы называюць Замкам, умацаванага паселішча, верагодней за ўсё, старажытнай Полаччыны, ажно ў Х стагоддзі. Матэрыялы раскопкаў на выспе сведчаць аб даволі высокім узроўні рамеснай вытворчасці, гандлёвых сувязях старажытнага горада. Адной з самых цікавых знаходак тут з’яўляецца праселка з кірылічным надпісам.
Дрысвяты, Замак, 1920-я
Дрысвяты, Замак, 1908
Упершыню ў пісьмовых крыніцах Дрысвяты ўзгадваюцца на самым пачатку ХV стагоддзя. На згаданай выспе тады існаваў Дрысвяцкі замак. Замак злучаўся з берагам возера двума мастамі, якія згадваюцца ў шэрагу гістарычных крыніцаў. У 1622 годзе старажытнае мястэчка згарэла і было адноўлена ўжо на беразе, дзе размяшчаецца па сёння.
Фота: planetabelarus.by
З замкам на выспе звязана шмат паданняў. Паводле аднаго з іх, усё самае каштоўнае з паселішча на выспе, якое было знішчана падчас чарговай вайны, схавалі ў сутарэннях замка. З таго часу ніхто да тых сутарэнняў так і не дабраўся. Але і даследаванняў асабліва і не праводзілася.
Фота: planetabelarus.by
Чытайце па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!» па Браслаўскім раёне. Частка першая
Ужо ў XVI стагоддзі Дрысвяты ўзгадваюцца ў статусе горада. У 1514 годзе ў фундацыйным акце Жыгімонта Старога, адрасаваным Мікалаю Радзівілу, якому на той час належалі Дрысвяты, згадваецца неабходнасць пабудовы ў мястэчку рыма-каталіцкага касцёла. Менавіта з гэтага касцёла і паходзіць знакаміты абраз «Пакланенне вешчуноў» пачатку XVI стагоддзя.
Пакланенне Вешчуноў, 1514
Гэты ўнікальны абраз можна пабачыць і сёння, ён захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры ў Мінску. Гэты абраз займае выключна важнае месца ў гісторыі беларускага мастацтва, як, бадай, адзіны захаваны прыклад фактычна страчанай галіны беларускага жывапісу, якая ўзнікла пад уплывам еўрапейскай готыкі і Рэнесансу.
Шата абраза «Пакланенне вешчуноў»
Шата абраза «Пакланенне вешчуноў», фрагмент
На працягу гісторыі мястэчка Дрысвятамі валодалі Радзівілы, Сапегі, Агінскія, Лапацінскія. Вядома, што ў 1790 годзе мястэчка набыў вядомы дзяржаўны дзеяч, кампазітар, аўтар знакамітага паланэза Міхал Клеафас Агінскі. У 1794 годзе ён прадаў мястэчка і ўклаў у фонд паўстання Тадэвуша Касцюшкі вялікую суму грошай. У жніўні 1794 года паўстанцкі атрад Агінскага дзейнічаў у ваколіцах Дрысвятаў. Неўзабаве, пасля здушэння паўстання, мястэчка было разрабавана і спалена.
Міхал Клеафас Агінскі, 1805
Наступныя гаспадары Дрысвятаў, Лапацінскія, таксама не засталіся ў баку ад паўстання 1863–1864 гг., за што былі рэпрэсаваныя ды сасланыя ў Тамбоўскую губернію. Да сёння ад іх сядзібна-паркавага комплексу захаваліся толькі рэшткі пейзажнага натуралістычнага парку, закладзенага ў ХІХ стагоддзі.
Фота: planetabelarus.by
Парк размешчаны на высокім беразе возера Дрысвяты. Сёння з ранейшых 32 відаў дрэвавых раслінаў у парку можна сустрэць ліпу еўрапейскую, хвою чорную, піхту бальзамічную, шаўкоўніцу белую і іншыя. Пасля высылкі Лапацінскіх іх маёмасць была распрададзена. Пасля гэтага ў мястэчку гаспадарыў рыжскі губернатар Эцінген, у пачатку ХХ стагоддзя маёнткам Дрысвяты валодаў род Гіндэльбандаў.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Ёсць у Дрысвятах сёння і некалькі архітэктурных помнікаў. Самы вядомы з іх — касцёл св. Пятра і Паўла, узведзены ў 1929 годзе па праекце вядомага беларускага нацыянальнага дзеяча, архітэктара, які ствараў «беларускі стыль» у архітэктурных формах сваіх праектаў, Лявона Вітан-Дубейкаўскага. Касцёл быў збудаваны з дрэва, мае рысы стылю мадэрн, але адмыслоўцы сцвярджаюць, што гэты касцёл — адзін з нешматлікіх захаваных прыкладаў таго «беларускага нацыянальнага стылю» ў архітэктуры, які і ствараў Лявон Вітан-Дубейкаўскі.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Лявон Вітан-Дубейкаўскі (Злева)
Петрапаўлаўскі касцёл у Дрысвятах занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.
Фота: planetabelarus.by
Фота: wikimedia.com
Фота: wikimedia.com
Ёсць у Дрысвятах і праваслаўная царква 1908 года пабудовы. Петрапаўлаўскі храм у Дрысвятах — прыклад эклектычнай царкоўнай архітэктуры Расійскай імперыі, збудаваны з чырвонай цэглы па праекце архітэктара Аляксандра Шпакоўскага.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Яшчэ ў Дрысвятах варта звярнуць увагу і на помнік прамысловай архітэктуры — ГЭС «Дружба народаў», якую збудавалі ў 1952–1953 гадах з ініцыятывы суседніх гаспадарак Беларусі, Літвы і Латвіі. Урачысты запуск ГЭС адбыўся 19 ліпеня 1953 года ў прысутнасці дваццаці тысячаў чалавек і прадстаўнікоў урадавых дэлегацыяў трох саюзных рэспублік.
Фота: planetabelarus.by
Будаўніцтва і запуск электрастанцыі асвятляліся савецкімі СМІ, гэтай падзеі, паводле дзяржаўнай замовы, прысвяціў раман «Калі зліваюцца рэкі» Пятрусь Броўка, «Паэму братэрства» Эдуардас Межэлайціс, аперэту «У бакі блакітных азёр» Валянцін Шылінскі. Відаць, за Саветамі планавалася зрабіць Дрысвяты ўзорнай вёскай. У цяперашні час ГЭС не эксплуатуецца і захоўваецца ў закансерваваным стане.
Фота: marshruting.com
Фота: marshruting.com
Чытаць па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець у Верхнядзвінскім раёне. Частка трэцяя
Мілюнцы (Пеліканы)
Фота: vedaj.by
Фота: fotobel.by
Далей прапануем рушыць у вёску Мілюнцы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Яшчэ гэтая вёска згадваецца пад назвай Пеліканы, бо зусім побач месціўся маёнтак роду Пеліканаў, ад якога засталася капліца-пахавальня на мясцовых могілках і рэшткі парку ХІХ стагоддзя. Сама сядзіба праз ваенныя ліхалецці да нашых дзён не захавалася.
Фота: radzima.org
Фота: planetabelarus.by
Фота: Фота: vedaj.by
Асноўнай славутасцю вёскі Мілюнцы з’яўляецца касцёл Св. Апостала Якуба. Гэты храм быў узведзены ў 1907 годзе з чырвонай цэглы ў неагатычным стылі. Пасля Другой сусветнай вайны за Саветамі храм быў зачынены, у ім было зроблена зернясховішча, пасля тут захоўваліся штучныя ўгнаенні, размешчаны свінарнік. Аднаўленне касцёла пачалося ў 1990 годзе, калі храм быў вернуты вернікам, рэстаўрацыя была завершана ў 1994 годзе. Сёння касцёл можна пабачыць у дастаткова добрым стане, паўнавартасна адноўлены як знешні выгляд, так і інтэр’еры храма.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Як і ў вялікай колькасці паселішчаў Браслаўскага раёна, у ваколіцах вёскі Мілюнцы маецца некалькі вялікіх і малых азёраў. Адно з іх мае назву Пеліканы. Акурат на беразе гэтага возера і месціўся раней згаданы аднайменны маёнтак. Возера Пеліканы належыць да басейна ракі Дрысвята, тут сустракаецца шчупак, платва, лешч і іншыя віды рыбаў. Для ўсіх аматараў на возеры Пеліканы арганізавана платная рыбалка.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе. ПЖ