Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець у Верхнядзвінскім раёне. Частка трэцяя

Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Сёння завяршаем вандроўку па Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці па маршруце: Верхнядзвінск — Каханавічы — Асвея — Сар’я — Росіца — Вопытная — Бігосава — Бароўка. Тут пабачым цэрквы, касцёлы, старасвецкія сядзібы, прыродныя помнікі, местачковую забудову канца пазамінулага стагоддзя, магілы нашых славутых землякоў. Гэтым разам скіруемся ў вёскі Росіца (гіст. Расіца), Вопытная, Бігосава ды Бароўка.


1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Росіца

Першай сёння прапануем наведаць вёску Росіца ці, як кажуць месцічы, Расіца. Першы пісьмовы ўспамін пра Расіцу датуецца 1552 годам. Вядома, што ў 1599 годзе вялікі канцлер ВКЛ Леў Сапера набыў паселішча ў Давыда Расіцкага. Знакаміты аўтар статутаў ВКЛ Леў Сапега фундаваў тут і пабудову першай уніяцкай царквы, асвечанай у гонар Яна Хрысціцеля. За Сапегамі Расіца была дастаткова буйным ды развітым мястэчкам, саступаючы на той час толькі Дрысе ды Асвеі ў дадзеным рэгіёне.

2.jpg
Росіца, Траецкі касцёл да 1910

2-1.jpg
Росіца, Траецкі касцёл да 1910, інтэр’ер

Паводле звестак на 1753 год, гаспадарамі Расіцы ўжо з’яўляўся род Лапацінскіх. Першы касцёл у Расіцы быў узведзены ў 1778 годзе за Мікалаем Лапацінскім, а дабудаваны ўжо за ягоным сынам, біскупам Юзафам Лапацінскім, які і быў пахаваны ў гэтым касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў 1803 годзе. Той касцёл, на жаль, не захаваўся да нашых дзён, толькі на старых фотаздымках.

3.jpg
 Росіца, абноўлены Траецкі касцёл, 1913

3-1.jpg

Але на ягоным месцы ў 1906 годзе пачалося будаўніцтва новага, цаглянага, рыма-каталіцкага храма ў неараманскім стылі, асвечанага ў 1911 годзе таксама, як і ягоны папярэднік, у гонар Святой Тройцы. Гэты храм і сёння з’яўляецца галоўнай архітэктурнай перлінай колішняй Расіцы.

4.jpg
Фота: planetabelarus.by

4-0.jpg
Фота: planetabelarus.by

Цэглу для ўзвядзення храма выкарыстоўвалі вырабленую на цагельным заводзе Лапацінскіх з суседняй Сар’і. Кіраваў будаўніцтвам тагачасны гаспадар Расіцы Станіслаў Лапацінскі. Расіцкая парафія напачатку ХХ стагоддзя была найбуйнейшай і налічвала амаль восем тысячаў парафіянаў.

4-1.jpg
Фота: planetabelarus.by

4-2.jpg
Фота: planetabelarus.by

Дзве высокія вежы касцёла былі знішчаны ў 1930-я гады савецкай уладай, бо недалёка была мяжа з Польшчай і вышыня гэтых вежаў уладам падавалася небяспечнай з-за надуманай пагрозы патрапляння ў іх артылерыйскага вагню з боку суседняй дзяржавы. Так касцёл страціў свой першапачатковы выгляд.

5.jpg
Фота: planetabelarus.by

5-1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Рэлігійнае жыццё Расіцы пачало аднаўляцца на пачатку Другой сусветнай вайны, калі сюды вярнуліся айцы-марыяне Антон Ляшчэвіч і Юры Кашыра, але ненадоўга, бо ўжо ў 1943 годзе нямецкія ўлады скарысталі будынак касцёла як вязніцу для палонных. Неўзабаве ксяндзы і 1528 жыхароў вёскі былі забітыя. У 1999 годзе Папа рымскі Ян Павал ІІ беатыфікаваў Антона Ляшэвіча і Юрыя Кашыру, якія адмовіліся пакідаць сваіх парафіянаў і да апошняга спавядалі іх, змагаліся, каб уратаваць іх жыцці ды душы.

6.jpg
Фота: planetabelarus.by

6-1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Пасля вайны ў касцёле быў размешчаны сельскі клуб, стайня, зернясховішча, нават млын. У 1988 годзе будынак амаль цалкам разбураным быў перададзены вернікам і быў адрэстаўраваны. Паўторнае асвячэнне адбылося ў 2000 годзе.

7.jpg

7-1.jpg
Фота: fotobel.by

Ёсць у Расіцы і крушні праваслаўнага храма, збудаванага акурат на месцы колішняй уніяцкай царквы, фундаванай Львом Сапегам. Тыповая царква-мураўёўка была ўзведзена тут расійскімі ўладамі ў 1864 годзе.

8.jpg
Фота: fotobel.by

8-1.jpg
Фота: fotobel.by

Але, вядома, за савецкай уладай царква была ліквідавана, разрабавана ды паступова прыйшла ў заняпад. Сёння ад Свята-Еўфрасіннеўскай царквы засталася толькі званіца. Сёння праваслаўныя вернікі моляцца ў былой яўрэйскай пякарні, пабудаванай на пачатку ХХ стагоддзя з чырвонай цэглы, дзе сёння месціцца царква.

8-2.jpg
Фота: planetabelarus.by

Вопытная

Далей прапануем рушыць у вёску Вопытная, частку колішняга маёнтка Бігосава, які, паводле расповедаў месцічаў, называецца ў гонар вядомай стравы «бігас». Тут варта звярнуць увагу на сядзібу Нітаслаўскіх сярэдзіны ХІХ стагоддзя.

9.jpg
Фота: @tomkad

Бігосава першапачаткова было ўласнасцю Сапегаў і ўваходзіла ў склад іх шматлікіх уладанняў на Друйшчыне. Каля 1824 года Францішак Сапега прадаў частку маёнтка разам з Бігосава Марціну Нітаслаўскаму. З таго часу і ажно да канца Першай сусветнай вайны ў Бігасава гаспадарылі Нітаслаўскія.

10.jpg
Фота: planetabelarus.by

10-1.jpg
Сядзіба Нітаслаўскіх, пачатак ХХ стагоддзя

Асноўнай архітэктурнай адметнасцю ў вёсцы Вопытная з’яўляецца сядзіба, узведзеная Вітольдам Нітаслаўскім. Згаданаму палацава-паркаваму ансамблю тут папярэднічаў палац, збудаваны Сапегамі на мяжы XVIII—ХІХ стагоддзяў. Комплекс будынкаў, уключна з капліцай, гаспадарчымі пабудовамі, стайняй і часткова захаваны сёння парк з сажалкай былі закладзеныя ў другой палове ХІХ стагоддзя.

11.jpg
Фота: @tomkad

Сама родавая сядзіба Нітаслаўскіх была ўзведзена ў стылі позняга класіцызму, уяўляе сабой аднапавярховы мураваны прастакутны будынак з двума бакавымі выступамі на высокім падмурку. Пярэдняя частка будынка завершана франтонам, а бакавыя выступы вылучаюцца чатырохкалоннымі дарычнымі порцікамі.

12.jpg
Фота: @tomkad

Перад асноўным будынкам размешчаны парк пейзажнага тыпу. У цэнтры сядзібнага ансамблю — сажалка са штучнай выспай, праз якую калісьці былі перакінутыя масткі. На захад ад сажалкі размяшчаліся гаспадарчыя будынкі ды мураваная капліца.

13.jpg
Фота: @tomkad

Апошні гаспадар сядзібы пакінуў уладанні ў лютым 1917 года. Нейкі час у будынку сядзібы размяшчалася памежная часць, пасля тут адчынілі вопытную станцыю. Назва «Вопытная» з часам настолькі прыжылася, што пасля Другой сусветнай вайны яе пачалі выкарыстоўваць як афіцыйную назву вёскі, што разбудавалася вакол колішняга сядзібнага комплексу.

14.jpg
Фота: @tomkad

14-1.jpg
Фота: planetabelarus.by

У пасляваенны час у будынку сядзібы Нітаслаўскіх месціўся будаўнічы тэхнікум, пасля тут праводзіліся курсы старшыняў калгасаў, а ў 1957 годзе адчыніўся заатэхнічны тэхнікум. З 1970-х гадоў будынак апынуўся ў запусценні, некаторы час выкарыстоўваўся як дзіцячы летнік, але яго так і не адрамантавалі. Сёння сядзіба знаходзіцца ў выглядзе крушняў ды імкліва разбураецца.

15.jpg
Фота: @tomkad

15-1.jpg
Фота: @tomkad

Бігосава

Наступным нашым прыпынкам у Верхнядзвінскім раёне прапануем зрабіць вёску Бігосава. Тут нас цікавіць унікальны архітэктурны помнік пачатку ХХ стагоддзя, узведзены ў стылі мадэрн з абарончымі элементамі — будынак мясцовай чыгуначнай станцыі.

16.jpg
Фота: planetabelarus.by

Незвычайны для вакзалу знешні выгляд станцыі Бігосава абумоўлены тым, што станцыя знаходзілася ў памежным раёне. Сёння знешні выгляд яе троху зменены, але захаваліся асноўныя рысы: шпіль ды вежы, масіўныя сцены ды ганак, паўкруглыя вокны па-над цэнтральным уваходам.

17.jpg
Бігосава. Чыгуначная станцыя да 1941

Сярод месцічаў пераказваецца легенда, што права на тое, каб змяніць назву чыгуначнай станцыі ў 1910 годзе, было разыграна ў карты. Выйграў тагачасны гаспадар маёнтка Бігосава, таму станцыя, якая з 1866 года, ад самага будаўніцтва Рыга-Арлоўскай чыгункі, мела назву Георгіеўская, была перайменаваная ў Бігосава.

17-1.jpg
Фота: wikimedia.com

Бароўка

17-2.jpg
Фота: planetabelarus.by

17-3.jpg
Фота: planetabelarus.by

Апошнім нашым прыпынкам на колішняй Дрысеншчыне прапануем зрабіць вёску Бароўка. Тут нас цікавіць праваслаўны храм Святой Ефрасінні Полацкай, пабудаваны ў 1840 годзе. Храм цікавы тым, што ўзведзены яшчэ да таго, як на тэрыторыі Беларусі пачалі масава ўзводзіць цэрквы ў рэтраспектыўна-рускім стылі, так званыя «мураўёўкі», каб наблізіць мясцовую праваслаўную архітэктуру да расійскай пасля Студзеньскага паўстання.

18.jpg
Фота: wikimedia.com

19.jpg
 Фота: fotobel.by

Мураваная царква ў Бароўцы ўзведзена ў стылі позняга класіцызму. Але знешні выгляд царквы вытрываў некалькі перабудоваў, таму яна троху адрозніваецца ад той, якую бачылі месцічы ў ХІХ стагоддзі. За савецкім часам у царкве размяшчалася сховішча, пасля функцыянавала крама, пасля крамы месціўся сельскі клуб. У 1990-я гады будынак царквы быў вернуты вернікам, тут пачалі праводзіцца службы, адчынілася нядзельная школа, якая функцыянуе і сёння.

20.jpg
Фота: fotobel.by

У Бароўцы апроч царквы таксама варта звярнуць увагу на будынак чыгуначнага вакзала. Першапачаткова, да перайменавання ў Верхнядзвінск у 1960-я гады, прыпынак называўся «Дрыса». Станцыя «Дрыса» функцыянуе з сярэдзіны ХІХ стагоддзя на чыгунцы Дзвінск — Віцебск, пазней дабудаванай у Рыга-Арлоўскую. Будынак вакзала ўзведзены напачатку ХХ стагоддзя ў стылі мадэрн.

21.jpg
Фота: wikimedia.com

22.jpg
Фота: wikimedia.com

Вандруйце разам з «Будзьма!».

ПЖ, Budzma.org