Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Бліжэйшым часам наведваем самы вядомы сярод турыстаў і вандроўнікаў паўночны азёрны край нашай Бацькаўшчыны — Браслаўшчыну. У Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці ўсё ў парадку як з месцамі, дзе падсілкавацца, пераночыць, адпачыць, так і з колькасцю разнастайных прыродных ды архітэктурных помнікаў. Сёння прапануем надаўжэй прыпыніцца ў колішнім мястэчку Іказнь, узгадаць выбітных месцічаў ды агледзець архітэктурныя цікавосткі, якія захаваліся да нашых дзён.
Фота: planetabelarus.by
Іказнь
Рушым да паўночнай ускраіны колішняга Вялікага Княства Літоўскага, а сёння аграгарадка Іказнь, які мае славутую гісторыю ды некалькі архітэктурных цікавостак, што захаваліся да нашага часу. Калісьці тут быў узведзены велічны замак, які сцярог межы ВКЛ з мураванымі сценамі ды вежамі. Замак месціўся на выспе возера Іказнь, на беразе якога разбудавалася сучаснае паселішча.
planetabelarus.by
Першыя ўзгадкі пра Іказнь у пісьмовых крыніцах датуюцца 1499 годам, калі маёнтак набыў Іван Сапега. 25 сакавіка 1504 года вялікі князь Аляксандр дае дазвол Сапегу на атрыманне Іказню статусу мястэчка, што спрыяла эканамічнаму і культурніцкаму развіццю паселішча. Вядома, што Іван Сапега ў 1503 годзе быў паслом у Маскве і ягоныя дыпламатычныя здольнасці дазволілі заключыць шасцігадовае замірэнне. Але доўжылася яно нядоўга: ужо ў 1514 годзе Іван Сямёнавіч удзельнічаў у легендарнай бітве пад Воршай з той жа Маскоўскай дзяржавай.
Іван Сямёнавіч Сапега, 1709 год, невядомы мастак
Першы храм, пабудаваны ў Іказні і фундаваны Іванам Сапегам у XVІ стагоддзі, адметны тым, што гэта быў першы умоўна ўніяцкі храм, яшчэ да заключэння Берасцейскай уніі. Храм той у розных крыніцах называюць то касцёлам, то царквой Святога Духа. Справа ў тым, што Сапега далучыўся ў Рыме да Фларэнтыйскай уніі і збудаваў храм у Іказні адначасова і для каталікоў, і для праваслаўных. Ён выступаў за тое, каб у краіне не было рэлігійнага падзелу паміж хрысціянамі, бо лічыў, што гэта шкодзіць дзяржаўным інтарэсам краю.
Чытайце яшчэ: Вандруем разам з «Будзьма!» па Браслаўскім раёне. Частка пятая
Фота: planetabelarus.by
Свой замак Іван Сапега збудаваў на выспе возера Іказнь. Той замак не раз цярпеў, трымаючы абарону ад нападаў маскоўскага войска, але аднаўляўся зноў. Напрыканцы XVI стагоддзя ўжо канцлер ВКЛ Леў Сапега выкупіў фартэцыю разам з мястэчкам Іказнь і ў 1593 годзе фундаваў тут пабудову каталіцкага касцёла Цела і Крыві Хрыста, узвядзенне лякарні і школы пры касцёле. Апекавацца ўсімі гэтымі сацыяльна значнымі ўстановамі запрасіў найбольш прагрэсіўны на той час у Еўропе ордэн езуітаў.
Іказенскі замак, выява з мапы Тамаша Макоўскага, 1613 год
Леў Сапега разумеў стратэгічную значнасць замка ў Іказні, таму ўсяляк спрыяў ягонаму ўмацаванню. Абарончыя муры не раз трымалі абарону і за новымі гаспадарамі падчас трынаццацігадовай вайны з Масковіяй. Але найбольш мястэчка і замак пацярпелі на пачатку XVIII стагоддзя падчас Паўночнай вайны ад рук прадстаўнікоў роду Агінскіх, што парадаксальна, але ўласціва тагачаснай гісторыі краю. Справа ў тым, што ў перыяд Паўночнай вайны частка магнатаў, у тым ліку і Агінскія, падтрымала расійскі бок, а частка, сярод якіх Сапегі, падтрымала шведскі бок.
Іказнь на малюнку Паўла Татарнікава. Замак і падзамча. 1629 год. Навуковы кансультант М. Волкаў
З сярэдзіны XVIII стагоддзя Іказнь страціла сваё стратэгічнае значэнне, і тагачасны яе ўладальнік, канцлер Аляксандр Міхал Сапега, прадаў непрыбытковы маёнтак. Сёння ад велічнага замка на выспе на возеры Іказнь толькі пільнае вока можа заўважыць рэшткі ранейшай фартыфікацыйнай забудовы.
Фота: planetabelarus.by
Падчас вайны з Напалеонам Іказнь таксама была зруйнаваная, але ўжо да сярэдзіны ХІХ стагоддзя адбудавалася зноў. На той час вядома пра існаванне тут уніяцкай царквы і невялікага драўлянага касцёла, які адметны тым, што ў ім быў хрышчаны вядомы скульптар, удзельнік Лістападаўскага і Студзеньскага паўстанняў Генрых Дмахоўскі.
Генрых Дмахоўскі
У час паміж паўстаннямі Генрых эміграваў у Амерыку, там узяў імя Генры Сандэрс, адчыніў школу скульптуры, майстэрню, дзе стварыў бюсты Джорджа Вашынгтана, Тадэвуша Касцюшкі, Томаса Джэферсана і іншых значных для ЗША гістарычных дзеячаў. Скульптуры рукі Дмахоўскага і сёння ўпрыгожваюць будынак Капітолія ў Вашынгтоне.
9 Бюст Томаса Джэферсана, Генрых Дмахоўскі
У траўні 1861 года Генрых Дмахоўскі адкрывае скульптурнае атэлье ў Вільні. Ён стварае мадэль надмагільнага помніка Барбары Радзівіл, скульптуру святога Уладзіслава, помнік Уладзіславу Сыракомлю на могілках Росы ў Вільні.
Надмагілле Уладзіслава Сыракомлі (Людвіка Кандратовіча) на могілках Росы ў Вільні. Фота: wikimedia.com
Падчас паўстання 1863–1864 гг. Дмахоўскі стаў паўстанцкім камісарам Дзісненскага павета. Пахаваны Генрых Дмахоўскі на курганным могільніку каля вёскі Бірулі Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці.
10 Фота: planetabelarus.by
На месцы касцёла, дзе хрысцілі Генрыха Дмахоўскага, у 1905–1912 гг. быў узведзены новы мураваны велічны храм, які мы можам пабачыць у Іказні і сёння. Храм Божага цела ў Іказні — адна з нешматлікіх беларускіх бажніцаў, дзе найбольш паслядоўна вытрыманы неараманскі архітэктурны стыль. Візуальна храм цікавы тым, што дзеля ягонага ўзвядзення выкарыстоўваўся натуральны камень, які візуальна дадае храму манументальнасці, масіўнасці, магутнасці. Сёння касцёл Божага цела ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Чытайце па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!» па Браслаўскім раёне. Частка чацвёртая
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Ля касцёла ў Іказні можна пабачыць магілу ксяндза Міхала Буклярэвіча, які служыў у Іказні з 1917 года. Ён чытаў казані па-беларуску і ўсяляк падтрымліваў беларускую культуру, даваў рады прасоўваць беларускае школьніцтва падчас таго, як улада ў краі змянілася пяць разоў. У 1919 годзе Буклярэвіч узначаліў паўстанцкі атрад у Іказні падчас «зялёнага паўстання» супраць бальшавікоў, якія рабавалі, катавалі і забівалі мясцовых жыхароў. Паўстанне займела назву «зялёнае», бо ўмоўна яго распачала мясцовая моладзь, якая хавалася ад прызыву ў чырвонае войска ў лясох ды праводзіла партызанскую барацьбу з бальшавікамі.
Магіла ксяндза Буклярэвіча. Фота: Леанід Юрык
Падчас вялікай працэсіі на свята Божага Цела, меркавана, 19 чэрвеня 1919 года, ксёндз Буклярэвіч заклікаў вернікаў раззбройваць бальшавікоў, чаго тыя не чакалі, таму трапілі ў палон да амаль трох сотняў мясцовых паўстанцаў. Паўстанцы вельмі спадзяваліся на збройную падтрымку з польскага боку, але Версальскае замірэнне па выніках Першай сусветнай вайны спыніла наступ Польшчы на ўсход, якое аднавілася толькі ўвосень 1919 года. Гэты момант і прадвызначыў паразу «зялёнага паўстання».
Міхал Буклярэвіч
Пасля паразы паўстання ксёндз Буклярэвіч пэўны час хаваўся, але яго выдалі бальшавікам два мясцовыя жыхары. Судзілі ксяндза ў Друі, адзін з суддзяў быў навучэнцам Буклярэвіча, які ўсяляк хацеў зменшыць пакаранне свайму настаўніку і спытаў, ці ён выступае толькі супраць мясцовых бальшавіцкіх камісараў, ці супраць савецкай улады ўвогуле.
Магіла ксяндза Буклярэвіча. Фота: Леанід Юрык
Ксёндз Буклярэвіч, як пісалі пасля газеты, з нейкай дзіўнай моцай і пракананнем адказаў: «Вы праследуеце касцёл і народ, нясеце няволю — прызнаць я вас не магу». Расстралялі Буклярэвіча разам з сястрой Эміліяй, перапахавалі ў Іказні каля касцёла ўжо пасля прыйсця польскай улады ў 1920 годзе.
Фота: planetabelarus.by
Каталіцкі храм у Іказні за савецкім часам быў зачынены і ператвораны ў зернясховішча. Толькі ў 1990 годзе ён быў вернуты вернікам ды адноўлены. Разам з храмам аднавілі і надмагілле ксяндза Буклярэвіча і ягонай сястры.
Фота: planetabelarus.by
Яшчэ адным будынкам, вартым увагі ў Іказні, з’яўляецца праваслаўная Свята-Мікалаеўская царква, узведзеная ў 1905 годзе ў тыповым для таго часу рэтраспектыўна-рускім стылі. Раней на яе месцы была драўляная грэка-каталіцкая царква, разбураная ў 1881 годзе.
Фота: planetabelarus.by
З пачатку ХХ стагоддзя тут застаўся яшчэ і помнік прамысловай архітэктуры — вадзяны млын. Зараз будынак збольшага абшыты сайдынгам, але дзе-нідзе на ім можна пабачыць і аўтэнтычную муроўку.
Фота: vedaj.by
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе. ПЖ