Музыкі заяўляюць, што збіраюцца аб’яднаць вакол сябе гурты, якія выступаюць “супраць новай халоднай вайны”.
Першы фэст пад назвай “Партызан-рок” пройдзе 29 жніўня ў Кіеве. Ідэя яго правядзення належыць гурту Brutto. Склад удзельнікаў таксама абіралі ўдзельнікі каманды. На сцэне арт-завода “Платформа” выступяць гурты Dzieciuki з Беларусі, Antis з Літвы, “Телевизор” з Расіі, “Гайдамаки” з Украіны і ўласна заснавальнікі фэсту. “Гэта не чарговы фэст ежы ці сэксу, якія запаланілі прастору. Гэты фэст – антыімперскі і антываенны. Ён аб’ядноўвае ўсіх, хто выступае супраць новай халоднай вайны. Хто малады, хто любіць спорт, хоча быць моцным, смелым і вольным духам”, – зазначае ў каментары для Budzma.by прадзюсар гурта Brutto Антон Азізбекян.
Brutto вырашылі правесці такую маштабную акцыю, калі зразумелі, што іх ідэі прымае вялікая колькасць людзей. Падчас гастроляў яны сустрэлі нямала гуртоў, блізкіх ім па духу. Таму заклалі фэст, які называюць “тэрыторыяй, на якой усім даецца свабода думаць, тварыць і казаць тое, што лічыш слушным”.
Паводле задумы заснавальнікаў “Партызан-року”, ён мае стаць традыцыйным і перасоўным. Першы фэст вырашана правесці ва Украіне. Наступны мяркуецца зладзіць у Літве. “Мы хочам, каб “Партызан-рок” стаў фэстам, які можна сустрэць у любой кропцы свету. Цяпер ён найбольш патрэбны ва Украіне. Потым будзе Літва, а магчыма, праз некаторы час пройдзе і ў Беларусі”, – зазначыў прадстаўнік гурта Brutto.
Назву фэст атрымаў паводле аднайменнага сінглу-лозунгу Brutto, пад якім сёлета праходзіў тур каманды Сяргея Міхалка па Украіне.
Яшчэ адным беларускім гуртом на першым фэсце “Партызан-рок” у Кіеве будуць Dzieciuki – майстры забойнага вясёлага фольк-панку з Гродна. Музыкі прысвячаюць свае песні беларускім героям розных часоў ды распавядаюць пра гісторыю краіны. У 2014 годзе яны атрымалі прэмію “Героі года” ад партала Tuzin.fm.
Адна з разынак фэсту – выступ літоўскага гурта Antis на чале з Альгердам Каушпедасам – адным з лідараў руху “Саюдыс”, які ачоліў калісьці працэс выхаду Літвы са складу СССР. У другой палове Antis лічыўся ўвасабленнем літоўскай нефармальнай сцэны і здзіўляў слухачоў па ўсім свеце сваімі вар’яцкімі тэатралізаванымі шоў у духу “The Wall” Pink Floyd. Аднавіў дзейнасць гурт у 2007 годзе – праз 17 гадоў (!) пасля распаду і цяпер паспяхова гастралюе.
Яшчэ адна легенда з 80-х – расійскі гурт “Телевизор” з Міхаілам Барзыкіным на чале. Міхалок неаднойчы выказваўся пра сваё непрыманне такой з’явы, як “рускі рок”, але гэтую каманду адрознівае ад большасці яе прадстаўнікоў дакладна акрэсленая грамадзянская пазіцыя і вытанчанасць аранжыровак. Іх песні забаранялі як у час перабудовы, так і ў час кіравання Пуціна. “Телевизор” выступаў у траўні ў Кіеве і выканаў сваю новую песню – “Ты прости нас, Украина”.
Яшчэ адны ўдзельнікі фэсту – Haydamaky з Украіны, якіх прадстаўляюць як “музычную фармацыю з еўрапейскімі поглядамі”. Гэтыя музыкі – зацятыя прыхільнікі сучаснай рок- і world- music і сінтэзуюць у сваёй творчасці рок, даб, панк, ска, замяшаны на ўкраінскім фольку і балканскіх матывах.
Фэст “Партызан-рок” пройдзе 29 жніўня ў Кіеве. Цана квіткоў на канцэрт пачынаецца з 249 грывен (каля 9 еўра). Падзея ў FB.
Сяргей Будкін