У Варшаве адкрылася яшчэ адна група, дзе можна навучыцца традыцыйным беларускім песням. Выкладае полька Караліна Падруцка. Мы пагутарылі са спявачкай пра цікавасць да беларускага фальклору і пра асаблівасці навучальнага працэсу ў змяшанай беларуска-польскай групе.
Заняткі Караліны Падруцкай пачаліся ў кастрычніку ў майстэрні AlleArte, якую адкрыла спявачка Анна Якоўска. Яны разам з Каралінай — удзельніцы гурта Z lasu, які выконвае палескія песні з Украіны і Беларусі. У майстэрні праходзяць таксама заняткі па жаночых і мужчынскіх украінскіх спевах, эмісіі голасу, майстар-класы па песнях паўднёваславянскіх краін і асобных польскіх рэгіёнаў, па гранні на музычных інструментах. Караліна распавядае пра сваю групу.
Караліна Падруцка. Фота з асабістага архіва гераіні
— Хто ходзіць да цябе на заняткі? Беларусы, палякі?
— Заняткі пачаліся ў кастрычніку, ідуць яшчэ толькі месяц. Група — восем чалавек, тры беларускі, астатнія полькі. Калі нехта хварэе, то не прыходзіць, звычайна на занятках каля шасці жанчын. Хлопцаў пакуль не запрашаем, але ў AlleArte ёсць група мужчынскіх украінскіх спеваў, выкладае Юры Пастушэнка.
Да нас яшчэ можна далучыцца, пару жанчын мы, напэўна, можам прыняць. Лепш, каб групы на спеўных занятках былі не большыя за 12 чалавек. Я зацікаўленая, каб людзі хадзілі стала, каб стваралася супольнасць, дзе ўсім удзельніцам камфортна, каб яны ведалі адна адну і давяралі наўзаем.
Полькі маюць праблемы з вымаўленнем некаторых гукаў: пярэднеязыяны «л», фрыкатыўны «г» (такіх гукаў няма ў сучаснай польскай мове — рэд.). Маё маўленне таксама недасканалае, таму я заўсёды прашу беларускіх удзельніц групы, каб нас папраўлялі. Я выпраўляю таксама русізмы ў полек, бо яны вучылі рускую мову ў школе (як, уласна, і я) — яе выкладалі ці не да канца 1990-х, прынамсі ва Усходняй Польшчы.
— Якія песні вы вучыце?
— Мы ідзем па гадавым коле. Няма сэнсу спяваць, напрыклад, вясновую песню падчас іншага сезону. Ці жніўныя песні ў час, калі няма жніва.
Для мяне істотна, каб быў захаваны кантэкст выканання песні, каб не проста спяваць «нешта прыгожае», але і разумець тэкст, а не проста паўтараць гукі.
Цяпер даволі часта ў Польшчы вучаць песні без кантэксту, проста калі спадабалася мелодыя. Не разбіраюцца, адкуль паходзіць песня, што ў ёй важна, у якіх менавіта сітуацыях яе традыцыйна выконвалі. Утвараецца штучны кантэкст. Я імкнуся гэтага пазбягаць на сваіх занятках. Што да рэгіёна, то ў нас пераважна песні з Цэнтральнага Палесся. На занятках мы карыстаемся запісамі з беларускіх архіваў і маімі палявымі запісамі. Для мяне істотна, каб удзельніцы заняткаў ведалі, адкуль паходзяць песні.
— Якая матывацыя да заняткаў беларускімі спевамі ў цябе і тваіх вучаніц?
— Усе мы — гарадскія людзі, у якіх бабулі і дзядулі ў вёсцы ўжо не спявалі традыцыйных песень. Але для нас важна захаваць кантакт з традыцыяй. Для мяне гэта важна, і я кажу тым, хто прыходзіць да мяне на заняткі: «Я бачу, што для вас гэта таксама істотна».
Сваёй зацікаўленасцю я хачу дапамагчы беларусам і палякам паразумецца.
Калісьці мы жылі ў адной дзяржаве, адчувалі ўзаемны ўплыў, а цяпер праз геапалітычную сітуацыю мы зноў апынуліся ў адной дзяржаве, беларусы, палякі і ўкраінцы.
Варшава заўсёды была шматкультурнай. Вёскі менш, але на памежжы, на так званых Крэсах, носьбіты розных культур жылі разам і ведалі традыцыі адно аднаго, удзельнічалі ў іх.
Традыцыйная музыка ў сучасным свеце можа дапамагчы ўзнавіць такую шматкультурную супольнасць праз спяванне, гучанне разам, праз абмен музычным досведам.
Мы не плануем выступаць. Мне здаецца, і так хапае гуртоў, якія вучацца дзеля выступаў.
Для мяне самае важнае, каб тыя, хто ў мяне спяваюць, пазнаёміліся з беларускай мовай, з яе палескімі дыялектамі, са старымі песнямі. Я спрабую стварыць прастору інтэграцыі палякаў і беларусаў (дакладней, полек і беларусак, бо ў нас жаночая група) праз супольнае вывучэнне беларускай традыцыі.
Беларусы адчуваюць, што працягваюць сваю традыцыю, хаця знаходзяцца на чужыне, і ў той жа час праз спевы могуць сустрэцца і пасябраваць з палякамі. Палякі даведваюцца пра Беларусь, яе традыцыі, пра даволі вялікую групу беларусаў, якія сёння жывуць у Польшчы, бо былі вымушаныя з’ехаць з Радзімы пасля 2020 г. Істотна, што палякі даведваюцца пра гэта ад саміх беларусаў. На жаль, у Польшчы агулам мала ведаюць пра беларусаў, могуць блытаць з расіянамі ці ўкраінцамі альбо папросту не заўважаць.
Некаторыя ўдзельніцы групы прыходзяць, каб трэніраваць эмісію голасу. Я чую, калі нехта ўжо быў на іншых варштатах, то мае менш клопату са спяваннем адкрытым гукам.
— Раскажы пра свой ранейшы вопыт выкладання беларускіх спеваў.
— На пачатку 2022 г. я вяла заняткі ў Беларускім моладзевым хабе, які тады працаваў на пляцы Канстытуцыі. Мяне запрасілі выкладаць беларускія спевы ў межах датацыі, якую атрымаў Хаб. Я лічыла, што такія заняткі павінен праводзіць нехта з Беларусі, але пагадзілася часова, пакуль такога чалавека не было, адразу сказаўшы, што калі з’явіцца дасведчаны спявак, які разбіраецца ў традыцыйнай музыцы, то перадам яму гэту справу (у выніку так і атрымалася — рэд.). Некаторыя ўдзельніцы маёй цяперашняй групы ў AlleArte хадзілі да мяне яшчэ тады.
Некалькі месяцаў таму адна з удзельніц той групы папрасіла мяне пазаймацца прыватна з ёй і яе сяброўкай. Я згадзілася, але спачатку лічыла, што гэта часова. А потым я падумала, чаму не зрабіць сталыя заняткі, калі няма групы, дзе дзяўчаты маглі б вучыцца? А калі б нават была, я лічу, што кожны павінны мець магчымасць навучацца ў чалавека, які яму падыходзіць, а розны вопыт, заняткі ў розных педагогаў — толькі на карысць.
— Адкуль увогуле твая зацікаўленасць беларускім фальклорам?
— У гурце Z lasu мы выконваем палескія песні з Украіны і Беларусі. Мне заўсёды больш падабалася менавіта беларуская частка нашага рэпертуару. Мы шмат гадоў ездзілі на Палессе, праводзілі этнаграфічныя даследаванні, запісвалі песні, якія потым вучылі і выконвалі. Жанчыны, з якімі я спяваю, наведвалі Украінскае Палессе хіба з пачатку 2000-х, калі яшчэ не існавала гурта Z lasu, але яны ўжо разам спявалі. Я далучылася каля 2010 г., калі дзяўчаты рэалізавалі праект, звязаны з Беларускім Палессем, з вёскай Альманы Столінскага раёна, на мяжы Беларусі і Украіны. Тады і ўтварыўся гурт Z lasu, амаль у сваім актуальным на сёння складзе. Мы некалькі разоў ездзілі ў розныя вёскі Беларускага Палесся.
Гурт Z Lasu. Фатограф Mariusz Cieszewski
— Які выезд табе найбольш запаў у душу?
— Неяк нас запрасілі на лакальны фестываль «Бездзежскі фартушок», і там мы пазнаёміліся з гуртом вёскі Церабень пад Пінскам. Яны запрасілі нас у госці. Мы і так планавалі застацца на палявыя даследаванні на Палессі, то чаму б не паехаць туды, куды запрашаюць?
І калі я трапіла ў Церабень, то зразумела, што гэта маё месца. Любоў з першага погляду!
Мае сяброўкі з гурта такія пачуцці маюць да ўкраінскіх вёсак, у якія вярталіся па некалькі разоў, сябравалі з бабулямі. Але я гэтага не адчувала на асабістым узроўні.
Гурт в. Церабень Пінскага р-на з гасцямі з Мінска падчас абрада ваджэння Куста на Троіцу. 2017 г. Фота Алены Ляшкевіч
— Распавядзі пра гурт з Церабня.
— Вёска Церабень знаходзіцца на поўнач ад Пінска. Жанчыны спяваюць песні, якія перанялі ад сваіх матуль і бабуль. Проста збіраюцца і спяваюць, бо ім гэта падабаецца, самі для сябе. Гурт не дзейнічае ні пры якой установе культуры. Спявачкі вельмі ахвотна прымаюць тых, хто цікавіцца іх творчасцю, і самі любяць ездзіць, выступаць, сустракацца з людзьмі. Іх шмат запісваў Сяржук Доўгушаў з праектам «Традыцыя».
Калі я трапіла ў Церабень, то адчула на асабістым узроўні, што гэтыя жанчыны мне блізкія. Пасля 2020 г. мы туды ўжо не ездзім праз складаную сітуацыю ў Беларусі і вайну ва Украіне, але я імкнуся хаця б раз на год патэлефанаваць, выслаць на Новы год паштоўку, нейкія салодкія пачастункі. Ведаю, што гурт сустракаецца, жанчыны разам спяваюць, хаця не маюць у сваёй вёсцы дома культуры.
— Дзе яшчэ ты праводзіла палявыя даследаванні, акрамя Палесся?
— Я была таксама ва Усходняй і Заходняй Беларусі, на Магілёўшчыне і каля Вялейкі, сёлета ездзіла па Падляшшы слядамі даследчыка Сцяпана Копы. Акрамя таго, калісьці разам з экспедыцыяй гурта Warszawa Wschodnia наведала сяло Падсярэдняе, гэта ў Белгарадскай вобласці Расіі. Там бытуюць шматгалосныя песні, але не такія, як на Палессі. Тады яшчэ ў польскім асяродку аматараў традыцыйнай музыкі былі папулярныя не толькі ўкраінскія і беларускія песні, але і рускія таксама. Калі вучылася ў аспірантуры, то праводзіла даследаванні, этнаграфічныя, не этнамузыкалагічныя, на Каўказе, у Дагестане. Яны былі звязаныя з заканадаўствам. Тады мяне часта пыталі, а якія польскія песні?
На Паўночным Каўказе яшчэ жывая традыцыя побытавага супольнага спявання, таму людзям было цікава. Я не ведала традыцыйных польскіх песень, толькі папулярныя. Калі вярнулася з Дагестана ў Польшчу, то пачала цікавіцца ўласнай традыцыяй. Трапіла на танцавальныя летнікі Дома танцу (грамадская арганізацыя, якая займаецца папулярызацыяй традыцыйнай музыкі — рэд.), на Летнюю школу традыцыйнай музыкі, на спеўныя варштаты, спачатку рускіх песень, потым беларускіх, менавіта з Палесся.
Я даследавала таксама свой родны рэгіён, Усходнюю Мазовію (я паходжу з Мінска Мазавецкага) — рабіла туды і самастойныя экспедыцыйныя выезды, і разам з музыкам Пятром Дорашам у межах даследаванняў Інстытута мастацтвазнаўства Польскай акадэміі навук.
Караліна Падруцка выконвае песні з Усходняга Мазоўша ў рэгіянальным строі. Фатограф Piotr Baczewski
— Як запісацца да цябе на заняткі?
— Мы сустракаемся па аўторках з 17.00 да 19.00 у майстэрні AlleArte у варшаўскім раёне Прага, недалёка ад Віленскага вакзала (Brzeska, 24). Далучыцца можа кожная ахвочая (гэта група жаночых спеваў), запоўніўшы фармуляр. Больш інфармацыі можна атрымаць ў Фэйсбуку, праз электронную пошту allearte@allearte.pl, альбо па тэлефоне 501-33-20-21.
Алена Ляшкевіч, budzma.org
Інтэрв’ю праходзіла па-польску. Пераклад Алены Ляшкевіч
Чытайце яшчэ: «Упадаю ў транс амаль на кожнай рэпетыцыі»: хлопцы з гурта «Касары» распавялі, чаму займаюцца традыцыйнымі спевамі