У Будслаўскім касцёле завершаны будаўнічыя працы

У Будслаўскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі завершаны будаўнічыя працы, піша @budslau.


84.jpg

«Сёння быў падпісаны акт аб увядзенні ў эксплуатацыю рамонтных прац — афіцыйна завершана будаўніцтва. Дзякуем усім ахвярадаўцам і валанцёрам за дапамогу! Наперадзе яшчэ рэстаўрацыя, новыя клопаты і цяжкасці, але разам мы адновім Будслаў...», — напісана ў паведамленні.

Нагадаем, 11 мая 2021 года ў будынку касцёла ўзнік моцны пажар. Агонь знішчыў дах, пашкодзіў скляпенні і іншыя будаўнічыя канструкцыі. Унутры касцёла быў пашкоджаны алтар, жывапіс і арган. Кіраўніцтва Каталіцкай царквы ў Беларусі неадкладна звярнулася па фінансавую дапамогу да людзей.

Беларусы хутка адгукнуліся і сабралі сродкі на аднаўленне храма.

Рамонтныя працы пачаліся амаль адразу, аднаўляўся дах, умацоўваліся і аднаўляліся купал і алтарная частка.