Тэлевядоўца і сьпявачка Кацярына Ваданосава, якая жыве за межамі Беларусі, ахвяравала 10 тысяч эўра на падтрымку вызваленых палітвязьняў, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на BySol.
Кацярына Ваданосава
Грошы пойдуць для палітзьняволеных, вызваленых 19 сакавіка, паведамляе дабрачынная арганізацыя BySol:
«Кацярына зьбірала грошы праз BySol на лячэньне маці. Але цуду, на жаль, не адбылося. Сабраныя грошы пайшлі на аплату пахаваньня і ўшанаваньня памяці. У сваім зборы Кацярына дэкляравала, што калі ня ўсе сродкі будуць выкарыстаныя, то яна ахвяруе іх на іншыя зборы на BySol. З сабранай сумы засталося 10 тысяч эўра, гэтыя сродкі Кацярына пералічыла на пільны збор для вызваленых палітвязьняў».
Учора быў апошні дзень, каб падтрымаць былых палітзьняволеных на плятформе BySol. З заяўленых 250 тысяч сабралі 102 тысячы эўра.
Кацярына пацьвердзіла сваё рашэньне і паведаміла Свабодзе:
«У мамы ўчора быў бы дзень народзінаў — 75 гадоў. Думаю, яна была б радая майму ўчынку».
У 74-гадовай Нэлі Ваданосавай 26 сьнежня адбылося кровазьліцьцё ў мозг, яе шпіталізавалі, правялі апэрацыю.
Заяўленая сума на дапамогу маці Кацярыны Ваданосавай 15 тысяч эўра была сабрана за няпоўныя тры дні. На 2 студзеня было ахвяравана больш за 16 тысяч.
39-гадовая Кацярына Ваданосава — беларуская тэлевядоўца, блогерка, сьпявачка, гісторык паводле адукацыі. У выніку палітычна матываванага перасьледу змушана пакінула зь сям’ёй Беларусь. Цяпер жыве ў Польшчы. У эміграцыі перанесла анкалягічнае захворваньне.
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.