“Будзьма беларусамі!” і “Саюз беларускіх пісьменнікаў”запрашаюць!

Напярэдадні свята – стопершых угодак са дня абвяшчэння БНР грамадска-культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і “Саюз беларускіх пісьменнікаў” зладзілі шэраг творчых сустрэч.

Так, 19 сакавіка ў школе аграгарадка Лашаны адбылася творчая сустрэча вучняў 5—10 класаў з Аксанай Спрынчан і Ярашам Малішэўскім. Ад самага пачатку выступоўцы наладзілі плённае сумоўе з залай, прапанаваўшы не толькі глядзець ды слухаць, але і актыўна ўдзельнічаць у імпрэзе. І прапанова выявілася прывабнай. Гучалі самыя розныя пытанні да гасцей: і пра тое, як жа выступоўцы прыйшлі да зацікаўлення паэзіяй, прозай і музыкай, і пра ўлюбёныя інструменты ды жанры, і пра творчыя планы – толькі і паспявай адказваць. Але асноўную частку імпрэзы, вядома ж, складала адмысловая праграма. Спадар Яраш, расклаўшы перад прысутнымі разнастайныя музычныя інструменты, парупіўся, каб яны былі задзейнічаныя напоўніцу. Гучалі дуда і акарына, пішчык і дудкі, варган і жалейка. І пра кожны інструмент знаходзілася, што апавесці. Спадарыня Аксана чытала вершы са сваіх кніг, загадвала рыфмаваныя загадкі, якія так любяць слухачы, раскрывала некаторыя сакрэты сваё творчай “кухні”. Час прамінуў незаўважна, і выступ завяршыўся выкананнем Ярашам песні пад акампанемент мандаліны, госцю падпявалі ўсе.

Гэтам жа днём творчы дуэт Аксаны і Яраша завітаў і ў Лашанскую бібліятэку, куды сабраліся пачатковыя класы з суседняй школы. Яраш Малішэўскі, кіруючы музычнай часткай, зачараваў дзетак цікавай інфармацыяй пра беларускія інструменты – яна перамяжалася іх жывым гучаннем. Аксана чытала вершы, праводзіла літаратурную агародную хованку-зарадку, загадвала смачныя загадкі. Кожны здолеў, выявіўшы сваю кемлівасць і хуткасць, атрымаць прызы ад “Будзьма беларусамі!”. Прыязная і цёплая атмасфера ў залі супала з вясновым сонейкам за вакном. Натхнёныя, развітваліся – з пажаданнямі новых і плённых сустрэч. 

 

 

 

 

 

 

 

 

Лёгка і займальна пра Максіма Багдановіча ды іншых класікаў нашай літаратуры 19 сакавіка ў бібліятэцы № 15 імя Цёткі распавёў пісьменнік, выкладчык, рэжысёр Васіль Дранько-Майсюк.

Гледачы – пастаянныя наведнікі бібліятэкі, вялікія прыхільнікі беларускай літаратуры, яны адмыслова запрасілі спадара Васіля, каб ён ім прачытаў лекцыю пра беларускіх пісьменнікаў першай паловы ХХ ст. Шмат цікавых і нечаканых фактаў з жыцця М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа ды іншых адкрыў на сустрэчы спадар Васіль. Сустрэча прайшла на адным дыханні. 

 

А пра сакральнае памежжа змроку і светлыні, одуму і адкрыццяў вялі гаворку 20-га сакавіка на занятках “Мова нанова” ў горадзе Барысаве паэты Антаніна Хатэнка і Алесь Камоцкі. Спадарыня Антаніна вяла рэй як этнакультуролаг і распавяла наведвальнікам курсаў наступнае:

“А ж вясна ў беларусаў – не толькі вясна. Вясна ў нашай гістарычнай памяці – існае, прыроднае Навагоддзе. Бо здаўна-прадаўна продкі нашы распачыналі новы год менавіта ўвесну, калі абуджаліся да новага жыцця кожная раслінка і кожная клетка светазладу. Нездарма ж і Дзень Волі, апавешчаны больш за стагоддзе таму, таксама прыпадае на сакавік – на дабравесны час вызвалення ўсяго жывога з-пад зімовае ўлады-распарады.
Ну, а раз па ўсім Краі настае аднаўленне, то й сустрэчы сяброўскія нібыта зладоўваюцца на новай хвалі асэнсавання. Асэнсавання пройдзеных дарог і спазнаных ісцін, як тое звычаёва дзеіцца на мяжы аджылага і надыходнага.

Бо вясна ж раскрыльвае да стваральнасці – стваральнасці сябе і свету, сябе і дому, сябе і свайго асяродку наноў. Менавіта ж гэтымі днямі, калі ўсё зменліва і непрадказальна, але ўсё ўзнадзеена і пераможна, спявалі колісь па ўсёй Краіне велічныя гімны:

“Гаспадару, слічны пану!
Глянь, у двары што дзеіцца, што дзеіцца-лялеіцца!
Раса пала медавая… А ў тваім дамку, як у райку!
Гаспадару, слічны пану! Масці кладку — заві ў хатку!”,

і гаспадаранне ў сваім дамку, у сваёй Айчыне набывала асаблівы, годны і гожы, сэнс. Гэтак яно й склалася: гаспадары і госці разам высноўвалі, выпрадалі нітво тае далёкае традыцыі, якая нястомна жывіць-бароніць нас у свеце, трымаючы аберуч слова, песню, дзею, парасткі пракаветнай веры, каб не знік, не змоўк голас беларускі у шмагалоссі зямное бытнасці.

І жывуць у нашым сэрцы мудрыя паданні пра дзядовыя звычаі загукаць вясну, пявуча раскалыхваючы паўсонную яшчэ прастору і вітаючы з выраю птушыныя чароды. Паданні пра колеры, знакі і сімвалы спалучнасці мінуласці і прышласці, матэрыі і Духу, мужчынскага і жаночага пачаткаў, дзякуючы вечнай хадзе Сонца і дзеля вечнага колазвароту часу, дзеля паўставання Быцця з нябыту”. Бард Алесь Камоцкі аздабляў веснавыя разважанні лірычнымі рамансамі і дастасоўваў ірландскія балады да разваг пра еднасць архаічных абрадаў старадаўніх беларусаў і кельтаў. І зусім па-навагодняму нечакана, узвышана ўпляталася ў канву сустрэчы шчымлівае гучанне акардыёну, на якім “грала вясну” трэцяя госця барысаўчан журналіст Аліна Страшкевіч.

Ды не было б Навагоддзя, каб не было дарункаў. Акрамя песень і ўхвальных слоў гаспадарам, як тое заўжды вядзецца, атрымалі наведнікі “Мовы нанова” святочныя паштоўкі, паэтычныя кнігі, часопісы “Дзеяслоў” і зусім новыя выданні знакамітых празаікаў. Бо й насамрэч тут сталася ўсім цёпла і даверна: “…у дамку, як у райку”

21 сакавіка ў дзіцячую бібліятэку № 13 завіталі нашыя добрыя сябры-рыцары. Юрый Усціновіч і Алесь Пятроўскі павіншавалі ўсіх з днём вясновага раўнадзенства ды пазнаёмілі школьнікаў, якія сюды завіталі, са слаўнымі традыцыямі ваярскага мастацтва. Спадар Юрый распавёў пра ўзбраенне і даспех, якімі карысталіся нашыя продкі, прадэманстраваў, як адбываліся “трэніроўкі”. Таксама дзеткі пабачылі сапраўдны двубой на шаблях. Школьнікі і бібліятэкары доўга не адпускалі гасцей, прымяраючы даспех, спрабуючы мячы ды дзіды на вагу, фатаграфуючыся ды засыпаючы рыцараў пытаннямі 

 

 

 

 

 

 

Перад вясновымі канікуламі у межах тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі да школьнікаў Дзяржыншчыны завіталі беларускія паэты Уладзімір Мароз і Мікола Чарняўскі. Сустрэчы з вучнямі малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту адбыліся ў Петкавічскай сярэдняй школе і ў Дзяржынскай раённай бібліятэцы пад дэвізам “Усе кнігі ў госці да нас”.

Уладзімір Мароз, творчасць якога цесна звязана не толькі з літаратурай, але і з дакументальным кінематографам, распавёў дзецям пра сваю працу над фільмам “Першадрук”, прысвечаным Францішку Скарыне, прачытаў верш “Старажытнае слова”, свае вершы аб Святой зямлі і лірычныя творы з паэтычных кніг “Шляхцянка-восень” і “Крыжы на ростанях”. Таксама правёў невялікую віктарыну па гісторыі беларускай культуры. Тыя, хто правільна адказваў на пытанні, атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Дзіцячы паэт Мікола Чарняўскі распавёў аб пачатку свайго творчага шляху, які пачынаўся ў школьныя гады, чытаў вясёлыя і павучальныя вершыкі. Юныя чытачы з задавальненнем слухалі пісьменнікаў, дружна паўтаралі вершаваныя радкі і адказвалі на пытанні. 

 

 

 

 

 

 

Пісьменнік Уладзімір Сіўчыкаў з ласкавага запрашэння бібліятэкаркі Таццяны Гусевай выступіў на літаратурнай сустрэчы перад навучэнцамі і настаўнікамі ў бібліятэцы Дома культуры гарадскога пасёлка Зялёны Бор, што ў Смалявіцкім раёне. Найперш ён прэзентаваў свае кніжкі вершаў дзецям “Багоўка” і “Кошык Велікодны”.

У гэтым яму дапамаглі і чацьвертакласніцы, якія прадэкламавалі на памяць вершы свайго госця, за што былі ўзнагароджаны прызамі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і кніжкамі пісьменніка.

Гаворка прадоўжылася і падчас аўтограф-сесіі пісьменніка. На развітанне ўдзельнікі літсустрэчы сфатаграфаваліся разам на памяць, а Уладзімір Сіўчыкаў падарыў бібліятэцы некалькі тамоў сваіх выданняў. 

 

 

 

 


23 сакавіка 2019 года споўнілася 30 гадоў народнаму літаратурна-музычнаму аб’яднанню “Выток”. На свята запрошаны госці з Мінска, Віцебска, Домжарыц і іншых куткоў Беларусі.

“Саюз беларускіх пісьменнікаў” прадстаўляла Вера Аляксандраўна Буланда, якая шмат гадоў назад арганізавала і дала назву ўсім тагачасным зборам паэтаў Лепельшчыны.

Яна ў сваіх успамінах прыгадала, як спачатку збіраліся то ў клубе ў в. Стаі, дзе яна настаўнічала, то на кватэры цяпер вядомай паэтэсы і аўтара некалькіх фантастычных кніг Людмілы Барадзейка (Сташцы Грыніч).

Вера Аляксандраўна прачытала свае вершы, якія былі напісаны ў Лепельскі перыяд, і якія яна напісала зусім нядаўна, а таксама ад імя грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” кіраўніку літаб’яднання ды сябрам па пяру падарыла кнігі вядомых нашых пісьменнікаў, беларускія налепкі, паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”. 

 

 

 

 

24 сакавіка ў дзіцячую бібліятэку № 13 завіталі незвычайныя госці. Андрусь Такінданг і Валерыя Валадзько ў вобразе герояў казак Свэна Нурдквіста дзядзькі Пэтсана і коціка Фіндуса спявалі для дзяцей і разам з дзецьмі, якія прыйшлі ў любімую бібліятэку разам з бацькамі. Дзеці былі не толькі гледачамі, але і актыўна прымалі ўдзел у тэатралізаваным канцэрце: абмяркоўвалі лёс літаратурных герояў, адказвалі на пытанні артыстаў, а на прыканцы сустрэчы разам з Фіндусам развучылі адмысловыя казачныя танцы-скокі. 

 

 

 

А ў дзіцячай бібліятэцы №14 распачаўся Тыдзень дзіцячай кнігі. На адкрыццё Тыдня да наведвальнікаў бібліятэкі завітаў піьменнік, гісторык, рэканструктар Юры Усціновіч. Гэтым днём дзеткі пазнаёміліся з яго творамі “Майстра Рукша” і “Янка і конік ягоны Грыўка”, напісанымі ў жанры беларускай быліны.
Спачатку аўтар распавёў пра сябе: пра тое, як марыў з дзяцінства стаць касманаўтам і пісаць кнігі, як шчыра захапляўся міфалогіяй Старажытнай Грэцыі і Рыма, і як многія яго мары здзейсніліся. Спадар Юры па-сапраўднаму шчыра і аддана захапляецца нашай гісторыяй, ладзіць рэканструкцыі касцюмаў, зброі часоў Сярэднявечча, і свае творы таксама прысвячае гістарычным прыгодам. На сустрэчу пісьменнік захапіў свае кнігі і дарыў іх самым актыўным слухачам. Так, уручаў кнігу тым дзеткам, якія правільна правільна адказвалі на пытанні госця, ці тым, хто гучна і прыгожа дыкламаваў вершы на роднай мове. Усцешыла тое, што сярод наведвальнікаў былі дзеці, якія ведаюць вершы і на іспанскай, і на ангельскай мовах. А спадар Юры адзначыў: “Чым больш моваў вы будзеце ведаць, тым лепей для вас. Вы зможаце глядзець на свет у розныя бакі, таму вывучайце мовы і не абмяжоўвайце сябе!” Да таго ж Ю.Усціновіч дадаў, бадай, самае галоўнае: “Не бойцеся марыць, мары спраўджваюцца! Верце ў свае сілы і будзьце самімі сабой! І чытайце кнігі як мага болей!” 

 

 

 

 

P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з ГКК “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!