Цяпер ніхто і не ўспомніць, але пяціхвілінны анімацыйны фільм “Будзьма беларусамі!”, які 7 гадоў таму навёў шоргату ў медыйнай беларускай прасторы, першапачаткова задумваўся як рэклама. Аўтар ідэі, рэкламіст Юлія Ляшкевіч, атрымаўшы замову на стварэнне роліка пра дзейнасць кампаніі “Будзьма беларусамі!”, разважыла: чым здымаць ролік пра дзейнасць, лепш зняць ролік, які сам па сабе і будзе гэтай дзейнасцю ў найлепшым яе праяўленні. І прапанавала ідэю, нікім дагэтуль не скарыстаную: распавесці кароткую гісторыю Беларусі цікава.
У “Будзьме” ідэю падтрымалі, і праца пачалася . Вялася яна больш за год, але вынік быў варты і намаганняў, і часу. Кожны кадр мультфільма — невялікі шэдэўр ад рэжысёра-аніматара Юліі Рудзіцкай, які разышоўся на прынты, застаўкі, нават татуіроўкі, гэтак жа як тэкст Лявона Вольскага ў выкананні Аляксандра Памідорава — на цытаты. Мультфільм запусціў новую хвалю беларускасці, змяніў стылістыку, візуальны код ідэі. Мы сустрэліся з удзельнікамі тых падзей, каб успомніць, як вялася праца над мультфільмам.
“Якую класную рэч мы стварылі!”
Згадваем пра анімацыйны фільм “Будзьма беларусамі!”
— Падчас правядзення кампаніі “Будзьма беларусамі!” мы сутыкнуліся з тым, што людзі, далёкія ад грамадскай актыўнасці, не вельмі разумелі, што сабой уяўляе наша кампанія: як яна дзейнічае, якія нашыя мэты, бізнес мы ці агенцыя? У Беларусі дагэтуль амаль не было шырокіх грамадскіх кампаній. Былі палітычныя, пратэсныя, а культурніцкіх — не было. Была яшчэ перасцярога з боку палітычных партый: маўляў, вось вы заявіліся як грамадская кампанія, набераце сілы і заявіце пра свае палітычныя мэты. Таму, каб адразу можна было даць адказы на ўсе пытанні, мы вырашылі зрабіць ролік.
Звярнуліся да знаёмых рэкламістаў. І тут нечакана выявілася складанасць: трэба было ж рэкламаваць не столькі саму кампанію, колькі яе місію. А як гэта зрабіць? З рэкламай банка, напрыклад, усё зразумела, ясна і празрыста. А як прарэкламаваць любоў і павагу да беларускай мовы, гісторыі ці культуры? Новыя джынсы ад гэтага не з’яўляюцца, і каўбасы ў лядоўні больш не становіцца J. Карацей, трэба было нейкае вельмі крэатыўнае рашэнне. І Юля Ляшкевіч геніяльна яго знайшла: зрабіць анімацыйны фільм пра гісторыю Беларусі. Калі яна на сустрэчы агучыла гэтую прапанову, мы ўсе, уся каманда, сказалі: “Так!”. Проста адразу разам адчулі, што гэта тое, што патрэбна!
Каманда над ролікам працавала вялікая: Юля Ляшкевіч, Юля Рудзіцкая, Лявон Вольскі і ўвесь актыў кампаніі “Будзьма беларусамі!” — мы з Нінай Шыдлоўскай, Андрэй Эзерын, Ігар Лялькоў і Севярын Квяткоўскі.
— З чым была асноўная складанасць падчас працы над мультфільмам?
— Калі ў 2009 годзе нашая кампанія рабіла апытанне разам з “Новакам” і “БІССам” па нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, выявілася, што нельга наўпрост задаваць пытанні адносна ўяўлення беларусаў пра саміх сябе. Савецкая прапаганда сфармавала вобраз гэткага селяніна-пакутніка. І калі падчас сацыялагічнага даследавання людзей пыталі, што яны думаюць пра беларусаў, пераважная большасць казала пра пасіўнасць. Мы выглядалі нейкімі калектыўнымі лузерамі. Але калі чалавека распытвалі пра яго самога, то паўставаў зусім іншы вобраз: наперад выходзіла актыўнасць, паспяховасць. Гэта вельмі добра падчас даследавання выявіў Віталь Сіліцкі. І гэта ж вельмі добра адчула Юля Ляшкевіч, якая прапанавала абыграць гэтую супярэчнасць — разбурыць вобраз пакутніка, выклікаць гонар за самога сябе і агулам за беларускі народ.
Перш за ўсё мы зрабілі спіс значных гістарычных падзей. Атрымаўся ён вялізным, аж на 10 старонак. І мы збіраліся ўсёй камандай, абмяркоўвалі кожную падзею, што ўключыць у мультфільм, што не. Гэта было вельмі нялёгка! Калі з гістарычнымі падзеямі да ХХ стагоддзя ўсё было больш-менш зразумела і рашэнні прымаліся збольшага аднадушна, то чым бліжэй мы падбіраліся да сённяшняга дня, тым станавілася складаней: моцна ўплывалі нашы ўласныя ўспаміны, культурныя прыярытэты. Дыскусія часам рабілася вельмі гарачай. Урэшце мы ўтрая скарацілі спіс і вырашылі спыніцца на 1991 годзе, калі Беларусь стала незалежнай — безумоўная каштоўнасць для ўсіх. Што тычыцца сучаснасці, дык як тыя ці іншыя падзеі будуць выглядаць праз гістарычную прызму, меркаваць рана. Таму і з’явілася ў канцы фраза “Хай кожны напіша ўласны працяг”.
Таксама вельмі добрай была ідэя Юлі Ляшкевіч запрасіць у праект Лявона Вольскага. Па шчырасці, калі мы дасылалі яму тэкст, быў сумнеў: як ён зможа скласці ў тэкст і зарыфмаваць такі вялікі спіс гістарычных падзей?! Каб іх проста пералічыць, патрэбна не меней за 5 хвілін часу. Я перажывала, што Лявон паглядзіць на спіс і скажа, што гэта нерэальна. Але ён толькі запытаў, калі трэба даслаць тэкст гатовай песні. Вельмі лёгка і прыемна было працаваць з Лявонам — ён добра адгукаўся на прапановы і змены. Увогуле, мульт мог прагучаць і голасам Лявона Вольскага, і голасам Вінсэнта, але менавіта Аляксандр Памідораў даў песні неабходны драйв. Пры тым, што ні ён, ні Лявон падчас агучкі не бачылі ўсю анімацыю, толькі кавалачак. Таму можна выказаць павагу і захапленне прафесіяналізмам усіх удзельнікаў праекта, якія спрацавалі напоўніцу, нават да канца не ўяўляючы, якім атрымаецца канчатковы прадукт.
Былі і складанасці. Выявілася, што малавата ілюстрацыйных матэрыялаў, і Юлі Рудзіцкай давялося шмат гістарычных падзей прамаўлёўваць самой. Былі цяжкасці і з падборам слова для рэфрэна, каб паказаць беларусаў паспяховымі ды актыўнымі. Давялося ўсёй камандай шмат раіцца і дыскутаваць на гэты конт. Пасля мы чулі крытыку і наконт слова “шалёны”, і наконт таго, што ўзялі святыя для Беларусі вобразы і паказалі, што яны былі жывымі людзьмі. Але ў гэтым таксама была ідэя нашага фільма. Мы хацелі паказаць, што сёння гісторыю пішам мы, кожны з нас. І нашыя слаўныя продкі таксама былі людзьмі, яны не адразу сталі знакамітымі ваярамі/ваяркамі ці асветнікамі і асветніцамі.
— Ці задаволеныя вы вынікам? Ці думалі над працягам?
— Прадукт атрымаўся вельмі паспяховым і рэзанансным. Праз колькі гадоў пасля выхаду анімацыйнага фільма мы некалькі разоў абмяркоўвалі ідэю зрабіць “Будзьма беларусамі — 2”, але хацелі пазбегнуць паўтору. Ёсць, канечне, асцярога, што прадукт можа атрымацца горшым за папярэдні, як часам бывае з мастацкімі фільмамі. Гэты анімацыйны фільм заклаў дастаткова высокі ўзровень, з ім цяжка канкураваць.
Нам вельмі цікавыя былі водгукі на фільм з боку замежных калег і партнёраў, якія казалі, што ў фільме шмат ваенных дзеянняў, а дзе ўніверсітэты, дзе Магдэбургскае права, нашыя дойлідства і кнігадрук. Можа быць, мы калі-небудзь зробім фільм і пра гэта.
Гэта быў 2010 год, лета. Было вельмі горача, і я амаль увесь час быў у вёсцы. І вось там, седзячы на ганку, даволі хутка напісаў увесь гэты немаленькі тэкст. Потым, натуральна, былі розныя праўкі, але ўвесь, так бы мовіць, каркас напісаўся за дзень.
Спачатку мне далі “шпаргалку” — з падзеямі і датамі. Засталося толькі зарыфмаваць.
Працаваць наогул было вельмі цікава. Для кожнага часу, пра які распавядаецца ў тэксце, трэба было стварыць пэўную музычную атмасферу, выкарыстаць розныя інструменты, па-рознаму афарбаваць, дзесьці працытаваць кавалак твора… І ўсё гэта рабілася, я вельмі добра гэта памятаю, на адным дыханні, хутка, нязмушана і весела.
— Як вам працавалася з камандай? Ці былі складанасці?
— Ніякіх складанасцяў не было. Былі дробныя рэдагаванні — тую падзею выкінуць, тую — дадаць. Складанасці былі ў творчым працэсе. Спачатку я сам начытаў тэкст на студыі, але мне маё выкананне не зусім спадабалася. Тады я запрасіў Вінсэнта. Мы праслухалі ягоную версію, і я вырашыў, што гэтая песня не зусім яму пасуе.
Ён вельмі добры менавіта ў сваіх праектах, а тут нешта не было да канца пераканаўча. Тады мы вырашылі запрасіць Аляксандра Памідорава, старога добрага калегу, і як толькі ён пачаў выконваць песню ў студыі, усе ў адзін голас сказалі: “Гэта тое, што трэба!” І так і атрымалася.
— Дзяўчаты ў адзін голас казалі, як лёгка з вамі працавалася. Вы не адмаўляліся змяняць, эксперыментаваць, прыслухоўваліся да іншых. Гэта прафесіяналізм ці такая ваша рыса характару?
— Я спадзяюся, гэта і тое, і другое. Але я заўжды гнутка ставіўся да супольных праектаў, інакш якія яны тады будуць супольныя, калі кожны будзе “жэстачайшэ гнуць сваю лінію”?
— Ці задаволеныя вы агульным вынікам?
— Так, усім задаволены. Я нават не спадзяваўся на такі круты вынік. У Юлі Рудзіцкай непаўторны стыль, і ўсё неверагодна класна спалучылася — музыка, тэкст і анімацыя.
Каця Петухова