“Будзьма!” прывезла “легенды” ў Магілёў

Амаль трохгадзінная гісторыка-музычная імпрэза з удзелам легендарнага музыкі Андрэя Плясанава і гісторыкаў Антона Астаповіча і Змітра Яцкевіча адбылася 22 сакавіка ў Магілёве.

Імпрэза была арганізаваная Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры і ладзілася ў будынку грамадскага цэнтру “Кола сяброў” у межах кампаніі “Будзьма!”.

Мерапрыемства складалася з дзвюх частак. Падчас першай, гістарычнай, з лекцыямі выступілі старшыня таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч і загадчык аддзелу Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі Зміцер Яцкевіч. Спавешчанні былі прысвечаныя гісторыка-культурнай спадчыне Магілёва, яго каштоўнасцям і праблемам іх захавання. У перапынках паміж іх выступамі спяваў магілёўскі бард Ігар Мухін.

У другой палове імпрэзы адбыўся канцэрт вядомага музыкі і спевака, заснавальніка гурту P.L.A.N. Андрэя Плясанава. У яго выкананні прагучала большасць кампазіцыяў з апошняга альбому Р.L.A.N.у “У пошуках страчанага”. Сам дыск аматары творчасці гурту маглі набыць па сканчэнні імпрэзы. У якасці падарункаў усе прысутныя атрымалі складанку “Вольныя песні”, прадзюсэрам якой з’яўляецца сам Плясанаў.

У якасці вядучага мерапрыемства выступіў каардынатар кампаніі “Будзьма!” Ігар Лялькоў. Па яго словах, усіх выступоўцаў, не зважаючы на іх розныя ролі ў культурным жыцці краіны, аб’ядноўвае любоў да горада і да яго багатай культуры ў мінуўшчыне і ў сучаснасці. “Андрэй Плясанаў – адзін з ветэранаў беларускай незалежнай музыкі. На жаль, у Магілёве ён ніколі не выступаў з канцэртамі. У дадатак, самі магілёўцы выказалі жаданне прывесці да іх “легенду”. Вось мы і вырашылі зладзіць вялікае свята для горада, яго жыхароў і ўсіх гасцей імпрэзы”, – адзначыў Ігар Лялькоў.

На фота:

1. Андрэй Плясанаў, Зміцер Яцкевіч, Ігар Лялькоў.
2. Выступ Змітра Яцкевіча
3. Спявае Андрэй Плясанаў
4. Магілёўская публіка

Тэгі: