На дзень усіх святых з нагоды трохгоддзя буйнога інтэрнэт-парталу MetalFront.org у мінскім клубе “Рэактар” адбыўся канцэрт з удзелам айчынных металгуртоў Posthumous, Blasphemer, Id:Vision, Infestum, Solarward, Inner Resistance. Ён распачаў новы “метал\гатычны” музычны сезон і гэтым разам праходзіў пад знакам агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма!”.
4 гадзіны цяжкіх гітарных рыфаў і агрэсіўнага вакалу з перапынкамі для тэматычных конкурсаў – такім быў агульны фармат мерапрыемства. Моцная энергетыка і напружанасць у залі – нязменны атрыбут падобных імпрэзаў. Самі музыкі патлумачылі такі настрой публікі значным перапынкам у выступах беларускіх метал-гуртоў, якія распачалі новы сезон са спазненнем на месяц.
Паміж выступамі музыкаў адбываліся шматлікія конкурсы, сярод якіх конкурс “Міс MetalFront 2008”, а таксама спаборніцтвы за званне “самага жудаснага” і “самага пачварнага” наведніка ў гонар вядзьмарскага “Нalloween”у. Пераможцы былі ўзнагароджаныя падарункамі ад “Будзьма!”.
На пытанні кампаніі “Будзьма!” аб узроўні арганізацыі канцэрту і ўласным стаўленні да кампаніі адказвае вакаліст гурту “Inner Resistance” Юрась, які, дарэчы, як і астатнія ўдзельнікі гуртоў, з якімі нам пашчасціла пагутарыць у перапынках паміж выступамі, апынуўся гаваркім і абаяльным маладым чалавекам. “На канцэрт прыйшло вельмі шмат людзей, што не можа не радаваць. Шмат пазітыўных эмоцыяў. Арганізацыя канцэрту была на вельмі добрым узроўні, за што асобная падзяка спадару Супрановічу. Што датычыцца кампаніі, мне асабліва спадабаліся конкурсы “Што ёсць сымбалем Беларусі?” і “Каго вы хочаце бачыць на беларускіх банкнотах? “. “Залікова так!” – зазначыў ён.
На канцэрце прысутнічаў і вядомы журналіст і музычны крытык Вітаўт Мартыненка. Па яго словах, канцэрт атрымаўся надзвычай удалым, але ў рэпертуары беларускіх музыкаў была толькі адна песня на беларускай мове, што, безумоўна, з’яўляецца ягоным галоўным адмоўным момантам. “Толькі на роднай мове культурны прадукт будзе жыць. Інакш ён памрэ,” – зазначыў спадар Мартыненка.
Не абыйшлося і без недарэчных момантаў. Цягам канцэрту спадар Мартыненка прадаваў музычныя дыскі айчынных выканаўцаў, кнігі і кашулькі з выявамі музычных гуртоў. Прадукцыя не карысталася асаблівым попытам, акрамя хіба што маек. “Адную майку прадаў. Потым штосьці вымусіла мяне адвярнуцца, пасля чаго зірнуў на стол – дзве майкі зніклі. Скралі!” – з усмешкай паведаміў ён.
Канцэрты беларускіх выканаўцаў будуць ладзіцца ў межах кампаніі “Будзьма!” і надалей. Сачыце за абвесткамі на сайце “Будзьма!”.
Фота Арсенія Пахомава.