“Будзьма!” віншуе са стагоддзем БНР!

Шаноўныя сябры, калегі, партнёры!

Ад усёй душы віншуем вас з сотымі ўгодкамі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі!

Наша гісторыя багатая на знакавыя, велічныя і драматычныя падзеі, і стварэнне БНР — не выключэнне. У свеце няма такога народа, для якога працэс здабыцця нацыянальнай дзяржавы аказаўся б простым. Не быў ён лёгкім і для беларусаў, якія, пазбаўленыя ўласнай дзяржаўнасці, доўгія гады вымушаныя былі туліцца на ўзбочыне гісторыі.

Першая сусветная вайна, рэвалюцыі і распад імперыяў да непазнавальнасці змянілі палітычную мапу Еўропы. На ёй адна за адной пачалі ўзнікаць новыя дзяржавы. Не засталіся ўбаку і беларусы, якія, нягледзячы на ўсе перашкоды, супярэчнасці, сумненні ды адвечныя нашыя “але”, абвясцілі незалежнасць сваёй краіны.

card_25-03_2web

Сярод тых, хто прымаў Трэцюю Устаўную грамату 25 сакавіка 1918 года, былі ў асноўным маладыя людзі. Многім з іх не было нават 30 гадоў. Уявіце сабе, наколькі актыўнымі былі тыя, хто ўзяўся за справу адраджэння беларускай дзяржаўнасці сто гадоў таму. Жадаем і вам, натхняючыся іх досведам, заўжды заставацца маладымі, моцнымі, актыўнымі, бадзёрымі і ініцыятыўнымі! Добра сустрэць адметны юбілей і з поспехам працаваць на карысць нашай агульнай Бацькаўшчыны.

Жыве Беларусь!