Мы прызвычаіліся да таго, што міжнародны досвед неяк больш прасунуты за наш, але ці так гэта? Нядаўна на адным з семінараў мне трапілася прэзентацыя Нацыянальнага саюза журналістаў Вялікабрытаніі. Яны займаюцца і праблемамі булінгу, каб не дапускаць такога ў сваіх СМІ і не падтрымліваць, хай і ненаўмысна, цкаванне.
Не дзіцячая праблема
Збольшага, калі размова ідзе пра булінг і кібербулінг, яна заўсёды скочваецца ў праблемы ўзаемадачыненняў і паводзінаў дзяцей. Сапраўды, гэтая праблема ў дзіцячым асяроддзі — найбольш вострая, і мала хто з ужо дарослых людзей можа сказаць, што не сутыкаўся з цкаваннем у ранні перыяд жыцця. Тады гэта проста не называлі булінгам. Але ці на самай справе гэтая праблема — выключна «дзіцячая»?
Вось як, напрыклад, вызначае паняцце «булінг» Нацыянальны саюз журналістаў Вялікабрытаніі:
«Булінг можа быць ахарактарызаваны настойлівымі, агрэсіўнымі, абразлівымі, запалохвальнымі, зламыснымі ці зневажальнымі паводзінамі, якія могуць засмуціць асобу, на якую яны скіраваныя, прынесці ёй адчуванне запалоханасці, прыніжанасці або ўразлівасці. Ён можа ўключаць у сябе пастаянную крытыку кампетэнтнага супрацоўніка, крык на супрацоўнікаў, публічнае або прыватнае прыніжэнне асобы, неабгрунтаваныя патрабаванні па працы або ўстаноўку кагосьці на няўдачу».
Брытанцы, як бачым, не кажуць пра булінг як пра праблему выключна дзяцей. Наадварот, у іх вызначэнні — праблема калектыву і азначэнне «асоба», без указання ўзросту і гендарнай прыналежнасці.
Шмат агульнага
Можа падавацца дзіўным, але хуліганы па ўсім свеце дзейнічаюць аднолькава. Журналісты Аб’яднанага Каралеўства вызначылі для сябе характэрныя праявы булінгу і падзялілі яго на некалькі катэгорый.
Напрыклад, вербальны булінг адзначаецца абразамі асобы, прыніжэннем, кпінамі і дамаганнямі. Ёсць псіхалагічны булінг: закочванне вачэй, «брудныя погляды», пагрозы, вымагальніцтва, нежаданыя заляцанні, сэксуальныя дамаганні. І, як вынік, булінг фізічны — штурханне, піханне, і аж да збіцця.
Таксама вызначаны такі тып, як «ускосны булінг» — гэта так званае «сацыяльнае выключэнне»: пазбяганне кантактаў з ахвярай, пакіданне яе ўбаку, намаўленне людзей не сябраваць з чалавекам, пашырэнне прыватнай інфармацыі без ведама ахвяры, распаўсюд хлусні пра ахвяру.
Яшчэ раз паўтаруся: гэта тычыцца не толькі дзяцей, але і дарослых. Але і без «дзіцячай псіхалогіі» брытанскія адмыслоўцы ў барацьбе з булінгам усё роўна не абыходзяцца. Бо характар чалавека фармуецца ў дзяцінстве.
Таму даволі цікавае даследаванне было праведзенае не сярод ахвяраў булінгу, а сярод хуліганаў, якія цкуюць іншых.
«Партрэт злачынцы»
Размаўляючы з тымі, хто здзяйсняе гвалт і цкуе іншых, эксперты Вялікабрытаніі вывелі некалькі агульных рысаў «хулігана». І яны даволі парадаксальныя.
Тых, хто займаецца цкаваннем, найперш адзначае больш высокі ўзровень агрэсіі (хто б сумняваўся), і меншы ўзровень згрызотаў сумлення. Яны прагнуць дамінаваць над аднагодкамі, патрабуюць адчування кантролю і заўсёднай перамогі, дапускаюць жорсткія паводзіны.
Але пры гэтым яны ўнутрана слабыя. Яны імкнуцца перакласці свае праблемы на іншых. Яны адмаўляюцца браць на сябе адказнасць у пэўных сітуацыях. Яны зайздрослівыя і ўспрымаюць перамогі іншых як страту для сябе. Існуе даволі вялікая імавернасць, што «хуліганаў» раней саміх цкавалі.
Прычым, як адзначаюць адмыслоўцы, дзеці-хуліганы, калі іх не спыняць, вырастаюць у дарослых хуліганаў. Адсюль і з’яўляюцца карані «дарослых» праблемаў злачынства — напрыклад, хатняга гвалту.
«Нешта не так»
Бацькі, у якіх шмат праблемаў, усё менш размаўляюць са сваімі дзецьмі. Дый самі дзеці ўсё больш часу замест «жывых стасункаў» бавяць час у віртуальнай прасторы, перапісваючыся з не менш віртуальнымі сябрамі. Таму не дзіўна, што пра праблемы дзіцяці яны даведваюцца нібыта знянацку.
Але адмыслоўцы склалі шэраг фактараў, па якіх можна здагадацца, што ў дзіцяці ўзніклі праблемы.
Напрыклад, гэта пазбяганне сацыяльнай актыўнасці і групавых узаемадачыненняў, а таксама выключэнне з сацыяльных актыўнасцяў. Раптоўная ізаляванасць і аддаленасць, лёгкі пераход у стан смутку альбо раздражнення. Часам пачынаюцца дзеянні на шкоду сабе (не толькі фізічныя), адставанне ў навучанні. Прыкметаю булінгу могуць быць знікненне асабістых рэчаў, страх або запалоханасць у адносінах з пэўнымі дзецьмі, частыя хваробы, якія выкарыстоўваюцца як тактыка пазбягання пэўных людзей. Нават змены ў апетыце, на думку брытанцаў, могуць сведчыць пра праблемы дзіцяці ў стасунках з навакольнымі.
Спецыялісты Вялікабрытаніі раяць звярнуць увагу на дзіця, калі існуе хаця б адна (!) прыкмета з пералічаных зменаў у паводзінах і абстаноўцы. Лепш перастрахавацца і памыліцца, чым недаглядзець і «запусціць хваробу»
Як спыніць булінг?
Як ні дзіўна, булінгавыя паводзіны «хуліганаў» спыняюцца толькі тым, што мы перажываем цяпер на ўзроўні ўсяго грамадства, а менавіта — салідарнасцю. Ахвяра булінгу мае патрэбу найперш у маральнай падтрымцы.
Нават простая прагулка з асобай, якую цкуюць, гутарка і выказванне салідарнасці і падтрымкі надае ахвяры моцы змагацца з булінгам. Проста тады чалавек, якога цкуюць, бачыць, што не ўсе навокал «ворагі».
Трэба вучыць дзіця не быць абыякавым і ўмешвацца ў канфлікт. Трэба навучыць яго казаць «стоп» хулігану. Гэта не толькі дапамога ахвяры, гэта яшчэ і «званочак» для агрэсара, што не ўсе ўспрымаюць яго дзеянні і паводзіны як «нармальныя». Агрэсар, як ужо адзначалася вышэй, — асоба ўнутрана слабая, і таму салідарнасць з ахвяраю нават двух-трох чалавек можа пазбавіць яго ўпэўненасці ў сабе і спыніць гвалт.
Асабліва гэта працуе, калі ў сітуацыю булінгу ўмешваецца група дзяцей. Тады «хуліган» губляе імпэт ці не імгненна.
Не быць абыякавымі, быць салідарнымі, спыняць несправядлівасць — ці не гэтаму мы павінны і імкнёмся вучыць дзяцей і вучымся проста цяпер, на нашых штонядзельных маршах і «ланцугах салідарнасці»?
Аліна Бялова для budzma.by