У грузінскай сталіцы дзве беларускі стварылі «Буслік-хаб» — беларускую прастору для дзяцей. Пакуль што гэта робіцца на голым энтузіязме — падаецца, як і ўсе падобныя ініцыятывы ў замежжы. Але з цягам часу гэтая ініцыятыва можа ператварыцца ў сапраўдны беларускі асяродак Тбілісі. Прынамсі, задума такая.
Як распавядае адна са стваральніц гэтай прасторы Дана Кавалёва, у Тбілісі яна пераехала з Батумі.
«У Батумі працуе дзіцячы беларускамоўны клуб на базе Spring School. Там мы пачыналі заняткі з Касяй Панкевіч. І калі я пераехала ў Тбілісі, мне было шкада, што тут няма беларускамоўнага клуба. Але я знайшла тут сваю знаёмую, Сашу Курачкіну. У мяне сыну 7 гадоў, у Сашы — 8. Адна я б не здолела такое правярнуць, а тут, калі нас двое, ужо лягчэй», — кажа Дана.
З гэтага і паўстала ідэя «Буслік-хабу» — месца, дзе дзеці маглі б размаўляць па-беларуску, вучыць беларускую мову і займацца іншымі справамі, добра бавіць час.
Чытайце яшчэ: У Батумі пачаў працаваць беларускі клуб
Зразумела, што нават удваіх праводзіць заняткі — складана. Таму дзяўчаты кінулі кліч па беларускіх чатах і тэлеграм-каналах у пошуках тых, хто мог бы займацца з дзеткамі. Адгукнуліся яшчэ тры дзяўчыны: адна настаўніца, адна праводзіць курсы акцёрскага майстэрства, адна, так бы мовіць, «выхавацелька», проста беларускамоўная дзяўчына, якая хацела працаваць з дзеткамі. Так і склаўся першы «расклад заняткаў»: настаўніца вядзе акадэмічныя заняткі з дзеткамі, яны пішуць пропісы, вывучаюць новыя словы, потым «выхавацелька» вядзе другую гадзіну — праводзіць майстар-клас па ежы, нешта гатуе з дзеткамі, напрыклад, рабілі прысмакі з фінікаў, гарэхаў... А ў суботу — тэатральны занятак і акцёрскае майстэрства.
Па словах Даны, пакуль у «Буслік-хабе» прайшлі толькі першыя заняткі, але цікавасць да іх ужо даволі вялікая.
«На акадэмічных занятках у нас было 9 дзетак, але планавалася больш — нехта не прыйшоў з-за хваробы, нехта па іншых прычынах, так заўсёды бывае. Водгукі збіраць яшчэ рана, трэба пачакаць прыкладна месяц. Некаторыя бацькі заставаліся паглядзець на нашы заняткі: там былі маленькія дзеці, бацькі проста сядзелі на кухні. Збольшага ім спадабалася, што дзеткі ўключаюцца ў працэс, гатуюць, вывучаюць новыя словы», — кажа яна.
«Па досведзе ведаю, што прыкладна праз месяц бацькі прыходзяць і кажуць, што дзеці дома пачынаюць казаць "дзякуй", "дабранач". Пакуль у нас толькі адзін дзіцёнак з беларускамоўнай сям’і. Астатнія бацькі не размаўляюць па-беларуску, таму дзеці занава вучаць мову. Ну, і ўзровень, канечне, розны, таму што ёсць дзеці 3–4 гады, гэта самыя маленькія, а самаму старэйшаму 12 год. Таму мы, напэўна, яшчэ будзем падзяляць іх на групы, і настаўніца будзе рабіць для іх розную праграму навучання. Ну і, канечне, дадаюцца дзеці, таму, напэўна, будзе яшчэ адна група», — разлічвае Дана Кавалёва.
«Буслік-хаб» — гучыць добра. Насамрэч заняткі праходзяць у кватэры, якую здымае Аляксандра.
«Пакуль што мы не здымаем памяшканне, праводзім заняткі ў Сашы, у яе ёсць вялікая заля, добрая кухня, дзе мы можам нешта гатаваць з дзеткамі, таму пакуль нават не арандуем памяшканне, бо на гэта няма грошай», — кажа Дана.
З павелічэннем колькасці дзяцей, канечне, трэба будзе шукаць іншае памяшканне.
«Нам адна грузінка, уладальніца гасцявога дома, прапанавала раз на тыдзень збірацца ў яе бескаштоўна. Думаем прыехаць да яе, паглядзець, дамовіцца... Другая цяжкасць — гэта знайсці памяшканне, якое б задавольвала ўсіх з пункту гледжання, каб было зручна даязджаць. Батумі — горад маленькі, у ім было лягчэй. А Тбілісі — вялікі», — адзначае Дана.
Пытанне з памяшканнем — не адзіная праблема, якая паўстае перад такімі ініцыятывамі. Канечне, ёсць праблемы і з адукацыйнымі матэрыяламі для дзяцей, найперш з падручнікамі.
«У мяне ёсць напрацоўкі, якія мы рабілі з Касяй у Батумі, там мы карысталіся збольшага інтэрнэтам і ўласнай фантазіяй. На першых занятках, напрыклад, рабілі знаёмства: як можна вітацца па-беларуску, развітвацца. Потым вывучалі колеры, дадавалі гульні, напрыклад, у "Святлафор", але на беларускай мове.
Гулялі ў "рэстарацыю", раздрукоўвалі карткі з садавіной і гароднінай... Я прапанавала тое ж самае нашым настаўніцам, яны дадаюць гэта ў свае заняткі — каб было больш гульняў, каб было не проста пісанне ў пропісах, каб дзецям было цікава. Я раней працавала ў прыватнай школцы, таму я проста бяру гэта адтуль, толькі на беларускай мове», — гаворыць Дана.
Настаўнікі збольшага карыстаюцца інтэрнэтам, балазе ёсць добрыя рэсурсы кшталту «Мова Нанова». «Ёсць паштовачкі з беларускімі словамі, — падаецца, іх "Будзьма!" і выдавала. Мы іх проста плануем павялічыць на А4 і вывучаць. Настаўніца, якая прыехала сюды, на свае грошы набыла кніжкі і пропісы ў Беларусі і прывезла, але ў нас быў спіс большы», — гаворыць Дана. І таму вельмі не хапае звычайнага прынтара.
«Прынтар! У нас на раздрукоўкі сыходзіць шмат рэсурсаў. Думаем кінуць кліч, каб, можа, хто ахвяраваў, бо нам даводзіцца шмат друкаваць, сканіраваць, павялічваць... Настолкі і кніжкі па-беларуску, напэўна, ніколі не бываюць залішнія», — пералічвае патрэбы Дана.
Сама Дана Кавалёва хацела б перарабіць пакуль што дзіцячы «Буслік-хаб» у нешта большае, а менавіта — у беларускі асяродак у Тбілісі.
«Мы адразу назваліся "хаб", таму што плануем зрабіць яго для ўсіх. Там будуць і для дарослых заняткі, проста мы вырашылі пачаць з дзетак. Для дарослых хацелася б зрабіць моўны клуб. Там можна проста гуляць у настолкі і разам размаўляць. Таму што раней я размаўляла выключна па-беларуску, але ў Грузіі мала хто размаўляе, таму я цяпер з тымі, хто размаўляе па-беларуску, стасуюся па-беларуску, а з рускамоўнымі па-руску. Таму мне хацелася б стварыць такое асяроддзе, дзе б мы падтрымлівалі сваю мову, моўную практыку хаця б раз на тыдзень. Саша яшчэ хацела б рабіць пікнікі і беларускамоўныя экскурсіі па Грузіі. Але гэта тады, калі ўсталюецца больш цёплае надвор’е. А я — за настолкі, гэта маё хобі. Можна глядзець кіно па-беларуску, потым нешта абмяркоўваць.
Я ведаю, што тут ёсць адна жанчына, якая ў Беларусі праводзіла спевы, можна яе папрасіць, я думаю, яна не адмовіцца рабіць нешта тое ж і тут. Хацелася б адзначаць нашы беларускія святы: у Батумі рабілі Калядкі, можна і тут рабіць.
Калі будзе нармальнае памяшканне, мы думаем нават не абмяжоўвацца толькі беларусамі, а каб прыходзілі ўсе — грузіны, рускія, украінцы, хто хоча. Але зараз нам і так не хапае памяшкання: калі там шмат дзетак, у кватэры проста задушна. Таму мы плануем з усталяваннем надвор’я перамясціцца, можа, на вольнае паветра», — распавядае Дана пра свае планы.
Што трэба для таго, каб яны здзейсніліся? Напэўна, толькі ўзгадаць, што «беларус беларусу — беларус». Пакуль што «Буслік-хаб» працуе на голым энтузіязме. Але з больш моцнай падтрымкай саміх беларусаў Тбілісі можна зрабіць з гэтай ідэі «цукерачку» — выдатнае беларускае асяроддзе ў грузінскай сталіцы.
Аліна Бялова, budzma.org