Паэтэса Вера Буланда 16 жніўня 2017 года выступала ў гарадской бібліятэцы №1 горада Барысава, а 18 жніўня – у Зембінскай бальніцы Барысаўскага раёна.
Свой выступ Вера Аляксандраўна пачала з верша Пімена Панчанкі “Буслы, буслы…”
Буслы да нас вясною зноўку вернуцца,
Як на зямлі прадзюбнецца трава,
Без чалавечай і буслінай вернасці
Няма ні дабрыні, ні хараства.
З гэтых радкоў спадарыня Вера распачала размову пра народнага паэта Беларусі П. Панчанку, пра яго неўміручую творчасць, засяродзіўшы ўвагу на вядомым афарызме мастака слова “Без чалавечнасці не будзе вечнасці”. Для ўсіх слухачоў было радаснай навіной паведамленне, што Пімен Емяльянавіч хадзіў па тых жа сцежках, па якіх зараз ходзяць і яны.
А наступнае выступоўца прачытала з паштоўкі, дасланай ёй на 8 сакавіка 1988 г.: “Маё маленства прайшло ў Бягомлі да лета 1932 года. Адзін навучальны год (1930-1931) я сапраўды жыў і вучыўся ў Мсціжы. Бацька рабіў загадчыкам лесаўчастка… Гэта было вельмі даўно, у старажытную эпоху. У 1931 годзе я ад Бягомльскіх піянераў ездзіў з Мсціжа на першы ўсебеларускі злёт піянераў…”
Спадарыня Вера распавяла гісторыю незвычайнай перапіскі з народным паэтам. Доўгі час сумняваючыся, што настаўніца гісторыі насамрэч сядзела за адной партай з “Пімкам”, як тая хвалілася неаднаразова, Вера Аляксандраўна перачытала ўсё, што знаходзіла ў літаратуры, нават у “Ленінцы” у студэнцкія гады спрабавала знайсці адказ на пытанне: ці праўда, што Панчанка вучыўся ў Мсціжы? Ні ў біяграфіі, ні ў артыкулах пра народнага паэта не было станоўчага адказу. І таму аднойчы асмелілася запытацца пра гэта ў самога паэта. Сведчаннем таму паштоўкі і кнігі, якія аўтар многіх кніг пра чалавечнасць і вернасць пачаў штогод дасылаць маладой настаўніцы. А ў кнізе “Горкі жолуд” з’явіўся верш, дзе ўпершыню прыгадваюцца і Мсціж, і Ваўча – вёскі па дарозе з Бягомля на Барысаў:
Залессе, Плёсы, Крэва,
Ваўчу і Ваўкавыск
Змяніць, закрэсліць трэба –
Здаўна я чую віск.
І трубяць зноўку боўдзілы,
Што Мсціж і Арахі,
І Бортнікі, і Бондары
Даўно пара ў архіў…
Слухачам было таксама прыемна чуць “Гістарычны верлібр” паэта, які знаёміць чытача з цудоўнай і вядомай не толькі ў Зембіне, але і далёка за межамі Беларусі, Надзяй Хадасевіч-Лежэ:
Надзя Хадасевіч,
Беларуская дзяўчынка з Зембіна,
Заляцела ў Парыж,
Зрабілася вядомай мастачкай,
Выйшла замуж
За славутагаФернана Лежэ.
Яна ніколі не забывада родны край,
Часта ўспамінала Беларусь.
І прыязджала, і любавалася
Бырозамі і рабінамі.
Пад старасць падарыла Зембіну
Многа сваіх карцін.
Іх, каб лепш зберагчы,
Мясцовыя ўлады так схавалі,
Што ледзь-ледзь знайшлі.
Вось такая вернасць мастачкі, вернасць паэта, якія вярнулі нас да нашага краю, да цікавай гісторыі з жыцця вядомых людзей, да верных буслоў. Што і даказвае ў каторы раз, што “без чалавечай і буслінай вернасці няма ні дабрыні, ні хараства.
Спадарыня Вера прачытала і свае вершы пра Мсціж, Зембін, землякоў, сваякоў…
Мястэчка вяселляў і хрэсьбін,
Прыгожых дзяўчат, юнакоў,
З загадкавай назваю Зембін
Гукае з глыбокіх вякоў.
Спыняўся француз тут і немец,
І памяць дасюль беражэ
Герояў адважнага племя
І яркую кветку Лежэ…
Актыўныя ўдзельнікі гутаркі ад культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі! ” былі ўзнагароджаны паштоўкамі “Не маўчы па-беларуску”, значкамі, торбачкамі і майкамі з выявамі Цмокаў і Францыска Скарыны.