«Вандруй. Адчуй. Натхняйся» — акцыя пад такой назвай будзе праходзіць па ўсё Беларусі з 2 па 8 чэрвеня 2025 года. Удзельнічаць будуць музеі, культурныя цэнтры, установы адукацыі, аграсядзібы, турыстычныя комплексы, экалагічныя паркі — агулам каля 800 розных аб’ектаў. Так што выбар сапраўды вялікі.
Арганізатары акцыі — Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнае агенцтва па турызме.
У перыяд акцыі аб’екты па ўсёй Беларусі прапануюць наведвальнікам:
бясплатныя экскурсіі і квэсты;
дні адчыненых дзвярэй;
майстар-класы;
дэгустацыі страў нацыянальнай кухні;
прэзентацыі паслуг і спецыяльныя прапановы.
Удзельнікі акцыі абяцаюць безліч разнастайных мерапрыемстваў. Вось толькі некаторыя, што падаліся нам цікавымі і якія мы раім па магчымасці наведаць:
3 чэрвеня — бясплатны ўваход у музей і зборная бясплатная экскурсія ў Доме-музеі Марка Шагала. Пачатак 14:00. А таксама, бясплатны ўваход у музей і зборная бясплатная экскурсія ў Арт-цэнтры Марка Шагала з 14.00;
4 чэрвеня «Музей-сядзіба Пружанскі палацык» ладзіць бясплатную экскурсію (г. Пружаны, вул. Савецкая, д. 50);
5 чэрвеня «Гомельскі палацава-паркавы ансамбль» запрашае на бясплатныя экскурсіі;
5 чэрвеня філіял «Гальшанскі замак» УК «Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.К. Багушэвіча» запрашае на бясплатную экскурсію (пачатак 14:00 і 15:00), а 6 чэрвеня на квэст-гульню «Чорны замак Альшанскі» паводле аднайменнага рамана Уладзіміра Караткевіча (пачатак 15:00);
5 чэрвеня можна бясплатна наведаць «Музей беларускага Палесся» (г. Пінск, пл. Леніна, 22).
6 чэрвеня філіял музея гісторыі беларускай літаратуры «Фальварак Ракуцёўшчына» запрашае бясплатна наведаць музей і паўдзельнічаць у экскурсіі;
з 3 па 8 чэрвеня Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае наведаць бясплатна філіял музея «Акопы».
У гэтыя дні ўваход на экспазіцыю вольны.
Падрабязны пералік аб’ектаў, якія ўдзельнічаюць у акцыі, можна спампаваць ці азнаёміцца з ім тут. У табліцы ёсць магчымасць адсартаваць аб’екты па вобласці, тыпе арганізацыі.
Каб патрапіць на экскурсіі ці іншыя мерапрыемствы, трэба абавязкова папярэдне запісацца па тэлефонах, якія ўказаны насупраць кожнага ўдзельніка акцыі ўсё ў той жа табліцы.
Прыемных вандровак!