У даганялкі з чэкістамі. Як ГПУ падбіралася да Якуба Коласа

30.07.2026 Гісторыя

Іосіф Апанскі доўга разглядаў невялікую фотакартку, вынятую падчс ператрусу ў кватэры слуцкага актывіста. Некалькі разоў перавярнуў яе. На адвароце — кароткі дарчы надпіс датаваны 1923 годам. Подпіс пад ім — Якуб Колас, распавядае часопіс «Карона Вітаўта».


Апанскаму было ўсяго дваццаць сем. Але за ягонымі плячыма ўжо імклівая чэкісцкая кар’ера ў Савецкай Беларусі. У 1920 годзе ён, намеснік начальніка Асобага аддзела 16-й арміі, душыць Слуцкі збройны чын, які бараніў незалежнасць Беларусі. Яшчэ раней чэкісты сфабрыкавалі справу і расстрялялі беларускага дзеяча Фабіяна Шантыра, камісара па нацыянальных справах першага савецкага ўрада Беларусі.

На двары 22 кастрычніка 1925 года. Фотакартка, падораная на памяць пра супольную працу на беларусазнаўчых настаўніцкіх курсах у Слуцку, у руках і галаве аднаго з кіраўнікоў ГПУ ператваралася ў пачатак вялікай палітычнай кампаніі. Апанскі даўно шукаў прыдатную нагоду ўдарыць па прабеларускіх камуністах і беларускай інтэлігенцыі, якая рухала палітыку беларусізацыі.

Першае імя, першая ахвяра кампаніі, была на адвароце здымка. Якуб Колас.

На Коласа Апанскі паляваў ужо не адзін год. Яшчэ 28 снежня 1924 года, уводзячы ў курс справы аднаго з новапрысланых у Менск з Масквы бальшавікоў, ён характарызаваў Коласа, Янку Купалу, Язэпа Лёсіка і Змітрака Бядулю як

«інтэлігент-шавіністаў», людзей, што «ўносяць у літаратуру настроі, непрыхільныя рэвалюцыі, а часамі контррэвалюцыйныя тэндэнцыі». Паводле Апанскага, «Колас і Лёсік найбольш цвёрда адстойваюць старыя погляды на беларускасць».

Жахлівы, але яшчэ не такі бязлітасны савецкі «наваяз». Для вернага чэкіста біяграфіі паэта было дастаткова. Якуб Колас за беларускую справу адседзеў тры гады яшчэ ў Расейскай імперыі. Пісаў для «Нашай Нівы». Ягоным дзядзькам быў Язэп Лёсік — адзін з ініцыятараў абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Колас працаваў у Інбелкульце — адным з галоўных, на думку ГПУ, «гнёздаў беларускага нацыяналізму». А ўлетку 1924 года ў менскай кватэры пісьменніка неазнаразова спыняўся былы вучань Нічыпар Мяцельскі, цяпер арыштаваны за распаўсюд беларускіх пракламацый на Случчыне.


Змітрок Бядуля і Якуб Колас узнагароджаны савецкімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. 1939 год. Фота з фондаў Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музея літаратуры і мастацтва

24 кастрычніка 1925 года Іосіф Апанскі падпісвае ордэр на ператрус у Якуба Коласа на вуліцы Старажоўскай у Менску, дом 1, кватэра 3. Мяхамі выносяць рукапісы, нататкі, карэспандэнцыю, літаратуру.

Лёс склаўся так, што ГПУ падступілася да Коласа ў адзін з самых плённых перыядаў ягонага жыцця. У 1925 годзе ў часопісе «Полымя» выйшла новая рэдакцыя «Сымона-музыкі» — адной з культавых паэмаў беларускай літаратуры. Колас шмат разважае пра духоўнае адраджэнне народа і будучыню нацыі. У той жа час ён працуе над палескім цыклам, які пазней складзе аснову трылогіі «На ростанях», публікуе п’есу «Забастоўшчыкі» і завяршае аповесць «На прасторах жыцця». Якуб Колас быў не проста вядомым — ён быў у гэты час надзвычай папулярным пісьменнікам маладой беларускай нацыі, раскіданай палітычнымі рашэннямі па розных кутках Еўропы і свету.

На наступны дзень пасля ператрусу паэта выклікалі на допыт у ГПУ. «Мы ведаем усё, цяпер ваш лёс залежыць ад таго, што вы нам скажаце», — у Менску дзейнічае падпольная арганізацыя, намякаюць яму, якая плануе адарваць Беларусь ад СССР, і гэтай арганізацыяй кіруеце вы — Колас.

Паэт адказваў Апанскаму і начальніку сакрэтнага аддзела ГПУ Рамізаву вельмі асцярожна.

Колас увесь час падкрэсліваў, што не займаецца палітыкай, пры савецкай ўладзе ніколі не ўдзельнічаў і не ўдзельнічае ў якіх-кольвек палітычных арганізацыях. У пратаколе допыту Якуб Колас пазначыў, што цікавіцца толькі жыццём, рэальным становішчам беларускіх працоўных, бо гэта неабходна яму для працы над новымі літаратурнымі творамі. Колас добра разумеў, перад кім сядзіць.

— Па справе прад’яўленых мне следчых матэрыялаў ды іншых дакумантаў, якія паказваюць на тое, што я стаю на чале Менскай антысавецкай арганізацыі, магу сказаць, што сябрам ніякіх палітычных арганізацыяў пры Савецкай уладзе я не быў і не з’яўляюся. Я гэтым абсалютна не цікаўлюся... Я цяпер цікаўлюся новым ладам, каб выкарыстаць у літаратуры. З гэта прычыны вяду шырокую перапіску і атрымліваю матэрыялы.

Але Апанскага не асабліва цікавілі тлумачэнні паэта, ён ужо выбудаваў сваю схему дзеянняў. Пасля ператрусу і допыту Коласа яго чэкісты ствараюць новы даклад — «Даклад аб беларускаэсэраўскім шавіністычным руху».

Ягонай мэтай было не толькі абгрунтаваць пераслед асобных беларускіх дзеячаў. Апанскі імкнуўся пераканаць кіраўніцтва камуністаў, што ў Беларусі існуе арганізаваны «нацыянал-шавіністычны» рух. І патрэбны рашучы ўдар, і нанесці яго трэба па ўсёй палітыцы беларусізацыі і супрацоўніцтве савецкай улады са старой беларускай інтэлігенцыяй.

Аднак Масква ўжо мела на Якуба Коласа іншыя планы. Савецкай уладзе ў той момант было выгадней не пераследаваць самага вядомага беларускага пісьменніка, а зрабіць яго сімвалам сваёй нацыянальнай палітыкі.

Палітыка беларусізацыі яшчэ працягвалася. Па перыметры Савецкай Беларусі праблемы камуністам стварала актыўная палітычная беларуская эміграцыя. І Масква імкнулася прадэманстраваць, што менавіта савецкі Мінск, а не Вільня, не Заходняя Беларусь, ёсць сапраўдным цэнтрам беларускага дзяржаўнага і культурнага жыцця. Яшчэ дзейнічала палітычная амністыя ўдзельнікам антыбальшавіцкіх беларускіх выступленняў, абвешчаная ў 1923 годзе, савецкая ўлада актыўна заваблівала ў СССР вымушаных палітычных беларускіх эмігрантаў.

Савецкай Беларусі патрэбны былі аўтарытэтныя імёны — вядомыя творцы, якім адводзілася роля быць доказамі нібыта свабоднага нацыянальнага развіцця ў СССР.

І ў кастрычніку 1926 года Якубу Коласу, якога вось толькі што абляпілі ярлыкамі, прысвойваюць званне народнага паэта Беларусі. Народны паэт быў патрэбны савецкай дзяржаве значна больш, чым яшчэ адзін абвінавачаны ў «нацыяналізме».


  Якуб Колас. 1926 год. У гэтым годзе ён атрымаў званне народнага паэта Беларусі. Публічная дамена.

Коласу прызначаюць пажыццёвую пенсію, робяць віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі, дэпутатам парламента БССР, уводзяць у кіраўнічыя органы пісьменніцкіх саюзаў, а ў 1935 годзе дазваляюць выступіць ад Беларусі на Сусветным кангрэсе абароны культуры ў Парыжы.

Але, калі палітычная неабходнасць дэманстраваць поспехі беларусізацыі знікла, вярнуліся і ранейшыя падазрэнні. У 1930-я гады Якуба Коласа ўжо адкрыта абвінавацілі ў «нацдэмаўшчыне», прапагандзе ідэі бяскласавасці беларускай нацыі, ідэалізацыі хутароў і кулацтва, перабольшванні ролі і значэння нацыянальнай інтэлігенцыі.

У 1930 годзе Коласа паспрабуюць звязаць са сфабрыкаванай справай «Саюз вызвалення Беларусі», пятлю ўлады аслабяць толькі пасля таго, як стане відавочным, што нават «чэкісцкія» доказы выглядаюць смешна. Але рэпрэсіі закранулі блізкіх Якуба Коласа.

У лютым 1938 года супрацоўнікі НКВД арганізоўваюць чарговы ператрус у Коласа — гэтым разам шукаюць зброю. У тым жа годзе галоўны камуніст Савецкай Беларусі Панцеляймон Панамарэнка дакладвае Сталіну, што ў дачыненні да Якуба Коласа маецца «31 паказанне», з якіх вынікае, што ён — «вораг народа». Але Масква вырашыць пакінуць Коласа жывым і на свабодзе. А ён час ад часу будзе ім нагадваць пра «бязвінна рэпрэсаваных», пра «паляпшэнне становішча беларускай мовы», пра абавязак міністэрстваў «весці работу па-беларуску».

Колас усё сваё жыццё пражыў фактычна паміж дзяржаўным прызнаннем і пастаяннай пагрозай рэпрэсій. Паэт так і не стаў для савецкай улады «сваім». Быў чалавекам, якога камунізм выкарыстоўваў, але якому ніколі цалкам не давяраў.