Быць беларусам – погляд збоку: Аляксей Арцёмаў

Аляксей Арцёмаў нарадзіўся і жыве ў Туле (Расія). Вучыцца на інжынера ў Тульскім дзяржаўным універсітэце. Піша вершы па-руску і па-беларуску, перакладае на беларускую мову. Вершы і пераклады публікаваліся ў часопісах “Маладосць”, “Дзеяслоў”, “Верасень” і іншых выданнях. Ніколі не бываў у Беларусі, але актыўна ўдзельнічае ў беларускім віртуальным жыцці ў сеціве.

– Даўно з цікавасцю сачу за тым, што ды як у суседзяў робіцца. Гэтая звычка пайшла яшчэ з дзяцінства, калі ва Украіну ездзіў. Тады й пачаў Беларуссю цікавіцца. Яшчэ даўно, калі беларускай мовы не ведаў, чытаў “Сотнікава” і іншыя творы белліту ў перакладзе на рускую. І гісторыяй Беларусі цікавіўся таксама. Некалі мяне асабліва ўразіў той факт, што Тула нейкі час была часткай ВКЛ.

Беларускую мову вывучыў проста: кнігі чытаў, радыё слухаў, у слоўнік глядзеў. Калі пачаў адчуваць мову, то й вершы стаў пісаць.

Сустрэчы з беларусамі, а тым больш носьбітамі беларускай мовы ў мяне даволі рэдкія. У асноўным камунікацыі ідуць праз інтэрнэт: скайп і да т.п. Мне як прыхільніку IT зручней карыстацца новымі тэхналогіямі. Гэткая прафесійная дэфармацыя.

Пры цяперашняй глабалізацыі асноўныя адметнасці любой краіны – перадусім культура і мова. І тут не ўсё добра, не мне беларусам пра гэта казаць.

Нейкіх фундаментальных адрозненняў у побытавым жыцці ў Расіі, Украіне і Беларусі, напэўна, няма. Тут і глабалізацыя, і агульная мінуўшчына… Але ўнутраная побытавая культура ў Беларусі, на маю думку, мацней уплывае на штодзённае жыццё. Як вынік — чысцейшыя вуліцы, неблагія дарогі і г.д.

Што праўда, кантактуючы з жыхарамі РБ (не толькі з беларусамі, дарэчы), я заўважыў, што пэўная частка насельніцтва лічыць побытавую культуру важнейшай за нацыянальную. Гэта да пытання пра “мову і каўбасу”. Але гэта выбар, яго ўсё жа варта паважаць.

А калі глядзець на сітуацыю збоку, дык мне асабіста здаецца, што і культурныя, і эканамічныя перспектывы Беларусі даволі някепскія, хаця патрэбныя некаторыя змены.