Быць беларусам – погляд збоку: Хан Тэй

Хан Тэй, Шанхай (Кітай), бізнэсовец

 

— У Беларусь я ўпершыню трапіў адзінаццаць гадоў таму, калі паступіў вучыцца ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Спачатку былі падрыхтоўчыя курсы, дзе кітайскія студэнты вывучалі расійскую мову. (Дарэчы, спачатку для нас гэта было дзіўна: прыехалі ў Беларусь, а вучым расійскую). Потым я пяць гадоў вучыўся на эканаміста.

Трэба сказаць, што ў той час беларусы на вуліцах былі трошкі іншымі, чым цяпер. Ва ўсялякім выпадку, у дачыненні да

іншаземцаў. Адчувалася большая… не варожасць, не, хутчэй, недавер, насцярожанасць. На цябе маглі глядзець як на штосьці дзіўнае, цішком паказваць пальцамі на цябе адно аднаму.

 

Сёння беларусы больш адкрытыя, больш кантактныя. Магчыма, яны проста прызвычаіліся да іншаземцаў і пачалі ўспрымаць іх як нармальную з’яву.

 

Пасля заканчэння ўніверсітэта я вярнуўся ў Кітай, цяпер займаюся ўласным бізнэсам. Частка яго завязаная менавіта на Беларусь — мы прадаем сюды асвятляльнае абсталяванне. Магу без перабольшання сказаць, што беларусы — адны з нашых найлепшых кліентаў. Гэта збольшага людзі, якім цяпер прыкладна пяцьдзясят гадоў. Яны выйшлі з Савецкага Саюза, таму нам вельмі лёгка паразумецца. Яны адказныя, сумленныя, ніколі не спрабуюць падмануць партнёра па бізнэсе. Яны хутчэй самі панясуць выдаткі, але дамову выканаюць. Узаемная павага і чалавечае стаўленне — тое, што я больш за ўсе цаню ў адносінах з беларускімі партнёрамі.

 

Па справах свайго прадпрыемства я быў у некалькіх еўрапейскіх краінах. І магу смела сказаць, што шчырыя чалавечыя адносіны ў бізнэсе там рэдкасць. Ды і не толькі ў ім. У заходнееўрапейскіх краінах, асабліва ў Германіі, людзі ўвогуле жывуць толькі сваімі інтарэсамі. Беларусь у гэтым плане не падобная да Еўропы, і, на маю думку, гэта добра.

 

Увогуле вашая краіна нагадвае мне старыя савецкія фільмы. Я вельмі люблю іх глядзець. Я

проста плачу па тым часе, калі ўсё вакол не было камерцыялізаваным, калі людзі былі больш шчырымі і больш думалі пра астатніх, калі жыццё было павольным, але больш глыбокім. І менавіта ў такую Беларусь мне хацелася б вяртацца. Мне, канечне, хацелася б, каб гэтая краіна развівалася, але вельмі не хацелася б, каб яна стала падобнай да Захаду.