Бернд Штанге (Bernd Stange), Нямеччына. Футбольны трэнер, 63 гады
Да 22 гадоў сам гуляў у футбол, але пасля траўмы стаў трэнерам. Пачынаў трэнерскую кар’еру з каманды “Карл Цэйс” і моладзевай зборнай ГДР. Трэніраваў днепрапятроўскі “Днепр”, кіеўскі ЦСКА, аўстралійскую каманду “Перт Глоры”, зборную Амана, зборную Ірака, кіпрскі футбольны клюб “Апалон Лімасол””. З ліпеня 2007 па лістапад 2011 быў галоўным трэнерам зборнай Беларусі па футболе. Завяршыў працу ў Беларусі ў лістападзе ў сувязі з заканчэннем кантракту.
— Да 2007 года быў у Беларусі толькі аднойчы, і спачатку асцерагаўся ехаць сюды працаваць, хваляваўся, як мяне тут прымуць. Бо ў гісторыі нашых краінаў было шмат драматычных старонак, і Беларусь падчас Другой сусветнай вайны шмат пацярпела. Я хоць і немец іншага пакалення, які нарадзіўся ўжо пасля вайны, на жаль, ведаю, што гэта такое. Але прынялі мяне цёпла, ніякіх праяваў непрыязнасці да немцаў я ні разу не адчуў.
У 2002 – 2004 гадах я працаваў са зборнай Ірака і там даведаўся сапраўдную цану жыцця. Дарэчы, кантракт з Іракам я падпісаў за два месяцы да пачатку вайны. Аднойчы наш аўтамабіль абстралялі, кіроўцу паранілі, куля прасвісцела літаральна за некалькі сантыметраў ад мяне… Пасля працы ў Іраку нават кнігу напісаў.
Але з першых дзён працы ў Мінску я пераканаўся, што беларусы – надзвычай добразычлівы народ. Тут ціха, утульна і спакойна. Мінск – надзвычайна чысты горад, чысціня тут ўзведзеная ў абсалют. Вельмі люблю беларускую і ўкраінскую кухню, мой улюбёны рэстаранчык –”Ракаўскі бровар”, там, дарэчы, вельмі добрае піва – паверце, немцы ў піве разбіраюцца.
Я добра ведаю не толькі Мінск, я шмат паездзіў па Беларусі: быў і ў Берасцейскай крэпасці, і ў Віцебску, у Музеі Марка Шагала, у Нясвіжы, Міры, Полацку. Тут цудоўная прырода, я вельмі любіў ездзіць з сябрамі на рыбалку на Вілейскае вадасховішча. Палюбілі Беларусі і мая жонка з сынамі.
Што да задавальнення працай у якасці галоўнага трэнера зборнай, то, магчыма, не ўсё атрымалася. На жаль, не ўдалося вывесці зборную Беларусі ні на чэмпіянат свету, ні на чэмпіянат Еўропы. Але 49 міжнародных сустрэч зборная Беларусі правяла са мной. Мне падаецца, рух наперад усё ж такі адбыўся. Я вельмі задаволены, што беларускі віцэ-прэм’ер Сяргей Румас ачоліў футбольную федэрацыю краіны. Ён сам заўзятар футболу, магчыма, прыцягне сюды сродкі, будзе дамагацца, каб футбол быў на адным узроўні з хакеем па падтрымцы.
Мяне вельмі кранула тое, як зборная развітвалася з намі. На апошнюю трэніроўку футбалісты выйшлі ў майках, дзе спераду было напісана па-руску “Спасибо, Бернд!” Потым Юрый Жаўноў загадаў хлопцам павярнуцца, і на спінах гульцоў я ўбачыў нямецкі надпіс “Danke, Harald!” – у гонар другога трэнера, Харальда Ірмшара. Юра Жаўноў падараваў мне футболку зборнай з аўтографамі ўсіх хлопцаў.
Палітыкай я не цікаўлюся і не люблю пытанняў пра палітыку. Крызіс, канечне, я адчуў – калі я прыехаў у 2007-м, здаецца, эканамічная сітуацыя была лепшай. Апошнім часам для мяне самыя складаныя пытанні – пра цэны і курс валюты. Крыху здзіўляе, што беларусы спачатку насцярожана ставяцца да замежнікаў. Мне, да прыкладу, так і не ўдалося пасябраваць з суседзямі па доме.
Але я пакідаю Беларусь з самымі прыемнымі і цёплымі ўражаннямі. У мяне тут засталося шмат сяброў. Спадзяюся, што тут будуць змены да лепшага. Не толькі ў футболе.