Дамауз Бунгельдзі, горад Дамаа, Туркменістан, 17 гадоў, навучаецца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на эканаміста
Апошнія гады тры вельмі шмат нашай моладзі едзе вучыцца ў Беларусь. Лічыцца, што гэта найлепшая адукацыя ў суадносінах якасці і цаны, якую мы можам атрымаць. Беларускія дыпломы цэняцца ў нас даволі высока, гэта амаль як прайсці навучанне ў Еўропе. Але ў Еўропе і цэны нашмат вышэйшыя, і патрабаванні, і ўвогуле асяроддзе чужое. А ў Беларусі ўсе размаўляюць на расійскай мове, якую мы (я маю на ўвазе моладзь), хоць, можа, ужо і не вельмі добра, але разумеем. Канечне, па-расійску і ў Расіі гавораць. Але ехаць вучыцца туды нікому не хочацца. Апошнім часам там вельмі дрэнна ставяцца да нашых людзей, асабліва ў Маскве. Былі нават выпадкі, калі хлапцоў, што паехалі вучыцца, збівалі да смерці. Ды і ўвогуле адчуваеш сябе неяк нязручна, бо большасць людзей на цябе паглядае непрыязна ці зняважліва. А пра Беларусь у гэтым плане яшчэ ніхто дрэннага слова не сказаў. Сам я навучаюся і жыву ў Мінску з верасня і за гэты час яшчэ ні разу не злавіў на сабе ніводнага скосага позірку. Хаця хадзіў у розныя месцы, што могуць быць небяспечнымі, – і на рынак, і ў начныя клубы, дзе збіраецца шмат моладзі.
У вас увогуле вельмі спакойныя людзі ў параўнанні з нашымі. Мне гэта падабаецца – паўсюль ціха, спакойна. Ты можаш ісці адзін па вуліцы сярод ночы і нічога не баяцца.
Адзінае, што мяне палохае ў Беларусі, – гэта дзяўчаты. Яны вельмі прывабныя, але ў параўнанні з нашымі… Не тое каб нахабныя, але з мужчынамі сябе паводзяць без усялякай павагі. Калі ты ім не спадабаўся, могуць вельмі жорстка “адшыць”, так што з цябе будуць смяяцца ўсе вакол. Ці, наадварот, калі хлапец ім падабаецца, яны могуць пачаць самі да яго заляцацца. Мяне гэта вельмі бянтэжыць, таму што ў нас так не прынята. Але, думаю, за пяць гадоў навучання я прывыкну. Вельмі імаверна, што я нават не захачу вяртацца дахаты, а паспрабую застацца працаваць тут, як зрабілі некаторыя мае знаёмыя.