Філёляг па адукацыі, скончыла ўнівэрсытэт імя Масарыка ў Брне. Са студэнцтва займаецца праваабарончай дзейнасьцю. 5 гадоў працавала ў чэскай грамадзкай арганізацыі “Чалавек у нядолі” і Міжнародным аб’яднаньні “Грамадзянская Беларусь” (заснавальнікам якога зьяўляецца Вацлаў Гавал). Цяпер працуе ў Нарвэскім фондзе дамоў правоў чалавека ў краінах Паўднёвага Каўказу, у дадзены момант знаходзіцца ў Ерэване.
“Першы раз я трапіла ў Беларусь, калі была яшчэ студэнткай і вывучала расейскую філялёгію. У 2004 годзе я прыехала ў якасьці валянтэра арганізацыі “Чалавек у нядолі” і пабывала ня толькі ў сталіцы, але і ў беларускай глыбінцы. Мае самыя першыя ўражаньні ад Беларусі – вельмі ўтульная эўрапейская краіна, надзвычай добразычлівы і прыязны народ. У нечым беларуская правінцыя мне нагадала Чэхію. Зьдзівіла насьцярожанасьць людзей – некаторыя баяліся размаўляць са мной нават па тэлефоне. Але прага людзей да свабоды, асабліва ў рэгіёнах, мяне вельмі ўразіла. Тады я ўпершыню пачула беларускую мову, якая падалася мне не зусім зразумелай, але вельмі прыгожай і мяккай.
Бальшыня чэхаў, безумоўна, ведае, што Беларусь – гэта краіна ва Ўсходняй Эўропе, частка былога Савецкага Саюзу, што там кіруе Лукашэнка. Многія да нядаўняга часу былі перакананыя, што вялікая частка насельніцтва Беларусі шчыра любіць Лукашэнку. Але за апошні год усё больш і больш чэхаў даведаліся пра тое, як жорстка ў Беларусі разганяюцца мірныя дэманстрацыі, што тут ёсьць палітзьняволеныя і дагэтуль не адмененае сьмяротнае пакараньне, што ў краіне сур’ёзны эканамічны крызіс. Многія чэхі ведаюць і пра тое, якую важную ролю адыгрывае Расея для Беларусі — і эканамічна, і палітычна.
У Беларусі мяне вельмі ўражваюць кантрасты. Вельмі мяккі, добразычлівы, прыемны народ — і жорсткасьць уладаў, гвалт і ўжываньне грубай фізычнай сілы ў дачыненьні да мірных людзей з боку міліцыі. З кантрастамі я пастаянна сутыкалася і ў вёсцы. Людзі гатовыя цярпець любыя побытавыя цяжкасьці, самыя неспрыяльныя ўмовы жыцьця, а не патрабаваць лепшага, не змагацца за свае правы. Зьдзіўляе блізкасьць Беларусі да разьвітых эўрапейскіх краінаў і тое, што бальшыня беларусаў ня хоча нават параўнаць сваё жыцьцё з жыцьцём у суседзяў.
Я хацела б бачыць Беларусь свабоднай і адкрытай. Каб дзяржава спыніла гвалт і вызваліла палітвязьняў. Каб звычайныя людзі імкнуліся і маглі змяніць да лепшага сваё паўсядзённае жыцьцё: навесьці парадак у мясцовай лякарні ці школе, у мясцовай адміністрацыі, каб яны маглі весьці ўласны бізнэс і свабодна перасоўвацца па сьвеце.
Я хацела б бачыць Беларусь незалежнай – уладам ня трэба шукаць паўсюль ворагаў, асабліва ў суседніх краінах. Я хацела б, каб Беларусь вяла раўнапраўны дыялёг з суседзямі, бо беларусы — годны народ. Дастаткова годны і мудры, каб прызнаць свае недахопы і памылкі. Каб Беларусь была ляяльная да меншасьцяў і здольная выказваць жаль і шкадаваньне. Больш канкрэтна – каб у краіне адрадзілася і падтрымлівалася беларуская мова, каб было адмененае сьмяротнае пакараньне. Я жадаю Беларусі стаць такой краінай, адкуль моладзь ад адчаю не імкнулася б зьехаць і жыць за мяжой з тугой па радзіме”.