Спадар Манодж Кумар Бхарці прыбыў у Беларусь ў якасці амбасадара Індыі ў траўні 2011 года. Нарадзіўся ў 1963. Навучаўся ў прэстыжнай школе-інтэрнаце Нетархат-скул у штаце Джарханд. Скончыў Вышэйшы тэхналагічны інстытут Індыі ў горадзе Канпуры (бакалаўр тэхналагічных навук у электроннай прамысловасці і машынабудаўніцтве). Працаваў у амбасадах Індыі ў Тэгеране, Гаазе, Катманду, Анкары і Янгоне. Быў супрацоўнікам Міністэрства гандлю Індыі, а ў Міністэрстве замежных справаў у Нью-Дэлі адказваў за сувязі з Бангладэшам і кіраваў аддзеламі IT і Е-кіравання. Амбасадар Бхарці жанаты на спадарыні Анаміцэ Бхарці, у іх два сыны.
– Навіна пра тое, што мяне пасылаюць у Беларусь, стала нечаканасцю. Я не думаў, што паеду сюды працаваць. Нягледзячы на тое, што Беларусь – еўрапейская краіна, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, яна па сваім менталітэце ўсё ж не заходняя краіна. Я жыў у заходніх краінах (некалькі гадоў у Нідэрландах), і для мяне прыемным сюрпрызам стала тое, што я змог зноў прыехаць у Еўропу, але ў нееўрапейскую Еўропу.
Беларусь пераўзышла мае спадзяванні. Мне пашчасціла прыехаць сюды ў пачатку лета (20 траўня). Усё вакол было проста дзівосна: дагледжаны горад, зялёныя дрэвы, сонца і цудоўнае надвор’е. Такім чынам, першае ўражанне ад краіны было вельмі і вельмі пазітыўным. Мы з жонкай шмат падарожнічаем па гарадах Беларусі: ужо пазнаёміліся са славутымі мясцінамі Мінска, Берасця, былі ў Наваполацку, бачылі Мірскі і Нясвіжскі замкі, рэшткі Навагрудскага, касцёлы ў Горадні і Лідзе. Усё гэта вельмі цікава!
Я паставіў перад сабой задачу сустракацца з людзьмі розных прафесій і статусаў. І чым больш людзей я сустракаў, чым больш гарадоў бачыў, тым больш узмацнялася пазітыўнае стаўленне да вашай краіны.
Беларусы вельмі шчырыя. Іх рэакцыя, як правіла, праўдзівая. Яны адкрыта рэагуюць на тое, што суразмоўца кажа ці робіць. Ім не ўласціва хаваць свае эмоцыі. Дарэчы, беларусы і індыйцы вельмі падобныя ў выказванні эмоцый. Наогул, казаць пра падабенства і адрозненні індыйцаў і беларусаў можна шмат. Прывяду забаўны прыклад: у вас тут усе выконваюць правілы дарожнага руху, глядзяць на святлафор, а ў Індыі ніхто нічога не выконвае, усе бягуць на чырвонае святло.
Але ёсць падабенства. Нехта чхае, у вас кажуць: “Будзь здаровы!” У Індыі тое ж самае. У беларускіх вёсках (і не толькі) існуюць традыцыі, забабоны, каб адагнаць зло ад свайго дома, выкарыстоўваюцца абярэгі, у Індыі – тое ж самае. Можа быць, метады іншыя, што-небудзь іншае на дзверы вешаюць, але сэнс адзіны: прынцып веры ў духаў, у тое, што імі можна кіраваць, ад іх засцерагчыся – усё гэта прысутнічае і ў нашай краіне.
Што ж да розніцы ва ўмовах надвор’я, то мы з жонкай жылі ў краіне з халодным кліматам, дзе тэмпература апускалася да мінус 7-10 градусаў. Паглядзім, як яно будзе, калі яна панізіцца ад -10 да -30. Думаю, гэта будзе новы карысны жыццёвы досвед.
P.S. Пры канцы размовы спадару амбасадару было прапанавана параўнаць Беларусь з якой-небудзь прыправай ці спецыяй (вядома, што ў Індыі багата прыпраў). Пасля некаторага роздуму спадар Бхарці звярнуўся па дапамогу да жонкі (дарэчы, яна файна гатуе), якая адказала хутка і лаканічна: “Чорны перац”. Бадай, цалкам прыемная асацыяцыя.