Быць беларусам – погляд збоку: Марцін Паўльсэн

Марцін Паўльсэн (Martin Paulsen) жыве і працуе ў Нарвегіі ва Універсітэце Бергена навуковым супрацоўнікам. Вывучае ўплыў новых тэхналогій на беларускую, расійскую і ўкраінскую мовы. Захапляецца сучаснай усходнеславянскай літаратурай, у тым ліку беларускай.

— У мяне з’явілася магчымасць паехаць у Беларусь, каб вывучаць мовы. Спачатку расійскую, а потым беларускую. Навучаўся я ў Беларускім аграрным тэхнічным універсітэце па абмене студэнтамі. Спачатку з 1998 па 2000 год, а потым яшчэ адзін семестр у 2002 годзе. Такім чынам, у мяне былі ідэальныя магчымасці, каб вывучаць мовы і даведацца пра мясцовую культуру.

Спачатку я займаўся толькі расійскай мовай і думаў, што Беларусь вельмі падобная да Расіі. Але праз нейкі час я паехаў у Санкт-Пецярбург і зразумеў, што гэтыя дзве краіны — вельмі розныя. І я адчуў, што мне, простаму чалавеку з маленькай краіны, Беларусь бліжэйшая. Тады я зразумеў і тое, што мне патрэбная беларуская мова, каб дазнацца, чым беларусы адрозніваюцца ад сваіх суседзяў, чым яны жывуць, якія ў іх каштоўнасці. Сёння я ганаруся тым, што валодаю беларускай мовай. Гэта нешта асобнае, унікальнае. Але я рады, што пачынаў з расійскай мовы, бо такім чынам я стаў дзвюхмоўным, як і многія беларусы.

Я правёў два гады ў Мінску ў інтэрнаце на вуліцы Натуралістаў. Было вельмі прыемна адчуць адкрытасць беларусаў, іх цікавасць да іншай культуры. У мяне з’явілася шмат сяброў, і праз гэтыя кантакты, размовы я дазнаўся пра тое, як насамрэч жывецца ў краіне. Але я таксама шмат даведаўся яшчэ і пра сябе і сваю нарвежскую культуру. Напрыклад, я зразумеў, што ў беларусаў адносіны паміж бацькамі і дзяцьмі больш цесныя за тыя, якія мы маем у Нарвегіі. Ды ўвогуле, нарвежская культура больш мадэрнізаваная (менавіта ў культурным сэнсе), чым беларуская.

У нас чалавек мае больш свабоды ў жыццёвым выбары, што добра, калі хочаш дабіцца сваіх мэтаў. Але ў той жа час гэтая свабода нярэдка робіць чалавека больш самотным, і які тады сэнс дабівацца гэтых мэтаў? У гэтым сэнсе, як я потым зразумеў, Нарвегія, а не Беларусь, з’яўляецца выключэннем у еўрапейскім кантэксце. А зразумеў я гэта менавіта ў Мінску. Мой беларускі вопыт даў мне магчымасць даведацца пра гэтае істотнае для сучаснага чалавека пытанне і паглядзець на яго з трошкі іншага боку. Не кажу, што я знайшоў адказ на яго, але канчатковы адказ — не заўсёды галоўнае.

У будучыні я хацеў бы бачыць Беларусь (ды і Нарвегію, Расію і іншыя краіны) больш талерантнай да тых, хто адрозніваецца ад агульнапрынятай нормы. Сёння ні ў беларускіх уладаў, ні ў беларускага грамадства ўвогуле не хапае павагі і талерантнасці да сэксуальных меншасцяў. Але гэтая праблема існуе і для тых, хто выглядае не так, як усе. Нормы існуюць паўсюль, але яны адрозніваюцца па строгасці. Я хацеў бы, каб мы пазбавіліся страху перад не такімі, як мы, і каб гэтыя нормы сталі менш строгімі. Думаю, гэта зробіць наша жыццё цікавейшым і проста лепшым.

І яшчэ. Гэта з майго боку даволі жорстка, але вельмі важна для мяне: пакуль у Беларусі практыкуюць смяротнае пакаранне, краіна не можа лічыцца паўнавартаснай часткай еўрапейскай цывілізацыі. Пакараць чалавека смерцю — гэта не рашэнне праблемы. Забойства і ёсць праблема. Нагадаю, Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль ёсць смяротнае пакаранне.

А я вельмі хачу, каб Беларусь стала паўнавартаснай еўрапейскай краінай. Дзеля гэтага было бы вельмі добра, калі б скасавалі візавы рэжым для беларусаў. І, вядома, было б вельмі добра, калі б у Еўропе больш ведалі пра беларускую культуру. Быкава ў нас чытаюць з цікавасцю. І, я мяркую, нарвежцам было б цікава даведацца пра сучасных аўтараў і іншыя праявы сучаснай беларускай культуры.

Я маю добрых сяброў сярод цікавых маладых беларускіх пісьменнікаў. Спадзяюся, што калі-небудзь у мяне будзе час перакласці найлепшыя іх творы на нарвежскую мову.