Нікаля Эншоз (Nicolas Henchoz), 26 гадоў, Швайцарыя. Жыве ў гарах у раёне Бэрну. Працуе гідам.
— Я працую ў сястры, у яе сядзіба агратурызму. А як заканчваецца сэзон, кіруюся ў вандроўку. Я пабываў ва ўсіх краінах Эўропы, апроч былых савецкіх. Беларусь — першая з былых краінаў СССР, якія я наведаў.
У мяне такі прынцып — мінімум тэлефона і яшчэ меней інтэрнэту ў камунікацыі. Інтэрнэт толькі па справах. Таму калі я зьбіраўся ў Беларусь, я практычна нічога ня ведаў пра краіну, бо хацеў на месцы ўсё разьведаць.
І атрымалася цудоўна. Па дарозе пазнаёміўся з двума маладымі немцамі, якія бывалі ў Беларусі, і разам зь імі зьняў кватэру.
Гуляючы па цэнтры Менску, зайшоў ў мастацкую галерэю, дзе пазнаёміўся з кампаніяй дызайнэраў і іх сяброў. Мяне ўвесь час у Беларусі не пакідала пачуцьцё ўтульнасьці, псыхалягічнага камфорту. Я паехаў з абсалютна незнаёмымі людзьмі да іх у кватэру, мы там выпівалі і размаўлялі да пятай раніцы, і я быў спакойны і задаволены, у мяне зьявіліся новыя сябры.
У вас мала хто гаворыць па-ангельску, яшчэ меней на маёй роднай францускай мове. Тым ня менш у вас вельмі камунікабэльныя людзі. Можа, таму, што швайцарац для беларуса — экзатычны чалавек? Іншым разам я пазнаёміўся і заначаваў у новых знаёмых — у генэрала-лейтэнанта савецкага ГРУ ў адстаўцы і яго жонкі. Цудоўныя людзі!
Я разумею, што, можа быць, ня варта па маіх сустрэчах меркаваць пра ўсю краіну. Але ж я быў у Магілёве, Бабруйску, Берасьці, Горадні. І паўсюль мне шанцавала на знаёмствы.
Калі казаць пра ўражаньні ад Беларусі як краіны, то яны неадназначныя. Спачатку кідаецца ў вочы нейкая напруга, асцярога: мытнікі, праваднікі, наогул людзі ў форме нібы чакаюць ад кожнага пагрозы. Архітэктура (як мне пасьля патлумачылі, сталінскі ампір) таксама выклікае сюррэалістычныя ўражаньні.
Але пасьля бачыш старыя касцёлы, дамы, сядзібы і разумееш, што Беларусь — эўрапейская краіна.
Я ня ведаю, калі зноў буду ў Беларусі, бо кожны год абіраю для вандроўкі новую краіну. Але тут у мяне засталіся сябры, і я хачу, каб іх жыццё было больш радасным.