Нікола Даўчынаў, эксперт кампаніі EPTISA, Балгарыя
Першы раз я трапіў у Беларусь у мінулым годзе, калі тут распачынаўся праект ААН у сферы аховы асяроддзя. А з чэрвеня я працаваў у якасці эксперта на некалькіх рэгіянальных аб’ектах. У прыватнасці, пабываў у Слоніме і Мар’інай горцы.
Калі я трапіў сюды ўпершыню, я быў вельмі здзіўлены Мінскам. Можа, ён не вельмі сучасны, не вельмі вылучаецца ў архітэктурным плане. Але чысціня на ягоных вуліцах падалася мне амаль казачнай. Неверагодна чыста і ў невялікіх гарадах.
Беларусь значна чысцейшая за некаторыя краіны Усходняй Еўропы і ў прыватнасці за маю краіну. А ў нас у апошнія гады вядзецца ў гэтым напрамку нашмат больш працы, чым у вас, мы маем больш сучасныя тэхналогіі ў сферы збору і перапрацоўкі смецця, чым вы. Мне падаецца, сакрэт тут у менталітэце, у агульнай побытавай культуры. На вялікі жаль, трэба канстатаваць, што ў Беларусі яе ўзровень значна вышэйшы, чым, прынамсі, у маёй краіне.
Галоўнае адрозненне беларусаў ад балгар, на маю думку, у тым, што яны значна больш схільныя да дысцыпліны, да арганізаванай дзейнасці. Калі ў Балгарыі людзям кажуць нешта зрабіць, першае, што яны зробяць, – запытаюцца “чаму?” і “навошта”. Наколькі я заўважыў, у беларусаў такіх пытанняў не паўстае амаль ніколі. Яны проста старанна выконваюць тое, што ім кажуць. Гэтая агульная, як бы сказаць… структураванасць, арганізаванасць жыцця вельмі адрозніваецца ад нашага стылю.
Балгары схільныя да ляноты, яны не вельмі любяць працаваць і заўжды шукаюць “халяву”. Беларусы у параўнанні з імі падаюцца мурашамі праз сваю працавітасць.
Балгары вельмі гарачыя, схільныя да імпульсіўных учынкаў. Беларусы ж спакойныя, цярплівыя, іх складана вывесці з раўнавагі.
Увогуле вашая краіна асацыюецца ў мяне са спакоем – не толькі праз людзей, але і праз прыроду – прахалодную, сакавітую. Падчас сваіх паездак я бачыў проста чароўныя мясціны для рыбалкі, але, на жаль, зусім не меў часу. Таму я вельмі хацеў бы вярнуцца ў Беларусь, каб проста пасядзець з вудай дзе-небудзь на беразе вялікага возера.