Павел Лаўфер (Paweł Laufer) — польскі філосаф, пісьменнік, публіцыст. Намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Культура Enter”. Ініцыятар і каардынатар міжнародных культурных праектаў, такіх як серыя “Даклады аб стане незалежнай культуры і НДА ў краінах Усходняга партнёрства і Расіі”. Аўтар кніг “Горад у правінцыі”, “Абутак Месіі. Трактат аб паляпшэнні здэградаваных рэчаў”, “Даклад аб стане культуры і незалежных НДА ў Беларусі” (галоўны рэдактар праекту).
— Да моманту пераезду з Велькапольшчы на навучанне ў Люблін беларусаў, украінцаў, кітайцаў, казахаў я сустракаў на рынках у Познані і Варшаве. Такім чынам, я кантактаваў з беларусамі і Беларуссю не ў самых прэзентабельных сітуацыях, якія даюць у найгоршым выпадку схематычны малюнак краіны і яе грамадзян. Толькі ў Любліне, горадзе, які месціцца недалёка ад Украіны і Беларусі, я пачаў сустракаць студэнтаў, аспірантаў, выкладчыкаў з Беларусі і змог пазнаёміцца з мастацтвам Беларусі ў рамках розных фестываляў.
Беларусь, як і іншыя краіны Усходняй Еўропы, зацікавіла мяне сваёй адметнасцю. Ужо тады яна пачала мяне цікавіць як аналогія і ўвасабленне польскай рэчаіснасці два дзясяткі гадоў таму. Сёння мяне не цікавіць ані Лукашэнка, ані яго адміністрацыя. Мяне цікавяць кампетэнтныя людзі, творцы таго, што ў свой час дазволіла палякам ператрываць усе падзелы і акупацыі — культуры, якая ёсць апорай і амбасадарам будучай незалежнасці, вызвалення ад дыктатуры і цемрашалаў.
У доўгатэрміновай перспектыве бачу супрацоўніцтва з усходнімі краінамі, як і ў выпадку з Украінай і Азербайджанам, супрацоўніцтва з беларускімі суполкамі прыцягвае магчымасцю ствараць і рэалізоўваць зусім новыя і часцяком наватарскія ідэі.
Я маю на ўвазе не супрацу з грамадзянамі краіны рэжыму, краіны трэцяй катэгорыі Еўропы, але з творцамі, мэнэджарамі і дзеячамі культуры. З асяродкамі крэатыўных людзей, якія не маюць комплексаў і ёсць паўнапраўнымі ўдзельнікамі еўрапейскага культурнага дыскурсу.
З асяродкамі, якія разумеюць, што грунтоўныя змены ў Беларусі магчымыя найперш праз культуру. Што змены адбудуцца праз арганічныя дзеянні, якія могуць прынесці эфект у аддаленай перспектыве. Але, як кажа досвед, дзеянні больш эфектыўныя за няўцямную агульную еўрапейскую палітыку адносна Беларусі ці пустых папяровых дзеянняў паасобных урадаў.
Як паказаў досвед блізкага і палякам, і беларусам прыкладу — Украіны, Памаранчавая рэвалюцыя была ў вялікай ступені выпадкам ціхай працаёмкай работы культурнага супрацоўніцтва і дзейнасці НДА, што павышала свядомасць і фармавала грамадзянскую супольнасць.
Даволі спецыфічным у супрацоўніцтве з беларусамі з’яўляецца значная ступень недаверу і — у параўнанні з украінцамі — частае нежаданне прыняць супрацоўніцтва. Заўважу: у параўнанні. Не да канца. Гэта можна растлумачыць спецыфікай рэальнасці, у якой беларусам давялося дзейнічаць, недахоп інструментаў. Я шмат разоў сустракаўся з адсутнасцю цікавасці, хоць усе былі забяспечаныя неабходнымі сродкамі для правядзення сумесных аперацый. Часта справа ў адсутнасці энтузіязму, звычайнай ляноце.
Беларускія культурныя асяродкі з вядомых прычынаў не такія шырокія, як у іншых краінах. У вялікай ступені гэта гаворыць пра ўзаемную крыўду, рэўнасць, суперніцтва, мэтай якога ёсць не творчая дыскусія, а жаданне амартызацыі. Магу таксама не спадабацца, калі нагадаю пра агульнае для ўсіх постсавецкіх краінаў, не чужое для Беларусі характэрнае ўсеагульнае правізарства: дзеянняў, планавання, мыслення, рэалізацыі, характэрнай тэндэнцыі да паўсродкаў і заменнікаў.
Чакаю таго моманту, калі можна будзе свабодна супрацоўнічаць, з прыемнасцю наведваць гарады, мястэчкі і вёскі Беларусі, калі ўрэшце пазбавіцца шкарлупіння ўвесь іх чалавечы патэнцыял і прыгажосць, які пакуль што заціснуты пад слоем ванітоўных і бляклых колераў дамоў, могілкавага парадку вуліц і ходнікаў, постсавецкіх лозунгаў на фасадах будынкаў, якія выклікаюць дрыжыкі.