Тамар Гугішвілі, эксперт Орхускага цэнтра, Тбілісі, Грузія.
Я працую ў Орхускім цэнтры, які абараняе права грамадзян на інфармацыю аб стане навакольнага асяроддзя. Беларусь я наведвала, каб наладзіць супрацоўніцтва з аналагічнай беларускай арганізацыяй. Таксама я брала ўдзел ў міжнароднай канферэнцыі, што праводзілася ў Мінску. Мяне здзівіла, што ў такой даволі вялікай краіне, як вашая, Орхускі цэнтр прадстаўлены толькі адным чалавекам. Не ведаю, можа, у вас і менш парушэнняў у сферы аховы прыроды, але ў нас, у нашмат меншай краіне з меншай колькасцю прамысловых прадпрыемстваў, працы заўжды хапае некалькім спецыялістам.
Увогуле мне падалося, што мы маем нашмат больш магчымасцяў уплываць на сітуацыю, змяняць яе. Гэта датычыць не толькі аховы асяроддзя, а і іншых бакоў жыцця.
Але з іншага боку, мне падалося, што беларусы адчуваюць сябе больш спакойна, чым грузіны, яны больш упэўненыя ў сваёй будучыні — напэўна, праз тое, што адчуваюць падтрымку дзяржавы. У нас жа цяпер усё залежыць толькі ад цябе самога.
Прыязджаць у Беларусь мне вельмі падабаецца. Людзі тут ставяцца да грузінаў з вялікай сімпатыяй, мне неаднойчы даводзілася чуць, як нашыя народы называюць братэрскімі. Прычым гэта не фармальнасць, людзі сапраўды так да гэтага ставяцца. Гэта відаць па тым, як цябе сустракаюць, як прымаюць у гасцях. Напэўна, гэта праз агульнае савецкае мінулае. Але яно было ў нас і з расійцамі, але з іх боку такой цеплыні ніколі не адчуеш.
Адзінае, што трошкі бянтэжыць, — моўнае пытанне. Беларусы чамусьці лічаць, што ўсе грузіны павінныя добра размаўляць па-расійску, але гэта датычыць толькі сталага пакалення. Большасць тых, каму цяпер 30 і меней гадоў, гаворыць па-расійску не вельмі добра. Асабіста я амаль усё разумею, але размаўляць і выказваць складаныя думкі на гэтай мове мне вельмі цяжка. Калі я спрабавала ў размове з беларусамі перайсці на ангельскую мову, выяўлялася, што амаль ніхто яе не разумее. Нават журналісты, якія адмыслова падыходзілі да мяне браць інтэрв’ю! А некаторыя нават быццам абураліся, што я не магу размаўляць з імі па-расійску.
Для мяне гэта вельмі дзіўна. У Грузіі цяпер па-ангельску добра гаворыць практычна ўся моладзь. Гэтую мову вывучаюць нават у аддаленых горскіх сёлах. Вы ж нашмат бліжэйшыя да Еўропы, ды і вашая сістэма адукацыі, наколькі я ведаю, мацнейшая… Але нават запытацца дарогу ў мінака (я кажу цяпер не пра сябе, а пра іншаземных калег, што былі са мной разам на канферэнцыі) — вялікая праблема.
Вось, напэўна, галоўнае, што я хацела б, каб змянілася, калі я вярнуся ў Беларусь. Тады яе цудоўныя добразычлівыя людзі маглі б прадэманстраваць сваю добразычлівасць усяму свету, а не толькі яго расійскамоўнай частцы.