Томаш Мазухоўскі, 34 гады, скончыў Універсітэт імя Адама Міцкевіча ў Познані (філалогія, прасоўванне і рэклама), Познанскі эканамічны ўніверсітэт (арганізацыя і кіраванне), Еўрапейскую вышэйшую школу ў Кракаве (інтэрнэт-маркетынг). Апошнія 10 гадоў працуе PR-мэнэджарам у энергетычнай карпарацыі. Апроч таго, блогер, карэктар і журналіст.
— Я быў у Беларусі ўсяго раз, 13 гадоў таму. Гэта было хутчэй сентыментальнае падарожжа, чым турыстычнае, бо ў тыя часы я вывучаў гісторыю польскай літаратуры і цікавіўся нашай супольнай польска-беларускай літаратурнай традыцыяй.
Тое, што адбываецца за ўсходняй мяжой Польшчы, для мяне не толькі цікава, але і вельмі важна. Гэта датычыць як Беларусі, так і Украіны з Літвой. Нягледзячы на нашыя культурныя і моўныя адрозненні, у нас шмат агульнага — сумесная дзейнасць, спосаб мыслення і ўспрымання свету. Нас лучыць таксама досвед палітычнай і эканамічнай залежнасці ад іншых краін. Сувязі паміж краінамі Усходняй Еўропы, на маю думку, больш моцныя і трывалыя, чым паміж краінамі Заходняй Еўропы.
На жаль, уяўленні большасці палякаў пра Беларусь складаюцца пад уплывам СМІ, якія падаюць толькі частку інфармацыі, напрыклад, пра суды альбо пратэсты. Мне, чалавеку, які нарадзіўся ў 70-я, гэтая інфармацыя нагадвае здарэнні ў Польшчы канца 80-х. Я не маю ўяўлення ані пра тое, як і чым жывуць сучасныя беларусы, ані пра змены ў структуры беларускага грамадства, бо не маю інфармацыі.
Таксама няшмат інфармацыі пра беларускую культуру, музыку, літаратуру. Адзіная творчая асоба, якую я ведаю, — гэта спявачка Наста Някрасава, якая дзякуючы сваёй бурлівай творчай і арганізацыйнай дзейнасці стала ў пэўным сэнсе амбасадарам беларускай культуры ў Польшчы.
Беларусь мне ўяўляецца краінай, якай поўніцца гарачымі, але прыхаванымі эмоцыямі. Краінай з багатай культурай, прывабнай для турыстаў (згадваю, між іншым, сваё захапленне беларускімі краявідамі), хаця і ў пэўным сэнсе недасяжнай для палякаў з прычыны візавай сістэмы.
У сацыяльным сэнсе Беларусь выглядае нейкай прыглушанай, але гэта толькі звонку, зрэшты. Як і палякі ў 80-х (а старэйшае пакаленне палякаў і да сёння так выглядае). Аднак агонь, які гарыць у душах беларусаў, раней ці пазней прывядзе краіну да пераменаў. І зробяць гэта маладыя беларусы. Ці будуць гэта перамены да лепшага? Гэта залежыць ад мудрасці і розуму людзей, а не толькі ад іх волі і прагі да дзеяння.
Думаю, што Беларусь стаіць на парозе вялікіх зменаў, змагаецца з эканамічнай залежнасцю ад Расіі, але закрытая ад так званага Захаду не столькі ментальна, колькі праз дзеянні ўладаў. Аднак немагчыма абмежаваць доступ да свету, да інфармацыі, ідэяў, немагчыма абмежаваць свабоду абмену думкамі ў інтэрнэце.
Кола маіх знаёмых беларусаў зусім малое. Можа, гэта і добра, бо я пазнаёміўся з сапраўды цікавымі, мудрымі і вартымі людзьмі. Пазней я сустракаў іх падчас навучання. У іх шмат аптымізму ды волі да дзеяння — пры наяўнасці свабоднага выбару ў вырашэнні ўласнага лёсу. Гэта вялікі патэнцыял Беларусі ў будучыні. Гэтыя людзі не баяцца цяжкіх выпрабаванняў, паспяхова іх пераадольваюць, хоць часам, як і палякі, маюць такі “рэфлексійны смутак”. Я акурат вельмі цаню гэты смутак, бо яго вынікам звычайна ёсць цікавыя і мудрыя ідэі.
Цяжка мне пісаць пра беларусаў як пра “замежнікаў”. Я не бачу істотнай розніцы паміж беларусамі і палякамі. Мы шмат у чым падобныя, робім часамі адны і тыя ж памылкі, любім, ненавідзім, рэалізуемся ў жыцці таксама падобна. Мы прадстаўнікі Усходняй Еўропы. Лучыць нас шмат, дзеляць адно дзяржаўныя межы. Можа, я пазнаў беларусаў настолькі добра, каб зразумець тое, што нас розніць, а можа, і насамрэч няма аніякай розніцы паміж намі…
Чаго я магу пажадаць беларусам? Пачуцця свабоды дзеянняў. Вольнасці духу і эканамічнай ды палітычнай незалежнасці. Бо калі ўсё гэта маеш, можна дасягнуць амаль усяго, што хочаш. Будзьце летуценнікамі ў добрым сэнсе гэтага слова, майце годную мару, каб дайсці да суцэльнага песімізму. З той мары могуць паўстаць вялікае і мудрае, трэба толькі мець сілы і надзею, каб яе рэалізаваць. Таму зычу беларусам менавіта сілы і надзеі.