Быць беларусам — погляд збоку: Валянціна Раманенка

Валянціна Раманенка, 33 гады, выкладчыца па адукацыі, рэдактар сайта, Кіеў.

Пісаць пра Беларусь — як пісаць пра каханне без надзеі на ўзаемнасць.

Валянціна Раманенка

Мушу прызнацца ў страшным граху. Знаёмства з беларускай мовай пачалося для мяне з насмешак: нейкіх жартаў аднакласнікаў і дарослых пра тое, што беларуская мова — і не мова ўвогуле. Сумесь расійскай з украінскай. І сапраўды, словы, якія прамаўляліся тады (ці гучалі яны правільна?), здаваліся смешнымі…

Але хапіла адзінага слова, якое зляцела з вуснаў вялікага пісьменніка Уладзімера Арлова (творчая сустрэча 2005 года ў Кіева-Магілянскай акадэміі) — «ведаеце». Яно прагучала як запрашэнне ў невядомы свет, як абяцанне фантастычных адкрыццяў, каб перакрэсліць усе ранейшыя стэрэатыпы. Лічыце, што гэта была любоў з першага слова.

З тых часоў Беларусь для мяне — гэта перш за ўсё літаратура. Бахарэвіч, Арлоў, Хадановіч, Прылуцкі… Спіс доўгі. І працэс вывучэння мовы адбываецца менавіта праз чытанне. Мне сорамна, што я ведаю яе вельмі пасрэдна. Але каб палепшыць сітуацыю, патрэбныя суразмоўцы, а з гэтым праблемы…

Ва Украіне я ведаю некалькі чалавек, закаханых у Беларусь. Гэтае пачуццё падобнае да любові да радзімы: калі любіш яе настолькі, што маеш права дазволіць сабе яе ненавідзець.

Менавіта праз іх я адкрывала гэтую краіну. Беларусаў я сустракала няшмат, але гэта былі сапраўдныя патрыёты.

Я ніколі не была ў Беларусі. Для мяне гэта краіна жудасных навінаў: калі людзям не дазваляюць пляскаць у ладкі, нават дыхаць ля помніка Леніну, замбуюць тэлевізійнымі сюжэтамі, якія не здольны спасцігнуць мозг інтэлектуальнага чалавека.

Я — грамадзянін унутранай Беларусі. Падазраю, як і большасць беларусаў, якіх я ведаю. Усе яны — таленавітыя людзі, якія выклікаюць захапленне й павагу.

Доўгі час для мяне заставалася незразумелым, як можна не любіць родную мову, мову, што мае словы, прыгажосць якіх напаўняе сэрца невыноснай лёгкасцю быцця: багоўка, дзьмухавец, летуценны, мроя… Трохі яснасці ўнесла кніга Валянціна Акудовіча “Код адсутнасці”, дзе ён кажа, што за час існавання народа, які так і не змог стаць нацыяй, беларуская мова ператварылася ў «знак бяды», які не абяцае яго носьбіту нічога добрага.

Прыклад Беларусі не дае мне права расслабляцца, губляць пільнасць, каб не даць нікому пазбавіць мяне маёй роднай мовы і дзяржавы, барацьбу за якую, як высвятляецца, кожны дзень трэба пачынаць спачатку.