Такія паездкі ў нас прынята называць “літаратурным дэсантам”.
І няхай вайсковыя параўнанні не надта пасуюць мастацтву, дзень 19 кастрычніка і праўда зрабіўся падзеяй у культурным жыцці Віцебска. У госці да чытачоў прыехала цэлая міжнародная кампанія літаратараў: нарвежскі пісьменнік Ары Бэн, выдавец і рэдактар нарвежскага часопіса “Samtiden“ Крысціян К’ельструп, беларуска-амерыканская паэтка Вальжына Морт – а яшчэ добра знаёмыя віцебскім аматарам літаратуры паэтка, перакладчыца, рэдактарка часопіса “ПрайдзіСвет” Юля Цімафеева і пісьменнік Альгерд Бахарэвіч.
Важнай, хоць і не адзінай нагодай для падарожжа быў выхад новага нумара інтэрнэт-часопіса “ПрайдзіСвет”, цалкам прысвечанага нарвежскай літаратуры. Яго презентацыя прайшла ў Мінску 17 кастрычніка. Цяпер і Віцебск змог пазнаёміцца з актуальнай нарвежскай літаратурай у беларускіх перакладах.
Удзень Вальжына Морт, Юля Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч сустрэліся са студэнтамі і выкладчыкамі Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П.М. Машэрава. Госці пазнаёмілі будучых філолагаў са сваёй творчасцю і адказалі на пытанні аўдыторыі, у тым ліку даволі асабістыя. Як працуюць паэты і пісьменнікі, што такое сучасная паэзія і куды рухаецца беларуская літаратура – размова на гэтыя тэмы нікога не пакінула абыякавым.
Вечаровая імпрэза прайшла ў краме “Князь Вітаўт”, якая папулярызуе беларускую культуру не толькі праз нацыянальную сімволіку, але і з дапамогай такіх вось сустрэч з дзеячамі літаратуры і мастацтва. Сумесны выступ нарвежскіх і беларускіх аўтараў выклікаў сапраўдны аншлаг. На імпрэзе гучалі беларуская, ангельская, руская мовы, а таксама абодва варыянты нарвежскай: букмол і нюноршк. Госці чыталі вершы і прозу, а затым адбылася дыскусія пра сучасную літаратуру, у якой віцебскія чытачы ўзялі самы актыўны ўдзел.
Сустрэчы прайшлі ў межах кампаніі “Пяцісотгоднасць” і ў межах грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.