У 2015 г. у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва (ЮНЕСКА) быў уключаны мультынацыянальны файл “Bagpipe Culture” (“Культура валынкі”), прапанаваны Славацкай Рэспублікай. Славацкія калегі звярнуліся да краін, у культуры якіх існуе традыцыя валынкі, з прапановай далучыцца да дадзенай намінацыі.
Традыцыя валынкі (дуды) на Беларусі мае глыбокія карані. Мастацтва беларускай дуды складалася і развівалася ў русле агульнаеўрапейскай культурнай традыцыі са старажытных часоў на працягу многіх стагоддзяў. Заняпад дударскай традыцыі, які назіраўся ў сярэдзіне XX cт., змяніўся адраджэннем беларускай дуды ў канцы стагоддзя. Працэс аднаўлення дударскай традыцыі працягваецца і ў XXI cт., таму актуальным з’яўляецца пытанне захавання традыцыі дударства на Беларусі. Адным з рашэнняў дадзенай праблемы бачыцца далучэнне Беларусі да вышэйазначанай намінацыі ў Рэпрэзентатыўным спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва (ЮНЕСКА).
18 лютага 2016 г.у Інстытуце культуры Беларусі (г. Мінск, вул. Каліноўскага, 12, аўд. 47) у 14.00 адбудзецца круглы стол на тэму: “Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да мультынацыянальнага файла “Культура валынкі” ў Рэпрэзентатыўным спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва (ЮНEСКА)
Да ўдзелу запрошаны навукоўцы, даследчыкі музычнай культуры, музыкі, дудары, грамадскія дзеячы, якія на працягу многіх год вядуць дзейнасць па адраджэнню культуры дуды на Беларусі.
У праграме круглага стала:
- знаёмства са зместам мультынацыянальнага файла: “Bagpipe Culture” (“Культура валынкі”);
- асноўныя крытэрыі ўключэння элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Рэпрэзентатыўны спіс;
- тэхнічнае забеспячэнне намінацыйнага файла;
- абмеркаванне сучаснай сітуацыі ў развіцці культуры дуды на Беларусі і неабходных практык захавання традыцыі.
Пасля паседжання круглага стала адбудзецца прэзентацыя фотаальбома Анатоля Кляшчука “Карагод беларускіх абрадаў” (у фае на 2-м паверсе, 16.00)