Беларусы гатовыя, каб Кэрал перакуліў іх свет

Апошні год багаты на прэзентацыі перакладаў ангельскіх  пісьменнікаў. За леташнімі “Лістамі Круцяля” на беларускай мове выйшлі “Хронікі Нарніі”, а цяпер распачынаецца кампанія, каб выдаць “Скрозь люстэрка і што ўбачыла там Аліса”.

Столькі цікаўнасці да Кэрала паэт, празаік, бард і дужа разумны чалавек Вера Бурлак тлумачыць так: “Беларусы да яго саспелі. Кэрал з’явіўся ў часы, калі літаратура была вельмі сур’ёзная, уздымала складаныя пытанні, была дыдактычнай і павучальнай. І тады пісьменнікі нонсэнсу пачынаюць перакульваць усё з ног на галаву. Наша культура цяпер таксама вельмі сур’ёзная, сутыкаецца з рознымі выклікамі. І каб трохі перавесці дух, ёй патрэбны нонсэнс”.

Спадарыня Бурлак выступіла перакладчыцай кнігі “Скрозь люстэрка і што ўбачыла там Аліса” (літаральны пераклад першапачатковай назвы твора). Яна намагалася максімальна захаваць моўныя, лагічныя і іншыя жарты, якімі так славіцца аўтар: “Трэба праз сябе прапусціць тэкст, як мага лепш яго зразумець і потым ужо на сваёй мове выдаць нейкі адпаведнік арыгіналу”.

“Мяне моцна вабяць гульні Кэрала, моўныя, сэнсавыя. І перадаць іх літаральна часта немагчыма. Кожны жарт мае нейкую сярэдзінку, ядро і перыферыю, што да яго датычнае. Таму я намагалася, дзе магчыма, захаваць гэтае ядро альбо штосьці істотнае з перыферыі. Бо там ідзе гульня з мовай, пераасэнсаванне ўстойлівых моўных зваротаў і сітуацый, да якіх людзі прывыклі і не мысляць інакш. А Кэрал паказваў, што сама логіка мовы ці выпадкаў паказвае зусім іншы погляд”, — падзялілася ўражаннямі Вера.

https://ulej.by/images/project_about/8582c652ac6fdb6cc81da92ea687aa8edd065ae9.jpg

Выдатна ілюструе такія выпадкі афарызм Белага рыцара. Той казаў, што калі ты знаходзішся дагары нагамі, то гэта нават лепей, бо бачыш усе рэчы па-новаму. Першапачатковы твор прасякнуты англійскім фальклорам, што таксама ўскладніла пераклад. “Я намагалася знайсці нешта блізкае, але стоадсоткавых адпаведнікаў проста няма”, — прызнаецца перакладчыца.

Дарэчы, ад самой перакладчыцы гісторыі можна будзе пачуць не аднойчы. Яна будзе браць удзел у прома-імпрэзах, якія адбудуцца падчас краўд-кампаніі. “Некаторыя ўрыўкі з кнігі так і просяцца ў драматургію. І гэта невыпадкова: Кэрал нават не хацеў прымаць сан святара, бо гэта б не дазваляла яму займацца тэатрам і фатаграфаваннем”, — адзначыла яна. Праўда, што за ўрыўкі і якія будуць падзеі, пакуль трымаецца ў сакрэце. Вядома, што адной з пляцовак стане люстэркавы лабірынт у Мінску, што найлепш пасуе да падзей “Скрозь люстэрка і што ўбачыла там Аліса”.

Свае гісторыі перакладчыца распавядзе і для буйных фундатараў праекта. Так, адзін з падарункаў за шчодрае ахвяраванне – выступ Веры Бурлак. “Гэта хутчэй за ўсё будзе падрыхтаваная імправізацыя. Я буду распавядаць пра сваю працу ці чытаць урыўкі. Гледзячы што захоча публіка, бо часам менавіта яна сваімі пытаннямі ці эмоцыямі падказвае, у якім рэчышчы пройдзе імпрэза”, — лічыць перакладчыца.

На працу са “Скрозь люстэрка” Веру натхніў Андрэй Хадановіч, што ладзіў перакладчыцкую майстэрню. “Я нават спачатку спалохалася”, — прызналася Бурлак. Над кнігай яна думала больш за год, зрабіла чарнавы пераклад, а пасля, перад публікацыяй у ARCHE, ужо з’явіўся сталы варыянт тэксту. Яго Вера склала за пару тыдняў і цяпер мае планы ўзяцца за “Алісу ў Краіне цудаў”, а мажліва, і за “Алісу і яе прыгоды пад зямлёй” — першапачатковы варыянт вядомай казкі Кэрала, які ён напісаў самой Алісе.

Сачыць за праектам можна на Вуллі і ў суполках.

 

Марыя Грыц