Бывайце здаровы, жывіце багата…

Ёсць на беларускім радыё перадача “Сустрэчы з песняй”. Слухаюць яе людзі сталага веку, пішуць вядоўцу лісты з просьбамі паставіць які-небудзь даўнейшы хіт, а таксама расказваюць жыццёвыя гісторыі, з ім звязаныя.

Сядзеў я, значыцца, у сваёй бабулі ў вёсцы, чытаў кнігу і раптам пачуў, што ў адным з лістоў згадалі вядомую песню “Бывайце здаровы” на словы Адама Русака. Было ў тым допісе і пра Пясочнае, адкуль паходзіць аўтар, і пра тое, як малады Адам Русак напісаў верш, які пасля стаў народнай песняй. Усе гэта я ўжо чуў так ці іначай раней – верш Русак напісаў, калі вучыўся ў Ленінградзе, і час ад часу вяртаўся ў родную вёску на пабыўку да маці. Пасля верш развучылі і пачалі спяваць спачатку родзічы паэта, а затым ужо ўся краіна.

Але вось неяк ніколі не звяртаў я ўвагі на час яго напісання – 1936 год, і першага публічнага выканання – студзень 1937 года. А гэта ж пік сталінскіх рэпрэсіяў, калі не толькі ў Беларусі, але і па ўсім Савецкім Саюзе пракацілася крывавая хваля. Зразумела, што Адам Русак, складаючы свой верш, не меў на ўвазе гэта, а ўсяго толькі жадаў свайму народу дабрабыту, якога яму акурат і не ставала ў тую пару.

Працавалі, як вядома, за працадні – рысачкі, за якія пасля збожжа ці яшчэ што. Грошы калі і былі, то ў вельмі абмежаванай колькасці. Пашпартоў не было, яны, зрэшты, і не патрэбныя былі тым, у каго не было грошай. За працадні ж не паедзеш куды-небудзь. Каб набыць у вясковай краме простага хлеба, трэба было падымацца а чацвёртай раніцы – яшчэ ж і чаргу трэба заняць.

Сама па сабе такая форма, як “калектыўная гаспадарка” не прадугледжвала наяўнасці нейкай маёмасці. Усё ж павінна быць агульным, належаць соцыуму, а не аднаасобніку. Простаму чалавеку жыць трэба было па-спартанску, аскетычна, рыхтуючыся да наступлення камунізму. І ўсё пры гэтым залежала ад волі аднаго чалавека…

“Вось дзе сапраўды своечасова напісаны верш”, – падумаў я, глянуўшы на кнігу “Ушедшие в бессмертие” Славаміра Антановіча, якую чытаў. Справа ў тым, што прысвечаная яна рэпрэсіям 1930-х гадоў. Не так даўно ў “Мастацкай літаратуры” выйшла яе другое выданне.

У пачатку 1937 года гэты верш быў надрукаваны ў газеце “Праўда”, а ўжо ў красавіку таго ж года скончыць жыццё самагубствам у псіхлякарні пад Магілёвам Зміцер Жылуновіч – старшыня першага беларускага савецкага ўрада. Крывавы шлейф сталінізму пацягнецца за ім далей – будзе расстраляны Убарэвіч, падчас допыту выкінецца ў акно Галадзед, куляй у сэрца скончыць ва ўласным кабінеце жыццё Чарвякоў. Я ўжо неяк апісваў момант, які на ўласныя вочы ў чэрвені 1937 года бачыла мая бабуля, калі яго партрэт адрывалі са школьнай сцяны. Вораг народа, які сваё жыццё і здароўе паклаў у барацьбе за шчасце і дабрабыт гэтага самага народа.

Затым, у кастрычніку 1937 года, пачне сваю працу крывавы літаратурны канвеер, калі будуць арыштаваныя і закатаваныя ў засценках НКУС маладыя і перспектыўныя беларускія паэты і пісьменнікі. Што мы ведаем пра іх? Хіба хто цяпер, акрамя аматараў і адмыслоўцаў, згадвае іх імёны? Не так даўно адзін мой таварыш яшчэ з гістфакаўскіх часоў прачытаў кнігу пра цэнзуру ў беларускай літаратуры. Кажа, быў вельмі здзіўлены аб’ёмам незнаёмых імёнаў, якія для сябе адкрыў. А колькі кніг было забаронена і спалена…

І душылі ж не толькі тых, хто быў класава варожы, або да рэвалюцыі ці ў грамадзянскую быў у варожым лагеры. Рэпрэсавалі і сваіх, з кім тую рэвалюцыю рабілі і з кім поплеч біліся ў грамадзянскую. Бі сваіх, каб чужыя баяліся, як той казаў. Ну, і атмасфера гэтая, калі адно аднаго выкрывалі, шукалі ворагаў, здраднікаў і дыверсантаў. Прычым цяжка зразумець, хто там быў ахвярай, а хто катам, бо вельмі лёгка мяняліся месцамі, і ўчарашнія змагары за чысціню партыйных шэрагаў маглі аказацца ў той жа ролі, што і несправядліва засуджаныя імі ахвяры.

Ведаеце, часам мне падаецца, што многія найноўшыя ідэолагі выводзяць цяперашнюю Рэспубліку Беларусь з Вялікай Перамогі не таму, што гэта перамога такая (а яна бясспрэчна вялікая – з гэтым ніхто не спрачаецца), а таму, што калі паглядзець на тое, што адбылося з даваеннай БССРаўскай элітай, то валасы дыбарам стаць на галаве могуць не толькі ў асобаў з няўстойлівай псіхікай, якіх звычайна просяць устрымлівацца ад прагляду шакавальных кадраў, але і ў нармальнага чалавека. Каб пераканацца ў гэтым, варта проста паглядзець на лёс людзей, якія абвяшчалі БССР у Смаленску ў студзені 1919 года.

Прычэпам да гэтага варта дадаць, што масавыя рэпрэсіі прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі ў Беларусі і Украіне пачаліся яшчэ ў пачатку 1930-х. Нездарма ж некаторыя даследчыкі лічаць справы “Саюза вызвалення Беларусі” і “Спілкі визволення України” пробнай абкаткай будучых масавых рэпрэсіяў па ўсім Савецкім Саюзе, дзе так вольна дыхае чалавек.

На фоне ўсяго гэтага цяперашнія спробы рэабілітацыі Сталіна і яго паслугачоў, усталяванне бюстаў ды іншыя сімвалічныя акцыі выглядаюць не проста бязглуздзіцай, а сапраўдным мазахізмам. Ну і ўсе гэтыя абаронцы Сталіна і яго крывавай світы, выглядаюць зусім недарэчна. Людзі відавочна не могуць нават на хвіліну ўявіць сталінскай эпохі з яе жахлівай антычалавечай атмасферай. І гэта не пустое перабольшванне, якім грашаць часцяком у сваіх матэрыялах журналісты і разнастайныя калумністы. Гэта рэчаіснасць таго часу. І гэта важна разумець. Нездарма ж Джордж Сантаяма адзначыў, што “той, хто не памятае свайго мінулага, асуджаны на тое, каб перажываць яго зноў”.

А гэтыя словы: “Бывайце здаровы, жывіце багата, ужо ж мы паедзем да свае хаты”… Калі падумаць, выглядаюць сапраўдным запаветам тых, хто яшчэ не сышоў, але ўжо збіраецца ў сваю доўгую дарогу дадому…

 Канстанцін Касяк