«Народная воля» працягвае публікаваць фрагменты з кнігі «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур». Гэтым разам аповед пойдзе пра мастака, пісьменніка, этнографа — Язэпа Драздовіча.
Язэп Нарцысавіч Драздовіч (13 кастрычніка 1888 г. — 15 жніўня 1954 г.)
Язэп Драздовіч нарадзіўся ў засценку Пунькі Віленскай губерні ў сям’і збяднелага шляхціца. Бацька памёр, калі будучаму мастаку было ўсяго тры гады. Ужо ў дзяцінстве было бачна, што хлопчык, заняты маляваннем, не прыдатны для сялянскай працы на зямлі. Маці аддала яго ў Віленскую рысавальную школу, дзе малады Я.Драздовіч вучыўся ў акадэміка І.Трутнева каля чатырох гадоў.
Яшчэ ў студэнцкія гады ён увайшоў у кола беларускіх інтэлігентаў-адраджэнцаў, выдаўцоў беларускамоўнай газеты «Наша ніва», якія пачалі выкарыстоўваць яго малюнкі для аздаблення першых календароў і зборнікаў вершаў маладых паэтаў (Беларускі каляндар на 1910 год, «Курганная кветка» К.Буйло). Гэтае супрацоўніцтва перапыніла на нейкі час служба ў войску у Расіі, дзе Я.Драздовіч вывучыўся на фельчара, але не прыпыніў заняткі маляваннем, выкарыстоўваючы любую магчымасць для ўдасканалення свайго майстэрства — наведваў музеі, чытаў спецыяльную літаратуру па мастацтве. У 1917 годзе ён атрымаў адпачынак па хваробе і наведаў Петраград, дзе пазнаёміўся з дзеячамі беларускага адраджэнскага руху — прафесарам Б.Эпімах-Шыпілам, А.Грыневічам. Пасля рэвалюцыі 1917 года скончыў настаўніцкія курсы ў Мінску, працаваў выкладчыкам малявання. Хвароба маці прымусіла яго вярнуцца на радзіму ў Заходнюю Беларусь. Рыжская дамова з устанаўленнем новых межаў адрэзала яго ад савецкай Беларусі.
Перыяд свядомай дзейнасці Я.Драздовіча з 1921-га па 1939 год праходзіць на тэрыторыі, якая была тады часткай Польшчы. Ён працуе настаўнікам малюнку ў беларускіх гімназіях у Вільні, Радашковічах, актыўна супрацоўнічае з актывістамі Беларускага музея імя І.Луцкевіча ў Вільні па зборы і замалёўках беларускай архітэктурнай спадчыны.
Пасля смерці маці яго браты жылі кожны сваёй сям’ёй, сваёй хаты ў мастака не было. Не стварыў ён і ўласнай сям’і. Пасля звальнення з гімназіі стаў беспрацоўным і пачаў весці жыццё беспрытульнага вандроўнага мастака. Яшчэ ў Вільні Я.Драздовіч зацікавіўся касмагоніяй, выдаў за свой кошт кнігу «Нябесныя бегі», дзе выказваў меркаванне аб устройстве Сусвету. Ён верыў у жыццё на другіх планетах. Паводле сваіх візіянерскіх сноў зрабіў некалькі цыклаў карцін і падрабязных альбомаў з картамі на тэму касмічнага жыцця на іншых планетах, напісаў некалькі аповесцяў на гэтую тэму. Рэалістычная дакументальнасць фантастычных карцін, іх трывожны настрой — рэдкі феномен для пачатку 30-х гадоў. Светаўспрыманне Я.Драздовіча было не фантазіямі, а антыўтопіяй, прадчуваннем міравых катаклізмаў. Гэтыя цыклы, выкананыя ў манеры крыху наіўнага «інсітнага» мастацтва, яшчэ не адзначаны мастацтвазнаўцамі як спецыфічная і арыгінальная з’ява народнага мастака-філосафа. Неразуменне з боку былых калег па духу і мастацтву зрабіла з яго мастацкага аўтсайдэра, чалавека маргінальнага лёсу.
Ён жыў на заробак ад пісання дываноў для сялян, вандруючы з вёскі ў вёску на роднай Дзісеншчыне. Спробы прыцягнуць да сябе ўвагу пасля далучэння Заходняй Беларусі да савецкай нічым не скончыліся. Савецкай уладзе не патрэбны былі летуценнікі і візіянеры. Яго рукапіс «Тэорыя рухаў» — гіпотэза аб планетарным уладкаванні, якую ён даслаў у Акадэмію навук БССР, палічылі дылетанцкай тэорыяй графамана.
У апошнія гады жыцця Я.Драздовіч жыў як маргінальны мастак, забыты калегамі. Нават год яго смерці дакладна невядомы — па ўспамінах сялян яго знайшлі хворага на дарозе ў 1953-м ці 1954 годзе. Памёр у шпіталі. Пахаваны на радзіме, у Германовічах.
Сяляне захавалі яго мастацкую спадчыну, якая была адшукана ўжо ў 60-я гады беларускімі мастакамі і перададзена ў музеі Мінска. У сярэдзіне 80-х гадоў з вялікім поспехам прайшла выстава твораў Я.Драздовіча, адкрыўшая нашчадкам яго надзвычай арыгінальнае мастацтва. У 2002 годзе выдадзены вялікі альбом яго твораў. У цэнтры Мінска ў Траецкім прадмесці стаіць невялікі помнік Драздовічу (дыпломны праект скульптара І.Голубева, 1993).