“Чалавеку з інваліднасцю не трэба спачуваць — проста стварыце для яго роўныя ўмовы”

Наколькі востра сёння ў Беларусі стаіць праблема інвалідаў? Ці змянілася стаўленне да іх з боку грамадства? Што кожны з нас можа зрабіць, каб палепшыць жыццё такіх людзей? Чаму пашырэнне фінансавай дапамогі інвалідам не зможа канчаткова вырашыць іх праблемы? На гэтыя складаныя пытанні адказвае заснавальнік офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

— Сяргей, наколькі павелічэнне фінансавай дапамогі людзям з інваліднасцю можа вырашыць іх праблемы?

— Гэта – годная справа, але толькі вяршыня айсбергу. Грошы — як сродак, не замяшчаюць магчымасці і роўныя правы. У першую чаргу мы мусім стварыць асяроддзе, якое будзе адкрытым і недыскрымінацыйным, тады праблема інваліднасці не будзе стаяць так востра.Сёння беларускія інваліды атрымоўваюць сацыяльную пенсію, памер якой складае каля 70 еўра. Таксама наша дзяржава распрацавала шэраг мер па дадатковай фінансавай падтрымкі і ільгот для такіх людзей. Але, як сведчыць міжнародны вопыт, грошы ніколі не змогуць вырашыць усе праблемы інвалідаў. Напрыклад, у Швецыі некалькі дзесяцігоддзяў таму вырашылі пайсці па гэтым шляху: значна павялічылі фінансавую дапамогу людзям з інваліднасцю. І да чаго гэта прывяло? Сярод інвалідаў значна павялічылася колькасць самагубстваў. Так, грошай на забяспечанае існаванне хапала, але інваліды па-ранейшаму не бралі актыўнага ўдзелу ў жыцці грамадства. Людзі праз гэта страчвалі сэнс жыцця і барацьбы за яго…

— І якое выйсце знайшлі шведы?

— Трэба разумець, што праблема людзей з інваліднасцю існуе ва ўсіх грамадствах. Дзесьці з ёю больш паспяхова змагаюцца, дзесьці — не. Грамадства само па сабе ніколі не зменіцца, пакуль не будуць прынятыя і не запрацуюць меры па паляпшэнні жыцця людзей з інваліднасцю, пакуль кожны чыноўнік, працадаўца ці звычайны чалавек не зразумее, што калі ён парушыць іх правы, то яго чакае сур’ёзнае пакаранне. Такія прасунутыя ў сферы абароны правоў людзей з інваліднасцю краіны, як ЗША, Вялікабрытанія ці Швецыя з Нямеччынай не заўсёды былі талерантнымі да іх. Там таксама існавала дыскрымінацыя. Але на дзяржаўным узроўні яны пачалі прымаць шэраг жорсткіх мер, якія дапамаглі ў лепшы бок змяніць стаўленне да інвалідаў. Па-першае, яны перасталі бачыць у чалавеку з інваліднасцю аб’ект — дапамогі, апекі, шкадавання і г. д. Ён стаў для іх суб’ектам, які мае роўныя правы і магчымасці браць на сябе абавязкі. Некалькі гадоў таму міжнародная супольнасць распрацавала канвенцыю аб правах інвалідаў. Яе галоўны пасыл: чалавек з інваліднасцю — гэта ў першую чаргу чалавек, асоба. А інваліднасць — гэта асаблівасць, якая не дазваляе яму ў поўнай меры ўключыцца ў нармальнае жыццё. Згодна з гэтым, праблему інваліднасці трэба ўспрымаць як праблему правоў чалавека. Дзяржава мусіць зрабіць усё, каб абараніць чалавека з інваліднасцю, стварыўшы такія ўмовы, каб роўнасць была яму гарантаваная не толькі ў тэорыі, але і на практыцы.

Беларусь таксама падпісала гэтую канвенцыю і ўлетку мусіць яе ратыфікаваць, і мы вельмі спадзяемся, што яна дапаможа значна палепшыць жыццё беларускіх інвалідаў. Асноўная праблема ў тым, што сёння чалавек з інваліднасцю ў Беларусі не з’яўляецца суб’ектам палітыкі. Калі той жа вазочнік сутыкаецца з парушэннем сваіх правоў, яму застаецца толькі скардзіцца і месяцамі чакаць адказу. І не факт, што тыя, хто парушыў яго правы, атрымаюць годнае пакаранне… Самы яскравы прыклад: наша асяроддзе раней будавалася без уліку таго, што ёсць людзі, якія маюць асаблівыя патрэбы ў сувязі з інваліднасцю. Але пачынаючы з 1992 года ў нас быў прыняты шэраг мер на заканадаўчым узроўні, згодна з якімі  будаўніцтва і капітальны рамонт будынкаў без забеспячэння даступнасці іх для людзей з інваліднасцю забараняецца. З гэтага часу ўсе будынкі мусяць будавацца і рэканструявацца такім чынам. Але ці так гэта? Нават сёння мы можам знайсці багата прыкладаў, калі будуюцца новыя жыллёвыя комплексы, ніяк не прыстасаваныя для інвалідаў. І ніхто з адказных за іх праектаванне і будаўніцтва пакуль не прыцягваецца да сур’ёзнай адказнасці.  Вось у чым рэч.

— Сёння шмат гавораць і пішуць пра людзей з інваліднасцю. Запушчаная спецыяльная сацыяльная рэклама. А як сучаснае беларускае грамадства ўспрымае і ставіцца да інвалідаў?

— Апошнія 20 гадоў жыццё беларускіх інвалідаў, безумоўна, крыху палепшылася. Былі прынятыя адпаведныя законы аб абароне іх правоў, створаныя дзяржпраграмы па забеспячэнні безбар’ернага асяроддзя,  рэабілітацыі і г. д. Калі ж казаць пра адносіны з боку грамадства, то яно  амаль не змяніла стаўлення да людзей з інваліднасцю. Так, большасць ім шчыра спачувае, разумее іх цяжкі стан і шкадуе. Але чалавеку з інваліднасцю непатрэбнае спачуванне — проста стварыце для яго роўныя ўмовы, якія б зрабілі даступнымі для яго  такія базавыя чалавечыя правы, як права на адукацыю, працу, незалежны лад жыцця. Сёння ў краіне пражывае больш за паўмільёна людзей з інваліднасцю. Калі мы не сутыкаемся штодзённа з вялікай колкасцю інвалідаў, гэта яшчэ не азначае, што іх няма. Бо інваліднасць бывае розная: ёсць вонкавая, калі мы бачым чалавека з парушэннямі зроку, слыху, без нагі-рукі, а ёсць нябачная — калі вонкава мы не можам вызначыць яго стан. У нас дагэтуль існуе стыгматызацыя людзей з пэўнымі катэгорыямі інваліднасці. Асабліва гэта тычыцца людзей, якія маюць розныя псіхічныя захворванні. Яны пазбаўленыя амаль усіх правоў: не могуць напісаць скаргу, калі з імі дрэнна абыходзяцца, узяць актыўны ўдзел у жыцці грамадства, бо ніхто іх усур’ёз не ўспрымае — гэта ж “дурань”, “вар’ят”. Што з яго возьмеш?

— Сяргей а што кожны з нас можа зрабіць, каб палепшыць умовы жыцця людзей з інваліднасцю?

— Па-першае, праз самаадукацыю пазбавіцца стэрэатыпаў, што існуюць у грамадстве наконт інвалідаў. Дзеля гэтага трэба больш чытаць спецыяльнай літаратуры, артыкулаў пра жыццё такіх людзей, глядзець розныя дакументальныя фільмы  Так, гэта няпроста, складана, нязручна. Заўсёды цяжка змяняць сябе, спрабаваць з іншага ракурсу паглядзець на сусвет. Як раней казалі ў Нямеччыне, калі бачыш жабрака, не кідай манетку, а падай яму руку дапамогі. Трэба ў першую чаргу самому зразумець, што інваліднасць не змяняе сутнасці чалавека, ён застаецца чалавекам, асобай, у якой ёсць гонар і такія ж правы, як і у цябе. Мы ўсе розныя, са сваімі асаблівасцямі, але трэба імкнуцца быць чалавекам адно для аднаго. Калі ты архітэктар, памятай, што будуеш для ўсіх. Калі чыноўнік — думай і адказвай за рашэнні, што прымаеш у дачыненні да людзей з інваліднасцю. Калі бізнесовец — паразважай, як пабудаваць бізнес такім чынам, каб ён не ствараў новых бар’ераў для інвалідаў, а можа, нават дапамог ім знайсці працу.

— Як часта да вас у офіс звяртаюцца па дапамогу людзі з інваліднасцю?  

— За мінулы год да нас звярнулася амаль 1,5 тысячы чалавек. Часам трэба было проста даць ім адпаведную параду, праінфармаваць, але былі і выпадкі, калі людзі сутыкаліся з парушэннем сваіх правоў — правам на працу, адукацыю, ахову здароўя і г. д. І мы шукалі магчымасці вярнуць ім гэтыя правы.

— Ці лёгка наогул сёння чалавеку з інваліднасцю ў Беларусі атрымаць працу?

— З гэтым у нас пакуль складаная сітуацыя. Перад тым як уладкавацца на працу, чалавек мусіць атрымаць адпаведную адукацыю ці прайсці перападрыхтоўку, каб быць запатрабаваным на рынку працы. У мяне ёсць шмат людзей з інваліднасцю, якім гэты факт не перашкодзіў стаць добрымі бізнесоўцамі, выдатнымі спецыялістамі ў сваёй галіне. Але поспех гэтых людзей — гэта амаль заўсёды іх перамога над абставінамі. Ніводны працадаўца наўпрост не скажа: “Я цябе не бяру, бо ў цябе ёсць інваліднасць”. Яны будуць адмаўляць табе ў працы, бо “ўзялі ўжо іншага чалавека”, бо “ў вас няма дастатковага вопыту, кваліфікацыі”… А насамрэч праз стэрэатыпы яны проста не могуць уявіць сабе, што чалавек з інваліднасцю можа быць добрым адвакатам, журналістам, медыкам ці акторам. На сёння ў Беларусі прыняты шэраг мер па заахвочванні працадаўцаў даваць больш працоўных месцаў людзям з інваліднасцю. Прынамсі, калі ў яго на прадпрыемстве ці фірме будзе працаваць 50 і больш адсоткаў працаўнікоў з інваліднасцю, ён атрымае шэраг ільгот ад дзяржавы. Але на практыцы гэта досыць складана рэалізаваць: дзе ж ты адразу знойдзеш і ўладкуеш і бухгалтара, і тэхнолага, і прыбіральшчыцу з інваліднасцю? Таму трэба шукаць іншыя спосабы. Але для нас самае галоўнае — каб дзяржава, чыноўнікі нас чулі і не ігнаравалі, асабліва калі мы звяртаемся да іх з рознымі прапановамі па ўдасканаленні нашых умоў жыцця. А такіх прапаноў шмат, і часам даводзіцца не адзін год абіваць парогі розных кабінетаў, перш чым справа кранецца з мёртвай кропкі.

—  І пры канцы не магу не задаць вам гэтага пытання: што рабіць, калі ты ці твой родны стаў інвалідам і трэба занава будаваць сваё жыццё?

— Чалавек схільны да таго, каб рабіць сваё існаванне больш простым. Прымусіць кагосьці быць актыўным, калі ён сам гэтага не захоча, немагчыма. Важна грамадству ствараць такія ўмовы, каб рабіць прывабным актыўны лад жыцця для людзей з інваліднасцю, каб яны зразумелі, што калі прыкладуць пэўныя намаганні, могуць нечага дамагчыся. Па сваім вопыце скажу, што ў першую чаргу не трэба замыкацца ў сабе. Шукайце падтрымку  ў асяроддзі людзей, якія самі прайшлі праз гэта, але не зламаліся пад ціскам цяжару. Звяртайцеся па дапамогу ў адпаведныя арганізацыі. Трэба для сябе ўсвядоміць, што і ў такім стане можна жыць і знаходзіць сэнс жыцця.

 

Ліна Мілаш

Фота з уласнага архіва Сяргея Драздоўскага