«Не, чаго б хто ні казаў, а ўлада вучыцца. Асвойвае новыя мэтады, новыя тэхналёгіі. Вось яшчэ 20-25 гадоў таму яна лічыла, што лепшы спосаб пазбавіцца палітычнага апанэнта – гэта папросту ліквідаваць яго (Ну, а як вы хацелі? Гэта стары правераны падыход – «няма чалавека – няма праблемы). І гэтак і рабіла. Але тут узьнікае процьма складанасьцяў – міжнародны розгалас, усялякія незалежныя расьсьледаваньні, раптоўнае ўзьнікненьне сьведкаў (а яшчэ й выканаўцаў!). Гэта непрыемныя рэчы, якія ўскладняюць жыцьцё й кіраваньне краінай. Таму, відаць, нехта збоку нашаптаў: «Прасьцей пасадзіць!» Лявон Вольскі ў аўтарскай рубрыцы «Мама, не журыся» на budzma.org разважае пра новыя захады ўлады што да нязгодных.
І праўда — пасадзіш па крымінальным артыкуле, і ты ўжо чысты і сьветлы, маўляў, якія палітвязьні?! Гэтыя людзі чысьцейшай вады ўгалоўнікі, адбываюць заслужанае пакараньне. Калі хто ня ведаў, у нашым крышталёвым сасудзе ёсьць закон, і ён для ўсіх адзін. Парушыў закон — атрымай вырак! Вось яны й атрымалі! Так што адчапіцеся і ня лезьце са сваімі гейрапейскімі законамі ў наш праваслаўна-атэісцкі манастыр! А палітычнага перасьледу ў нашай дзяржаве няма і быць ня можа. Ён нават у законе не прапісаны.
Гэтая прагрэсыўная схема працуе. Раней бы пасьля пратэстаў 2020-га пара тысячаў чалавек проста зьнікла б (дзяржмэдыя казалі б, што яны ўцяклі на Захад і цяпер па Бруклінах і Соха свае здрадніцкія гамбургеры дагрызаюць — тыя, што набылі за 30 срэбнікаў), а цяпер ніхто нідзе не зьнікае, дакладней, зьнікаюць, але ўжо ў нетрах роднае беларускае пэнітэнцыярнае сыстэмы.
У тым сэнсе, што лісты не даходзяць, перадачы не прыймаюцца, інфармацыя адсутнічае. Але недзе там, сярод турэмных муроў, яны, нібыта, ёсьць. І там ім, гледзячы па ўсім, зусім нядобра — пакуль ідзе сьледзтва, яны йснуюць у адмыслова перапоўненых камэрах, у задусе ці то холадзе, з кепскім харчаваньнем і без падушак, матрасаў ды бялізны. Калі ж іх этапуюць у асноўнае мейсца адбыцьця пакараньня — то бок, у якуюсьці калёнію, дык там ім клеюць на робу жоўтую зорку Давіда… ой, прабачце, памыліўся, жоўтую бірку, якая дэманструе ўсім навокал, што перад імі — “палітычны”, схільны да ўсяго самага благога ды падступнага. А далей — увесь магчымы турэмны прэсынг. Вечныя правіны — кепска пагаліўся, не павітаўся, і ў выніку — ШЫЗА, ПКТ…
Гомельская калонія № 4. Кадр з фільма А. Мірашнічэнка
Гэта робіцца, каб чалавек пасьля так званага “адбыцьця пакараньня” і думаць ня мог пра нейкую нязгоду ды пратэсты. Каб пры думцы пра турму ў РБ ім апаноўваў такі жах, што ён бы ня быў здольны ані хадзіць, ані гаварыць, адно толькі калаціўся ад страху. Якія там ужо пратэсты!
І, паверце, часьцяком так і здараецца. Выходзіць чалавек зь вязьніцы і адразу зьяжджае. Ці то застаецца і існуе ціхамірным нябачным для большасьці жыцьцём. Залягае на дно.
Улада вучыцца. Сталее. Навошта фізычна зьнішчаць апанэнта, калі можна правесьці ў яго ператрус? Ператрус — гэта магутная магчымасьць паўзьдзейнічаць на асобу. Можна па-рознаму афармляць гэты ператрус. Можна ўварвацца праз гаўбец, разьбіўшы пры гэтым шыбы. Прыгожа, як у фільмах! Асабліва добра гэты захад узьдзейнічае на малых дзяцей, яны, нават, могуць пачаць заікацца. Няхай тады бацькі падумаюць — ці займацца апазыцыйнай дзейнасьцю надалей?
Можна выбіць дзьверы ды ўварвацца групай захопу пры поўным узбраеньні — з аўтамацікамі-маскамі-кайданкамі і ўсім неабходным. Добра ўзьдзейнічае на дзячатаў і жанчын. У іхнае памяці назаўсёды застанецца гэты кадр: ты ляжыш у ложку пад коўдраю ў халодным жаху і сутаргава спрабуеш ня даць сьцягнуць зь цябе гэтую коўдру дзясятку ўзброеных да зубоў напампаваных салдафоністых дзядзек.
Урэшце, калі чалавек асабліва назаляе ўладзе, можна заняцца ў ягонай кватэры вандалізмам — панішчыць-паламаць мэблю, пакідаць аб сьцены слоікі зь леташнім сочывам, каб атрымаліся прыгожыя пісягі на сьценах. Зламаць старую гітару (відаць, гэты інструмэнт дарагі ўладальніку кватэры, дык атрымай фашыст гранату!), падзерці на дробныя кавалачкі архіўныя здымкі, панішчыць дыплёмы ў рамках, што віселі на сьценах. Урэшце, пазьдзіраць кавалкі шпалераў і паадкалупваць паркет. Карацей, можна праявіць вандалісцкую творчасьць!
Фота: А.К., «Белсат»
Гэты, апошні, гатунак ператрусу, звычайна, праводзіцца без прысутнасьці гаспадара кватэры. Уладальнік памяшканьня, хутчэй за ўсё, у гэты час знаходзіцца за мяжою. Але ж. Задача — паўзьдзейнічаць на гаспадара, выклікаць эмоцыю! У гэтым выпадку выклікаць страх і жудасьць не атрымаецца. Але можна разьлічваць на пачуцьцё крыўды, агіды, шкадаваньня зьнішчаных рэчаў і іншыя непрыемныя эмоцыі, якія мусяць на адлегласьці нішчыць і дэмаралізоўваць апанэнта. Пасьля “ператрусу-пагрому” дэталёвыя здымкі панішчанага жытла выкладаюцца ў інтэрнэт, каб гаспадар кватэры глядзеў, злаваўся й плакаў, а астатнія схільныя да апазыцыйнай дзейнасьці асобы, у тым ліку, якія схаваліся за мяжою, глядзелі і баяліся — да іх жа ж таксама можа прыйсьці групоўка вандальнага ператрусу!
Вось тое, чаму навучылася ўлада РБ за доўгія гады. Робіць яна гэта творча, па-майстарску, зь непадробным задавальненьнем і шматлікімі праявамі ініцыятывы. Вось відаць, што людзі жывуць сваёй працай, а ня проста нудна й стомлена адпрацоўваюць нумар!
Застаецца спадзявацца, што тыя, хто ў свой час прыйдзе да іх зь ператрусам, таксама будуць вялікімі прафэсыяналамі і энтузыястамі сваёй справы. А тое, што прыйдуць — без сумневаў. Так заўсёды бывае.
Лявон Вольскі, budzma.org
Меркаванне аўтараў раздзела «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.