Алесь Тодараў разважае на budzma.org пра тое, чаму варта імкнуцца да таго, каб вучыцца цягам усяго жыцця.
Фота: https://www.edweek.org/
Восень — ідэальная пара для навучання, бо стварае ці не ідэальныя ўмовы для атрымання новых ведаў. Тэмпературны сквар сыходзіць, а свежае прахалоднае паветра, апалае лісце ды працяглыя дажджы ўжо самі па сабе настройваюць на адпаведны лад.
На вялікі жаль, нават сёння многія, пры наяўнасці дастатковай колькасці вольнага часу, працягваюць лічыць, што вучыцца трэба адно ў школе і іншых навучальных установах, якія ў адукацыйнай іерархіі ідуць следам: каледж, інстытут, універсітэт, магістратура, аспірантура. Маўляў, атрымаў нейкую спецыяльнасць, прафесію, якая яшчэ і падмацавана дыпломам, то можна супакоіцца ды заняцца кар’ерай.
Але рэч у тым, што вучымся мы насамрэч усё жыццё, пачынаючы з дзіцячага ўзросту і заканчваючы глыбокай старасцю. Ігра на гітары, новае праграмнае забеспячэнне, выхаванне дзіцяці і гэтак далей да бясконцасці.
Фота: https://brain-smart.com/
Мозг чалавека ўладкаваны такім чынам, што яго ўладальнік літаральна напітваецца ведамі ў кожны з перыядаў свайго жыцця. Праўда, адбываецца гэты працэс з рознай хуткасцю. У дзяцінстве інфармацыя, якую мы атрымліваем, засвойваецца вельмі хутка, а з узростам вучыцца чамусьці новаму робіцца ўсё цяжэй.
Дзе шукаць новыя веды?
Падумайце, чым вы даўно хацелі заняцца, але патрэбны момант усё ніяк не надыходзіў? Вывучыць ангельскую мову? Прайсці кулінарны курс? Надаць больш часу ёзе? Засвоіць астралогію?
Той самы патрэбны момант прыйшоў акурат цяпер! Не думайце, што ў вас не атрымаецца. Страхі цягнуць нас назад. І калі чакаць спрыяльнага часу, то ён можа ніколі і не наступіць, бо заўжды будзе нейкае «але». А мы жывем у такую пару, калі дзякуючы сеціву многаму можна навучыцца бясплатна. Было б толькі жаданне...
Каб падмацаваць упэўненасць у абраным шляху, уявіце сябе спрактыкаваным прафесіяналам, калі бярэцеся адкрываць для сябе нешта новае. Гэта дапаможа вам не губляцца ў аб’ёме раней невядомай інфармацыі.
Фота: https://edexec.co.uk/
Некалькі нетрывіяльных метадаў засваення ведаў:
Медытуйце
Рэгулярныя медытацыі здымаюць стрэс і дапамагаюць палепшыць вашу памяць. У часе медытацыі развіваюцца навыкі канцэнтрацыі, што вельмі важна для працэсу навучання.
Падзяляйце працэс на кароткія прамежкі
Навучацца абсалютна любым рэчам нашмат больш эфектыўна, калі падзяліць сам навучальны працэс на невялікія прамежкі, напрыклад, па 40–50 хвілін. Прыгадайце свае школьныя часы, каб вам стала зразумела, аб чым гаворка.
Натуральна, што вам няма патрэбы рабіць запар па 5–6 такіх «перыядаў». Рабіце столькі, колькі зможаце асіліць. Не трэба сябе перагружаць. Бо яшчэ Эпіктэт у сваіх знакамітых гутарках адзначаў:
«Усякая вялікая сіла небяспечная для пачаткоўца. Дык вось, пераносіць усё такое трэба па сіле, але па прыродзе».
Рабіце нататкі
Не адмаўляйцеся ад «старасвецкіх» спадарожнікаў ведаў — асадкі і паперы. Запісваючы штосьці ад рукі, мы прыводзім у рух маторную памяць і лепш унікаем у інфармацыю. Да ўсяго штодзённая пісьмовая практыка станоўча ўплывае на працу нашай нервовай сістэмы.
Шукайце ўласны спосаб навучання
Калі вам падабаецца праца ў камандзе, то можаце запісацца на адмысловыя курсы, або стварыць такую каманду з цікаўных самі.
Фота: https://www.nardin.org/
Калі ж вы любіце адзіноту і поўную самастойнасць, то тады ідэальна падыходзіць дом, бібліятэка, кавярня ці нейкае іншае месца. Галоўнае, каб вам было камфортна і нічога не адрывала.
Калі вам падабаецца працаваць па ўласным раскладзе, арганізуйце час такім чынам, каб вам здавалася, што ён належыць толькі вам. Няма ніякай патрэбы паўтараць школьныя ўрокі або ўніверсітэцкія пары.
Як дабіцца поспеху ў вучобе:
1. Мінімізуйце тое, што не дапамагае вам развівацца і змяняцца. Паспрабуйце распрацаваць сваю ўласную матывацыю.
2. Стварыце плэйліст для навучання. Не бярыце адразу на сябе занадта шмат, таму што зусім не факт, што вам удасца адолець адразу ўвесь вучэбны матэрыял.
3. Змяняйце практыку навучання ў працэсе. Шукайце практычную сувязь паміж ужо атрыманымі ведамі, не губляйце часу на тое, што не мае глабальнага значэння.
4. Трымайце сваю працоўную прастору ў парадку. Бо парадак на стале — парадак у галаве.
5. Заўсёды памятайце, для чаго вы ўсё гэта пачалі. Стаўце правільныя мэты з самага пачатку.
6. Памятайце, што прасіць дапамогі — гэта не слабасць. Пры гэтым варта больш працаваць, ды менш спадзявацца на талент.
7. Калі ў вас усё атрымаецца, абавязкова ўзнагародзьце сябе за тыя высілкі, якія прыклалі.
Алесь Тодараў, budzma.org