Чарнобыль: Пяць пытанняў да савецкай улады

26.04.2013 У краіне

Больш за чвэрць стагоддзя таму, 26 красавіка 1986 года, на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі падчас выпрабаванняў сістэм бяспекі адбыліся два выбухі. У атмасферу трапіла вялізарная колькасць радыёактыўных рэчываў. Былі забруджаны 23% тэрыторыі рэспублікі, на якіх пражывала 2,2 млн. чалавек. Ліквідацыя наступстваў катастрофы пакінула шмат пытанняў да існуючай улады. Паспрабуем сфармуляваць іх і пашукаць адказы.

Чаму маўчала ўлада?

У сучаснага чалавека працяглае маўчанне ўладных структур пасля аварыі не можа не выклікаць шок. Толькі вечарам 28 красавіка па цэнтральным тэлебачанні была перададзена інфармацыя ТАСС пра аварыю. Яна была дастаткова сціслая і не давала ніякага ўяўленне пра сапраўдны маштаб трагедыі. 30 красавіка ў газеце «Праўда» з’явілася сціслае, у 19 радкоў, паведамленне Савета Міністраў СССР пра аварыю на станцыі. 1 мая яго перадрукавалі беларускія газеты. Каб супакоіць жыхароў СССР, сцвярджалася, што «радыяцыйная абстаноўка на электрастанцыі і прылеглай мясцовасці стабілізаваная». А вось для замежных грамадзян інфармацыя была крыху больш поўная: «Узровень забруджанасці крыху перавышае дапушчальныя нормы, аднак не ў такой ступені, каб патрабавалася прыняцце спецыяльных мер для абароны насельніцтва». Толькі 14 мая 1986 г. па цэнтральным тэлебачанні нарэшце выступіў Міхаіл Гарбачоў.

Чым жа выкліканая такая рэакцыя чыноўнікаў? Саюзны цэнтр працягваў жыць у атмасферы «халоднай вайны». Калі кіравацца логікай Крамля, інфармацыя пра Чарнобыль магла зрабіцца аргументам для ЗША ў ідэалагічнай дыскусіі. А таксама зруйнаваць міф грамадзян Саюза пра шчаслівае жыццё ў сацыялістычным раі. Таму ўсе звесткі пра катастрофы і надзвычайныя здарэнні часцей утойваліся, і Чарнобыль не быў выключэннем.

А ў Мінску проста баяліся праявіць ініцыятыву і выклікаць незадаволенасць і гнеў цэнтра. Як згадваў Васіль Несцярэнка, які ў 1986-м узначальваў Інстытут ядзернай энергетыкі Акадэміі навук БССР, кіраўнік Беларусі Мікалай Слюнькоў казаў яму неўзабаве пасля аварыі: «Ты што, не разумееш палітычнага моманту? А што будзе, калі мы адселім людзей, а гэта акажацца дарэмным?»

Каго зрабілі вінаватым?

Непасрэднымі віноўнікам катастрофы, зразумела, былі аб’яўленыя супрацоўнікі «на месцах». Так, дырэктар Чарнобыльскай АЭС Віктар Бруханаў атрымаў 10 гадоў зняволення (вызвалены ў 1991-м). Праз гады кіраўніцтва рэспублікі пераконвала, што зрабіла ўсё магчымае для пераадольвання наступстваў аварыі. Напрыклад, у 1999 годзе Мікалай Слюнькоў казаў: «не толькі не бачу за сабой віны, але і не бачу віны іншых кіраўнікоў рэспублікі, міністэрстваў, вучоных, спецыялістаў (за выключэннем грамадзянскай абароны) (…) Мы зрабілі ўсё, што маглі». Аднак паміж сабой яны былі больш шчырымі ў думках і рэзкімі ў ацэнках.

Праз паўгода пасля аварыі, 28 кастрычніка 1986 года, дзейнасць органаў улады была абмеркаваная ў вузкім коле на пасяджэнні бюро ЦК Камуністычнай партыі Беларусі. Дакумент праходзіў пад грыфам «цалкам сакрэтна». Дзейнасць партыйных, савецкіх і гаспадарчых органаў рэспублікі, якія прынялі меры па эвакуацыі насельніцтва і яго далейшым размяшчэнні і працаўладкаванні, была ацэненая станоўча. А шэраг ведамстваў трапілі пад агонь крытыкі.

Так, спецыяльна створаная Рэспубліканская камісія слаба забяспечвала кардынацыю і кантроль за здзяйсненнем працы міністэрстваў і ведамстваў. Рэспубліканскі і абласны штабы грамадзянскай абароны ў першыя дні пасля аварыі прадэманстравалі «поўную неразваротлівасць», не была выкарыстаная сістэма апавяшчэння, «са спазненнем выконваліся планы мерапрыемстваў па абароне насельніцтва». Недахопы былі знойдзеныя ў Дзяржаграпрама БССР, Гомельскага і Магілёўскага аблвыканкамаў, Белкаапсаюза, Міністэрстваў гандлю, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дарожнага будаўніцтва, асветы, культуры і нават Дзяржкіно і Дзяржтэлерадыё… Пра магчымыя пралікі ў працы партыйных камітэтаў не сказана ні слова.

 

Ці наведвалі чыноўнікі забруджаныя тэрыторыі?

Пытанне, ці варта кіраўнікам прыязджаць на месца трагедыі ці катастрофы, з’яўлецца адным з самых спрэчных. Не прыехаў — рызыкуеш быць абвінавачаны ў абыякавасці і бяздушнасці. Кінуў усе справы — значыць, набіраеш палітычныя балы на чужым горы. Пасля таго, як канцлер Германіі Гельмут Коль не наведаў горад Золінген, дзе ў 1993 годзе неанацысты спалілі дом турэцкай сям’і, ён атрымаў 1,2 мільёна паштовак з надпісам «Я раз’юшаны». У адказ канцлер пакрытыкаваў іншых палітыкаў за «пахавальны турызм».

Ці прыязджала кіраўніцтва Беларусі пасля аварыі ў зону забруджвання? Як пісаў у сваіх ўспамінах пісьменнік Валянцін Блакіт, першы сакратар Гомельскага абкама Аляксей Камай з паплечнікамі «з ранку да ночы калясілі, глытаючы радыяцыю, па пыльных дарогах бяды, ратуючы людзей… Адны з іх, як другі сакратар абкама Віктар Санчукоўскі, згарэў ад радыяцыі імгненна ў яшчэ зусім маладая гады, іншыя — пазней, дый Аляксей са сваім колісь магутным здароўем ходзіць з ужыўленым стымулятарам сэрца, жменямі глытае лекі…»

Але не ўсе кіраўнікі былі такімі. Напрыклад, М. Слюнькоў накіраваўся ў зону забруджвання 1 мая. Пазней наведваў чарнобыльскія раёны 8-9 жніўня 1986 года і 7-9 студзеня 1987 года падчас паездак па Гомельскай вобласці высокапастаўленых маскоўскіх чыноўнікаў. Але жыхары Хойніцкага раёна расказвалі свайму земляку, пісьменніку Барысу Пятровічу, што падчас аднаго з візітаў Слюнькоў узяў у паездку спецыяльны зменны абутак і вопратку. Апранаў іх, выходзячы з машыны, і здымаў, залазячы ў яе. А потым выкінуў па дарозе ў Мінск…

 

Дапамагала ці перашкаджала нам Масква?

Яшчэ пяць гадоў пасля Чарнобыля Беларусь знаходзілася ў складзе СССР. Таму ўсе пытанні неабходна было вырашаць праз Маскву. Калі гартаеш дакументы таго часу або знаёмішся з успамінамі, кідаецца ў вочы парадокс. Калі беларускае кіраўніцтва дзейнічала з пазіцый маральнай перавагі, патрабавала і настойлівала, дык часцей дасягала поспеху. Калі сціпла, быццам бедны сваяк, стаяла ўбаку, дык вярталася з пустымі рукамі. М. Слюнькоў расказваў пісьменніку Алесю Адамовічу і Васілю Несцярэнку, што ўкраінскі прэм’ер Аляксандр Ляшко паўтары гадзіны абмалёўваў саюзнаму ўраду сітуацыю на забруджанай тэрыторыі і прасіў аб дапамозе. А яго беларускі калега Міхаіл Кавалёў зрабіў даклад на дзесяць хвілін, ды яшчэ і паабяцаў выканаць усе пастаўкі Беларусі па мясе і малаку ў саюзны бюджэт.

Пры канцы 1989 года ў лісце, скіраваным у ЦК КПСС, кіраўнікі беларускай кампартыі папрасілі зменшыць нагрузкі на рэспубліканскі бюджэт. Прапанова, якую, дарэчы, разглядаў М. Слюнькоў (тады ён быў членам Палітбюро і сакратаром ЦК КПСС па эканоміцы), была прынятая Масквой. У выніку пастаўкі ў саюзны фонд мяса былі скарочаныя на 72 тыс. тон, малака — на 360 тыс. тон, яек — на 5 млн. штук. Беларускім будаўнічым арганізацыям дазвалялася згарнуць працу на БАМе і ў асобных расійскіх абласцях пры ўмове завяршэння аб’ектаў.

Міжволі ўзнікае пытанне: няўжо нельга было папрасіць аб дапамозе адразу пасля аварыі?

 

Ці прызнала ўлада сваю адказнасць за аварыю?

Мемуары былых чыноўнікаў, іх інтэрв’ю СМІ часам цікавыя не толькі сенсацыйнымі падрабязнасцямі ці раскрыццём закулісных інтрыг. Яны даюць магчымасць ацаніць іх па адным вельмі простым крытэрыі: ці прызнаецца былы начальнік у пэўных памылках. Калі адказ станоўчы, бачна, што перад намі жывы чалавек. Амаль кожны савецкі чыноўнік быў часткай партыйнай сістэмы, якая, паводле слоў А. Адамовіча, была «не запраграмаваная на зваротную сувязь, не ўспрымальная для чужога болю і да чужых, не апаратных пачуццяў». Фактам прызнання або нават раскаяння любая асоба атрымлівала шанец вызваліцца ад улады сістэмы, узвысіцца над сваімі памылкамі і нібыта перарасці іх.

Так, Чарнобыль усё ж зрабіўся пэўным урокам для М. Слюнькова. Бо калі ў канцы 1988 года адбыўся землятрус у Арменіі, ён быў адным з тых, хто настойваў на заснаванні ў СССР адзінага каардынацыйнага цэнтра для барацьбы з бедствамі, а не на стварэнні пры кожнай нагодзе спецыяльных камісій Палітбюро і ўрада.

У адным з інтэрв’ю паэт Генадзь Бураўкін, які ў час чарнобыльскай аварыі ўзначальваў Дзяржкамітэт БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, расказваў пра сваю размову са Слюньковым, калі абодва ўжо знаходзіліся на пенсіі. У той гутарцы экс-кіраўнік Беларусі прызнаўся, што адчувае за сабой віну. Але гэты факт меў месца толькі ў асабістай размове. Публічнага пакаяння за свае ўчынкі не прагучала ні ад яго, ні ад іншых чыноўнікаў. І невядома, ці дачакаецца грамадскасць калі-небудзь гэтых слоў.

Савецкая ўлада даўно сышла ў нябыт. Але наступствы Чарнобыля будуць адчувацца яшчэ доўгія гады.

 

Дзяніс Марціновіч