Мастацтвазнаўца Эльвіра Каралёва стварыла чат «Я прыеду хэлп», скіраваны на дапамогу дзецям-эмігрантам, якія цяпер жывуць у Польшчы і маюць абмежаваныя магчымасці. Раней яна ладзіла выставы для такіх маладых людзей. Пра новы праект і яго мэту Эльвіра Каралёва расказала «Беларускаму Радыё Рацыя.»
Эльвіра Каралёва
— У мяне задача адна, як і ў нашай інклюзіўнай супольнасці — гэта вырашаць свае праблемы і задачы самастойна. Ніхто акрамя нас на нас не зверне ўвагі, не дапаможа. На самой справе толькі здаецца, што ўсё ствараецца неяк вельмі хутка. Напрыклад, да рашэння стварыць менавіта такі чат, дзе мы збіраем усіх дзяцей з Беларусі, Украіны і іншых краін у Польшчы, якія патрабуюць дапамогі, мы ішлі да гэтага год.
Нягледзячы на тое, што ў інтэрнэце даволі шмат інфармацыі як і каму можна дапамагчы, часам яе недастаткова. Калі чалавек запаўняе дэкларацыю і павінен плаціць падаткі, было б добра, каб можна было падгледзець кудысьці, дзе сабраныя нейкія дадзеныя.
— Нашы дзеці, я скажу так, выдзяляючы, не хочацца канешне выдзяляць нацыянальнасць, але даводзіцца, бо менавіта мігранты з інваліднасцю ў яшчэ больш уразлівым становішчы. Можа быць больш ахвотна дапамогуць польскаму дзіцяці палякі, складана сказаць. Таму мы вырашылі звярнуць асаблівую ўвагу, зрабіць акцэнт на тым, што ёсць вельмі шмат дзяцей, якім трэба дапамагаць, ёсць дзеці з нашых краін і ім, як нікому, патрэбная асаблівая дапамога.
У чаце плануюць публікаваць толькі афіцыйную інфармацыю пра дзяцей, чые рахункі зарэгістраваныя ў Польшчы, — такім чынам можна пазбегнуць махлярства і недаверу. Базавая неабходная дапамога і падтрымка аказваецца дзяржавай, але астатняе кладзецца на плечы бацькоў. Увага звяртаецца і на тое, што дапамогі стала меней.
— Неахвотна людзі дапамагаюць «не вельмі хворым» дзецям, скажам так. Ахвотней рэагуюць на інфармацыю катастрафічную, драматычную, калі дзіця ўжо ў вельмі благім стане, усё дрэнна, вось ужо некалькі дзён жыцця, умоўна, засталося — вось на такую інфармацыю людзі рэагуюць. А пра іншых дзяцей чамусьці забываюцца, хаця многім важна матэрыяльная падтрымка, і тэрапія, і гд. Я разумею, можа людзі хочуць дапамагаць у нейкіх крайніх выпадках. Але з іншага боку, гэта вельмі крута, калі ты даеш не толькі падтрымку і тэрапію, але нават нейкія заняткі па маляванні, чаму не. Гэта прыносіць вялізнае задавальненне дзецям. То бок неабавязкова чакаць нейках дрэннай сітуацыі, каб пачаць дапамагаць таму, хто мае ў гэтым патрэбу.
Большасць дзяцей з інваліднасцю ўжо атрымлівае дапамогу ад пэўных фундацый і маюць свае рахункі, а тым, хто мае ў іх патрэбу, дапамогу па адкрыцці можна атрымаць у чаце.