У анлайн-кінатэатры беларускага кіно папаўненне — чатыры фільмы рэжысёркі (якая насамрэч яшчэ сцэнарыстка і акторка) Нэлы Агрэніч: «Тата», «Сябры по ліставанні», «Заплюшчы вочы», «Рэканструкцыя бяссоння». Кожная з гэтых работ — гэта своеасаблівае адлюстраванне жыцця і чалавечых адносін.
Нэла — беларуская рэжысёрка, сцэнарыстка, акторка. Яе фільмы ўдзельнічалі і перамагалі на шматлікіх міжнародных кінафестывалях кароткаметражнага кіно у розных краінах. З 2013 года здымаецца ў фільмах і серыялах. Акрамя гэтага Нэла піша вершы з дзяцінства і друкуецца ў перыядычных выданнях.
«Тата»
«Тата» — фільм пра жанчыну, якая, адмовіўшыся ад працы і асабістага жыцця, даглядае свайго тату на хутары, адарваным ад цывілізацыі. Кожны яе дзень падобны на папярэдні, і з кожным днём яе ноша становіцца ўсё цяжэй.
«Заплюшчы вочы»
Сюжэт стужкі «Заплюшчы вочы» складаецца вакол маці і дачкі, што жывуць у маленькай вёсцы. Маці працуе паштальёнкай, дачка — чакае яе з працы. Але аднойчы да іх прыязджае матчын ухажор. І ідылія іх жыцця разбураецца.
«Сябры по ліставанні»
«Сябры по ліставанні» расказвае пра закаханых Антона і Лізу, якія ніколі не бачылі адзін аднаго, бо жывуць у розных гарадах. Усе іх адносіны адбываліся толькі праз анлайн. Але на іх гадавіну Антон вырашае прыехаць да Лізы.
«Рэканструкцыя бяссоння»
Маці і дачка існуюць у розных рэчаіснасцях: маці — у снах, дачка — ва ўспамінах аб былой блізкасці з маці. Яшчэ адно бяссонне дачкі ператвараецца ў містычнае падарожжа па закавулках яе падсвядомасці. З гэтага і складаецца фільм «Рэканструкцыя бяссоння».
Тыя, хто знаходзіцца па-за межамі Беларусі, можа набыць фільмы «Тата», «Сябры по ліставанні», «Заплюшчы вочы», «Рэканструкцыя бяссоння» паасобку за 5$. Для гледачоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, фільмы медыятэкі VODBLISK даступныя бясплатна.
Каб не прапусціць цікавінкі беларускага кіно, падпішыцеся на сацыяльныя сеткі праекта: Instagram, Facebook, Viber. Калі вам падабаецца, што робіць каманда кінафестывалю «Паўночнае ззянне» і анлайн-кінатэатра беларускага кіно VODBLISK, вы можаце падтрымаць іх данатам.
Пры падтрымцы: LTAID — Lithuania development cooperation, CPVA — Central Project Management Agency.
Пры інфармацыйнай падтрымцы: Беларуская Рада культуры, HER Docs.