У Гродне памерла адна са стваральніц Універсітэта Трэцяга Узросту Барбара Фустачэнка

30 жніўня ў Гродне памерла доктарка медыцынскіх навук Барбара Фустачэнка, піша Hrodna.life. Ёй было 86 гадоў.

Barbara Fustačenka

Фустачэнка была вядомай грамадскай дзяячкай польскай меншасці Гродна і адной з актыўных прадстаўніц ліквідаванай уладамі Польскай Мацежы Школьнай, паведамляла Barbara Olech у Facebook.

Яна таксама была адной са стваральніц Універсітэта Трэцяга Узросту ў Гродне, які дзейнічаў пры арганізацыі і аб’ядноўваў сталых палякаў. У якасці старшыні ўніверсітэта яна арганізоўвала сустрэчы і лекцыі, дапамагала далучаць людзей старэйшага ўзросту да адукацыйнага і культурнага жыцця.

Barbara Fustačenka

Барбара Фустачэнка актыўна ўдзельнічала ў папулярызацыі польскай адукацыі і культуры ў Гродне, а таксама брала ўдзел у навуковых канферэнцыях.

Прафесійнае жыццё Фустачэнкі было цесна звязана з кафедрай біяхіміі Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта. Яна была спецыялісткай у галіне біяхіміі і адной з першых выпускніц гэтай навучальнай установы. У 1960–1970-я гады ў Гродне сфармавалася ўласная навуковая школа біяхіміі, і Фустачэнка была адной з тых, хто шмат гадоў працаваў у гэтым асяроддзі і развіваў гэты навуковы кірунак.

Знаёмыя ўспамінаюць Барбару Фустачэнку як адкрытага да дыялогу, добразычлівага чалавека з пачуццём гумару.